«Прапанавалі раскаяцца і прызнацца ў здзейсненым». Што вядома пра памілаванне палітвязняў?

Нядаўна ў беларускіх СМІ з’явілася інфармацыя, што палітычным зняволеным прапануюць напісаць просьбу аб памілаванні. МУС зняпраўдзіла чуткі, што гэтым займаюцца супрацоўнікі Чырвонага Крыжа, аднак сам факт прапаноў аб памілаванні ні пацвярджаць, ні зняпраўджваць не стала. Затое яго пацвярджаюць сваякі асуджаных.

eht7hgcwsaksuwg.jpg


Reform.by сабраў інфармацыю пра падобныя выпадкі, высветліў, у якіх калоніях яны мелі месца, і разабраўся ў самой працэдуры памілавання. Спойлер: прызнанне віны для памілавання не абавязковае, але пажаданае.


Ці праўда, што палітвязням прапаноўваюць напісаць прашэнне аб памілаванні? Як шмат такіх выпадкаў?

Reform.by апытаў сваякоў 150 людзей, асуджаных па палітычных матывах. З іх 21 чалавек пацвердзілі, што іх родным прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні. Гэтыя 21 ўжо асуджаныя і адбываюць пакаранне ў калоніях. І ўсе яны мужчыны — пра прапановы памілавання жанчынам пакуль што невядома. Большасць асуджаных сказалі, што абмяркуюць са сваякамі, ці пісаць ім такое прашэнне. Некаторыя адразу адмовіліся — вядома пра чатыры такія выпадкі. У двух з іх людзі асуджаны па артыкуле аб масавых беспарадках.


Адкуль сваякі даведаліся?

З лістоў і званкоў, а таксама з сустрэч з адвакатамі і спатканняў. Важна браць пад увагу, што ў многіх асуджаных — праблемы з перапіскай, лісты да іх і ад іх часта не даходзяць, таму іх сем’і могуць быць не ў курсе прапаноў аб памілаванні. Таксама да некаторых, у прыватнасці ў жаночую калонію, адвакатам апошнім часам трапіць не ўдалося, паведамілі сваякі, таму інфармацыі ад жанчын няма.


Хто прапаноўваў прасіць памілавання?

Асуджаныя распавялі сваякам, што напісаць прашэнне аб памілаванні ім прапаноўвалі работнікі Дэпартамента выканання пакаранняў (падраздзяленне МУС, якое кіруе калоніямі, турмамі і г. д.) і супрацоўнікі пракуратуры. Прыводзім некаторыя цытаты:

  • «У траўні да мужа ў калонію прыязджаў пракурор, прапанаваў раскаяцца і прызнацца ў зробленым і напісаць на памілаванне. Муж катэгарычна адмовіўся. Ён асуджаны на 2,5 гады».
  • «У траўні асабіста да брата ў калонію прыехаў чалавек, які прадставіўся пракурорам, і правёў з ім гутарку. Пракурор прапанаваў напісаць аб памілаванні. Брат так і зрабіў, бо губляць, па факце, няма чаго. Гэта ўсё адбылося бліжэй да канца траўня».
  • «Мы ведаем толькі з ліста, што да мужа прыходзілі пагаварыць работнікі Дэпартамента выканання пакаранняў. Прапаноўвалі напісаць заяву на памілаванне. Муж адмовіўся. У яго спыталі чаму, ён сказаў, што мае права адмовіцца і не тлумачыць прычыну».

minsk_2048x1359.jpg


Асуджаным па якіх артыкулах прапануюць памілаванне?

З тых людзей, чые блізкія пацвердзілі Reform.by факт прапаноў, большасць былі асуджаныя па артыкуле 293 КК «Масавыя беспарадкі», тэрміны ў іх — ад 5 гадоў.

Таксама сярод гэтых 21 чалавека ёсць асуджаныя:

  • па артыкуле 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» на 3 гады пазбаўлення волі;
  • па артыкуле 364 «Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» на 2,5-3 гады пазбаўлення волі;
  • па артыкуле 218 «Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці» на 1 год пазбаўлення волі.


