Сцяпан Латыпаў: Усе мае дзеянні звязаныя не з «неадэкватнасцю», а з супрацоўнікамі ГУБАЗа

Суд прызначыў палітвязню Сцяпану Латыпаву судова-псіхіятрычную экспертызу

194284566_3899366446798956_4931638617435011322_n.jpg

10 чэрвеня ў 10.30 раніцы працягнецца суд над Сцяпанам Латыпавым, якога вінавацяць у супраціве супрацоўнікам органаў унутраных спраў, арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і махлярстве, здзейсненым ў асабліва буйным памеры.

Падчас мінулага пасяджэння, якое адбылося 1 чэрвеня, Сцяпан Латыпаў распавёў пра катаванні, сказаў, што 51 дзень правёў у «прэс-хаце» — камеры, дзе зняволеным ствараюцца невыносныя ўмовы ўтрымання. Пасля гэтага ён спрабаваў перарэзаць сабе горла. З суда яго забрала «хуткая», у медыцынскім цэнтры на вуліцы Сямашкі зрабілі аперацыю. Затым з бальніцы хутка перавезлі ў СІЗА №1.

11.25. Суд пастанавіў: прызначыць Латыпаву стацыянарную судова-псіхіятрычную экспертызу. Неабходна высветліць, ці есць у яго захворванне. Калі так, то ці можа ён браць удзел у судовых мерапрыемствах.

11.20. Сцяпан Латыпаў зазначыў, што ён не мае схільнасцей да суіцыду. Сцяпан прысутным сказаў, што ўсе яго дзеянні дзеянні звязаныя не з яго «неадэкватнасцю», а з супрацоўнікамі ГУБАЗа. «Раней было ўжо ўсталявана, што я не маю суіцыдальных схільнасцей. Усе мае дзеянні звязаныя з дзеяннямі супрацоўнікаў ГУБАЗіК», — гаворыць Латыпаў адвакатцы са свайго шклянога загончыка.

10.38. Суд разглядае прызначэнне псіхіятрычнай экспертызы.

Адвакатка Латыпава не згодная на правядзенне экспертызы. Кажа, што Сцяпан яе праходзіў. Суд выдаліўся, каб вынесці рашэнне.

Абвешчаны перапынак да 11.20.

10.35. Сцяпан Латыпаў звярнуўся да суду: «Высокі суд, у сувязі з тым, што супрацоўнікі СІЗА забралі ўсе матэрыялы справы, прашу аб перапынку для разгляду справы». Суддзя адхіліў гэту просьбу.

10.30. Распачалося судовае пасяджэнне. Сяцпана Латыпава змясцілі за шкляную агароджу, з ім там сядзяць два супрацоўнікі міліцыі

10.15. Людзей не пускаюць у будынак суда. Каля ўваходу стаяць каля 15 чалавек. Кажуць, праз эпідэміялагічную сітуацыю.

10.10. Перад заляй суду над Латыпавым прысутнічае прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза і амбасады Швецыі. «Мы спрабуем сачыць за яго справай», — абяцаюць дыпламаты. Кажуць, што не ведаюць, ці застануцца на пасяджэнне, але, прынамсі, падтрымаюць сваякоў.


aux_1601042226_photo_2020_09_25_15_47_02.jpg


Нагадаем, Сцяпану Латыпаву інкрымінуюць тры артыкулы Крымінальнага кодэкса:

  • ч. ч. 1, 2 арт. 342 («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту і арганізацый, і актыўны ўдзел у такіх дзеяннях»);
  • 363 («Супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку»);
  • 209 («Махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры»).

Сцяпан Латыпаў быў затрыманы ў верасні мінулага года. Неўзабаве пасля затрымання ў выпуску навін на тэлеканале «Беларусь-1» сцвярджалася са спасылкай на МУС, што мужчына збіраўся выкарыстаць супраць сілавікоў атруту. Аднак у канчатковым паведамленні СК аб завяршэнні расследавання справы гэтая версія адсутнічае.

У ім гаворыцца, што, паводле матэрыялаў крымінальнай справы, у жніўні 2020 года Сцяпан Латыпаў аб'яднаў вакол сябе групу грамадзян для супольнага ўдзелу ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, стварыў у Telegram чат, дзе размяшчаў адпаведныя заклікі. Акрамя таго, следства сцвярджае, што Латыпаў арганізоўваў сустрэчы ўдзельнікаў групы, распаўсюджванне агітацыі, нанясенне малюнкаў і надпісаў на фасады.

«Названыя дзеянні прывялі да фарміравання ў прыцягваемых асоб гатоўнасці і жадання ўдзельнічаць у названых супрацьзаконных дзеяннях, калі гэта спатрэбіцца, а таксама да стварэння ў грамадзян пратэснага настрою», — мяркуюць следчыя.

Таксама Латыпаву ставяцца ў віну стварэнне майстэрняў па вырабе сімволікі, арганізацыя збору грошай на гэтую дзейнасць, апавяшчэнне пра акцыі тэлеграм-каналаў.

Сцвярджаецца, што ён 15 верасня аказаў «актыўны супраціў супрацоўнікам міліцыі, спалучаны з ужываннем гвалту», «пры зносінах з супрацоўнікамі міліцыі заўсёды паводзіў сябе задзірліва і агрэсіўна, спрабуючы прыцягнуць увагу грамадскасці для пераймання і ўключэння іншых асоб у сваю супрацьпраўную дзейнасць». 15 верасня Латыпаў стаў на абарону мурала з «дыджэямі перамен» у двары па вуліцы Чарвякова.

Акрамя таго, у следчых узніклі прэтэнзіі да гаспадарчай дзейнасці Сцяпана Латыпава. Яму ставіцца ў віну завалоданне сродкамі на суму больш за 123 тысячы рублёў 16 юрыдычных асоб «пад выглядам ажыццяўлення законнай дзейнасці, шляхам падману і ўвядзення ў зман» у перыяд з красавіка 2019 года па верасень 2020 года.

Следства лічыць, што яму ўдалося даказаць увядзенне ў зман кліентаў. Нібыта Латыпаў паведамляў ім загадзя ілжывыя звесткі аб апрацоўцы баршчэўніка дарагім і высакаякасным сродкам.