Пасля абвяшчэння прысуду палітвязень крыкнуў: «Вы за ўсё адкажаце!»

На 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі палітвязняў — валанцёраў штаба Віктара Бабарыкі, паведамляе «Еўрарадыё».

Палітвязні ў судзе / «Белсат»

Палітвязні ў судзе / «Белсат»

У Мінску чацвёра палітвязняў асуджаны на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму (менавіта такі тэрмін прасіў пракурор Раман Бізюк). Гэта валанцёры штаба Віктара Бабарыкі: Ігар Ярмолаў, Дзмітрый Канапелька, Уладзіслаў Карэцкі і Мікалай Сасеў. 

Іх справу разглядаў суд Маскоўскага раёна. 10 жніўня суддзя Святлана Бандарэнка агучыла прысуд. Яна прызнала мужчын вінаватымі ў «падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў» і «навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках».

Аўтамабіль «KIA Rio» маці Ярмолава канфіскуюць у даход дзяржавы, паведамляе @viasna96.

Суд пачаўся ў красавіку. Мужчын абвінавацілі ў набыцці... лазарных указак. Іх і іншыя купленыя прадметы мужчыны ў жніўні 2020-га нібыта прывезлі на згаданым аўтамабілі да месца, дзе адбываліся «масавыя беспарадкі». Палітвязні сваёй віны не прызналі.

Ігара Ярмолава падчас затрымання 12 жніўня мінулага года супрацоўнікі міліцыі жорстка збілі, зламалі рэбры, у яго было страсенне галаўнога мозгу. Тыдзень ён праляжаў у шпіталі МУС.

«Вы за ўсё адкажаце!» — выкрыкнуў пасля абвяшчэння прысуду Ігар Ярмолаў, а потым прачытаў верш Уладзіміра Караткевіча «Паўлюк Багрым».