У якіх папраўчых установах былі прапановы аб памілаванні?

На дадзены момант ад крыніц Reform.by вядома пра наступныя ўстановы, куды прыязджалі да асуджаных з гутаркай аб памілаванні:

  • Турма № 8, Жодзіна;
  • Папраўчая калонія № 1, Наваполацк;
  • Папраўчая калонія № 2, Бабруйск;
  • Папраўчая калонія № 3, Віцебск;
  • Папраўчая калонія № 5, Івацэвічы;
  • Папраўчая калонія №15, Магілёў;
  • Папраўчая калонія № 17, Шклоў.


А ці ёсць тыя, хто прасіў аб памілаванні па ўласнай ініцыятыве?

Ёсць. Алена Маўшук, асуджаная па «пінскай» справе на 6,5 гадоў. Дачка Алены, Юлія, была на кароткатэрміновым спатканні з ёй і распавяла Reform.by, што маці сама вырашыла напісаць прашэнне аб памілаванні і папрасіла родных дапамагчы сабраць усе неабходныя хадайніцтвы і паручальніцтвы.

Таксама дакументамі аб памілаванні зараз займаецца Вольга Гопта, маці 21-гадовага палітвязня Дзмітрыя Гопты. Нагадаем, у лютым суд прысудзіў яго да 2 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у пратэстах 10 жніўня ў Жлобіне. У Дзмітрыя Гопты афіцыйна дыягнаставаная разумовая адсталасць, і ён падпісаў усе прызнальныя паказанні, якія яму склалі ў міліцыі. Пры гэтым экспертыза прыйшла да высновы, што, нягледзячы на праблемы з псіхікай і свой дыягназ, Гопта можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Вольга асцерагаецца за здароўе сына і таму сама вырашыла заняцца працэсам памілавання. Паводле яе звестак, да Дзімы з такой прапановай у калоніі ніхто не звяртаўся.

«Прашу мяне зразумець правільна. Для Дзімкі цяпер гэта адзіны шанец выйсці адтуль. З яго дыягназамі я не ведаю, колькі ён можа вытрымаць. Зараз збіраю ўсе неабходныя дакументы. Прашэнне аб памілаванні я адвезла сыну яшчэ 26 траўня. Трэба яшчэ маё асабістае даручальніцтва з даведкай ад міліцыі, што я не судзімая, і хадайніцтва ад любой арганізацыі ці хаця б ад калектыву грамадзян. З хадайніцтвам праблемы, таму што многія арганізацыі баяцца яго падпісваць», — падзялілася з Reform.by Вольга Гопта.

3fa608464e5dac3145c20bcbdd02944d.jpg


Як наогул ажыццяўляецца працэс памілавання?

Пра гэта Reform.by распавёў Павел Сапелка, юрыст пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна».

— Калі чытаць Крымінальны кодэкс Беларусі, то на працэс памілавання можа падаць кожны зняволены. Ёсць артыкул 96, у якім коратка напісана, што памілаванне ажыццяўляецца прэзідэнтам у індывідуальным парадку і што памілаванне не азначае адразу вызваленне. Гэта можа быць і частковае вызваленне, і замена пакарання больш мяккім, і зняцце судзімасці. Але ёсць дакумент, які ўрэгуляваў падачу хадайніцтваў для памілавання. Згодна з гэтым дакументам, любы асуджаны чалавек можа звяртацца з хадайніцтвам аб памілаванні, але да разгляду дакументаў прэзідэнтам іх яшчэ разглядае спецыяльная камісія, склад якой зацвярджаецца таксама прэзідэнтам (апошні раз склад змяняўся ў пачатку 2020 года. — заўв. Reform.by).

Аднак і ў камісію звароты зняволеных трапляюць таксама не наўпрост, а праз адміністрацыю той установы, дзе вязень адбывае пакаранне. І ёсць пэўныя абмежаванні. Напрыклад, калі зняволеныя не пакрылі пэўную шкоду, калі да іх раней ужывалася амністыя, калі яны злосныя парушальнікі, то хадайніцтвы такіх людзей накіроўваюцца ў камісію толькі ў выключных выпадках. І гэтыя выпадкі вызначае адміністрацыя калоніі, менавіта ад іх залежыць, патрапіць чалавек на камісію аб памілаванні ці не.

