«Der Spiegel»: Гэта вайна супраць нас, незалежных СМІ
«Рэжым Лукашэнкі жорстка процідзейнічае незалежным журналістам, саджае іх у турмы і блакуе сайты. Нягледзячы на рэпрэсіі, многія засталіся на волі, калегі працягваюць сваю працу — і рызыкуюць усім», — піша нямецкі часопіс «Der Spiegel».
— Паміж блакітнымі і бэжавымі пліткамі адкрываецца металічная заслонка, — распавядае журналістка Крысціна Хебель. — Перад Таццянай Талкачовай з’яўляецца жанчына ў плямістай уніформе і белым халаце. «Пашпарт», — кажа, не падымаючы вачэй, супрацоўніца турмы.
Затым яна пачынае чытаць па спісе, які прынесла Талкачова: «Аднаразовыя пальчаткі...». Талкачова перадае ёй праз акенца празрысты пакет. Але яго адразу аддаюць назад. «Пальчаткі нельга», — кажа супрацоўніца, нічога не тлумачачы. Яна таксама не ўзяла маленькія фотакарткі з блакітным небам, яхтай на вячэрнім моры і рапсавым полем. «Мы прымаем толькі падпісаныя паштоўкі», — сказала яна.
У СІЗА N1 сядзіць дачка Таццяны Алена. Як доўга 31-гадовая журналістка будзе знаходзіцца за кратамі, невядома. Ёй не дазваляюць бачыцца ні з кім, нават з маці, якая, зрэшты, можа хоць бы прынесці ёй нейкія рэчы і ежу. Супрацоўнікі міліцыі забралі Алену Талкачову з яе кватэры больш за два тыдні таму.
18 траўня беларускі рэжым закрыў галоўнае незалежнае онлайн-СМІ краіны TUT.BY, арыштаваўшы 15 яго супрацоўнікаў, уключаючы Талкачову. Улады абвінавачваюць яе і галоўную рэдактарку Марыну Золатаву ў дапамозе ўхіленню ад выплаты падаткаў у асабліва буйных памерах. У Беларусі гэта караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да сямі гадоў. Як менавіта журналісткі нібыта прысвоілі сабе грашовыя сродкі, незразумела.
«Гэта ўсё абсурд, — гаворыць маці Талкачовай, пенсіянерка. — Лена ўсё-ткі журналістка. Да таго, ж яна —шараговая супрацоўніца, якое дачыненне яна мае да падаткаў? Абсалютна ніякага».
Алена рабіла сваю справу, яна ганарыцца сваёй дачкой, кажа Таццяна Талкачова. «Яна пісала аб'ектыўныя тэксты, так, задавала крытычныя, вострыя пытанні. Але ж гэта не злачынства».
Калегі падазраюць, што Алену арыштавалі, таму што яна вядомая сваімі пільнымі, часта крытычнымі расследаваннямі. Аляксандра Багуслаўская, карэспандэнтка «Deutsche Welle», называе сваю прыяцельку «адной з лепшых журналістаў у краіне»: «Я думаю, што яны хочуць прымусіць TUT.BY замаўчаць, яны арыштавалі тых калег, якія дастаўляюць больш за ўсё нязручнасцей». У мінулым годзе Талкачова, рэдактарка раздзела «Грошы і ўлада», шмат пісала пра перадвыбарчую кампанію апазіцыі, асвятляла пратэсты.
— Тое, што беларускі рэжым процідзейнічае менавіта TUT.BY, невыпадкова, — адзначае «Der Spiegel». — Да свайго закрыцця онлайн-СМІ ахопліваў амаль дзве траціны беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў і зрабіў сабе імя дзякуючы аб'ектыўным, старанна прапрацаваным артыкулам. Нават прадстаўнікі рэжыму давалі інтэрв’ю незалежнаму парталу. Зрэшты, гэта было ў іншы час — да пачатку маршаў пратэсту ў жніўні мінулага года.
Аляксандра Квіткевіч, журналістка TUT.BY, супрацоўнікі якога працягваюць публікаваць свае артыкулы ў сацсетках, гаворыць, што «ў яе, як і ў большасці калег, ужо даўно сабраная сумка з зубной шчоткай, пастай і бялізнай — на выпадак, калі яе забяруць».
Многія журналісты цяпер выдаляюць чаты ў Telegram, каб не падвяргаць нікога небяспецы. (...) Акрэдытацыі больш няма ні ў аднаго з калег з незалежных СМІ. Паводле даных Беларускай асацыяцыі журналістаў, у цяперашні час пад вартай знаходзяцца 27 журналістаў. «Гэта вайна супраць нас, незалежных СМІ», — кажа Квіткевіч.
«Ёсць шмат падстаў меркаваць, што TUT.BY неўзабаве перавядзе сваю рэдакцыю за мяжу», — гаворыць Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні асацыяцыі журналістаў.
— Маці Алены Талкачовай лічыць за лепшае не каментаваць сітуацыю з журналістыкай у краіне, — піша «Der Spiegel» напрыканцы. — Раз на тыдзень яна прыязджае ў СІЗА N1 у цэнтры Мінска, каб прывезці дачцэ ежу. «Не сумуй», — напісала ёй Алена ў апошнім лісце.
Паводле inopressa.ru, пераклад НЧ