26 сакавіка гэтага года Лукашэнка падпісаў указ №122, накіраваны на «ўдасканаленне інстытутаў дасудовага вызвалення і памілавання». Указам быў уведзены пункт, што асуджаны можа да хадайніцтва аб памілаванні прыкладаць паручальніцтва, якое могуць даваць сваякі, былыя калегі па працы і вучобе. Гэта неабавязковы дакумент, але ён павышае шанцы на памілаванне. У красавіку, калі указ уступіў у сілу, МУС устанавіла форму асабістага паручальніцтва.

Для заявы на памілаванне канкрэтнай формы не існуе — гэта ўжо як сам асуджаны напіша. Але ва ўказе ёсць пункт, у якім гаворыцца, што пры разглядзе хадайніцтваў аб памілаванні прымаюцца пад увагу: характар і ступень грамадскай небяспекі, асоба асуджанага і яго стаўленне да зробленага, пакрыццё маёмаснай і маральнай шкоды, нанесенай злачынствам, паводзіны асуджанага, яго стаўленне да працы, удзел у працы, самадзейнасці ў калоніі, меркаванне адміністрацыі калоніі пра асуджанага. Калі зняволены хоча павысіць шанцы на памілаванне, то чалавеку трэба пісаць усё, што можа гэтыя шанцы павысіць. Трэба пісаць і пра раскаянне, калі ён раскайваецца, і пра наяўнасць праблем са здароўем, і пра наяўнасць праблем у сям'і.

Камісія па памілаванні збіраецца не радзей чым раз у квартал. Цяпер ходзяць чуткі, што тых, хто асуджаны па палітычных матывах і напісаў хадайніцтва, могуць памілаваць да 3 ліпеня. Думаю, што ў гэтым выпадку камісію можна сабраць і за адзін дзень, і ўсе працэдуры зрабіць за дзень.

Памілаванне набывае моц, як толькі падпісаны ўказ паступае ў месца пазбаўлення волі. Дарэчы, ацаніць, як часта ў Беларусі адбываецца памілаванне зняволеных, вельмі складана, таму што ўказы аб памілаванні нідзе не публікуюцца.

Трэба разумець, што, калі ўмешваецца палітычны складнік, працуюць зусім іншыя механізмы. Напрыклад, Генпракуратура дакладна ведае, колькі людзей сядзяць па палітычных матывах. У гэтыя спісы ўваходзяць і тыя, каго праваабаронцы не прызналі палітычнымі вязнямі (палітвязнямі ў Беларусі не прызнаюць людзей, якія ўжывалі гвалтоўныя дзеянні. — Заўв. Reform.by). І пракуратура ведае, каго з «палітычных» можна схіляць да прашэння аб памілаванні, таму што многія з гэтых людзей ужо атрымалі сваю долю жаху. Але, наогул, глядзіце: у Крымінальным кодэксе няма ні слова пра хадайніцтва аб памілаванні. Таму і без хадайніцтваў палітвязняў Лукашэнка цалкам спакойна можа памілаваць увесь спіс людзей, якіх можа падаць на памілаванне сама ж Генпракуратура. У 2011 годзе многіх палітвязняў вызвалялі без прашэнняў аб памілаванні. І цяпер назіраюцца падобныя працэсы. Усім было зразумела, што калі-небудзь палітвязнямі пачнуць спекуляваць.

Мы ведаем, што цяпер адбываецца ў калоніях і ізалятарах адносна палітычных зняволеных. Там людзі пакутуюць, марнуюць сваё здароўе, фізічнае і псіхічнае. Урэшце, нам потым жыць з гэтымі людзьмі. Папракаць людзей, якія хочуць выжыць і хутчэй выйсці, — амаральна. І асабіста я лічу, што адтуль трэба сыходзіць любымі спосабамі. І калі прапануюць пісаць на памілаванне, то, напэўна, варта напісаць.

Пераклад НЧ