«Яму вельмі дапамагае падтрымка ўсіх вас!»

У судзе Савецкага раёна Мінска 10 чэрвеня працягнуўся суд на палітвязнем Сцяпанам Латыпавым. Прайшло дзесяць дзён пасля таго, як Сцяпан падчас першага судовага пасяджэння перарэзаў сабе горла асадкай.

Сцяпан Латыпаў у судзе 1 чэрвеня

Сцяпан Латыпаў у судзе 1 чэрвеня


— Тое, што здарылася са Сцяпанам, я асэнсавала толькі праз некалькі дзён, — распавядае перад пачаткам пасяджэння цётка Сцяпана Галіна. — Я паехала палоць градкі, каб хоць неяк супакоіцца.

Галіна сказала, што адзенне, у якім Сцяпан быў на пасяджэнні 1 чэрвеня, забралі на экспертызу, а джынсы, у якіх ён быў, парвалі, калі даставалі параненага зняволенага з клеткі. Галіна кажа, што вядома, што Сцяпан знаходзіўся ў камеры санчасткі, а ўчора хлопца перавялі ў іншую камеру. Як мінімум на працягу сарака хвілін кожны дзень зняволенага аглядаюць у СІЗА.

Другое пасяджэнне суда было адкрытае, аднак недзе за паўгадзіны да яго пачатку ў будынак суда перасталі пускаць людзей — нібыта па прычыне кепскай эпідэміялагачнай сітуацыі. Некалькі дзясяткаў людзей, што прыйшлі падтрымаць Сцяпана, чакалі вынікаў за турнікетамі.

У залі суда Сцяпан сядзеў у шкляной клетцы. Яго рукі ў кайданках былі прыкаваны да двух супрацоўнікаў міліцыі, якія сядзелі паабапал. На шыі Сцяпана быў бачны шрам. Зняволены адразу вачыма стаў шукаць сяброў, кіўком галавы з імі вітаўся. Незадоўга да пасяджэння Сцяпан папрасіў сяброў перадаць яму маску з выявай вожыкаў, якіх ён вельмі любіць. Яго сяброўкі зрабілі такія маскі не толькі Сцяпану, але і сабе. Галіна прыйшла падтрымаць пляменніка з майкай з надпісам «Беражыце вожыка!».

20210610_113244_logo.jpg

На пачатку пасяджэння Сцяпан заявіў хадайніцтва аб перапынку на азнаямленне з судовай справай. Паводле яго слоў, супрацоўнікі СІЗА забралі ўсе матэрыялы справы. Суд хадайніцтва адхіліў і адразу падняў пытанне аб прызначэнні Латыпаву судова-псіхіятрычнай экспертызы. Свайму адвакату Сцяпан сказаў, што раней устанавілі, што ён не мае суіцыдальных схільнасцей: «Усе мае дзеянні звязаныя не з маёй неадэкватнасцю, а з супрацоўнікамі ГУБАЗіКа».

У выніку суд усё ж прызначыў Латыпаву паўторную стацыянарную судова-псіхіятрычную экспертызу ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Экспертыза мусіць высветліць, ці мае Сцяпан нейкае псіхіятрычнае захворванне і ці можа ён прымаць удзел у судовых мерапрыемствах. На гэтым пасяджэнне суда скончылася.

Сваякі Сцяпана кажуць, хоць Сцяпан і супраць правядзення паўторнай экспертызы, аднак сама працэдура досыць стандартная:

— Гэта дастаткова распаўсюджаная працэдура, яна нічога не азначае, — кажа Галіна. — Суд лічыць, што ўчынак, які Сцяпан здзейсніў 1 чэрвеня, мог адбіцца на яго стане. Але ён нармальна сябе адчувае. Адзінае, канешне, незадаволены з-за таго, што быў прыкаваны кайданкамі да двух ахоўнікаў, якія сядзелі з ім у «клетцы».

У залі судовых пасяджэнняў Сцяпан сказаў адвакату, што 1 чэрвеня падчас правядзення яму аперацыі медыкі знайшлі ў яго астаткавую пнеўманію. Прытым, на каронавірус палітвязень хварэў яшчэ ў студзені. У СІЗА яму сталі калоць антыбіётыкі, даваць парацэтамол і АЦЦ. Аднак карыстацца сваімі прэпаратамі Сцяпану не дазваляюць. Таксама ў Латыпава пачаліся сутаргі. «Два дні таму я выпрасіў панангін, але прэпараты з кальцыем мне не даюць».

З прадуктамі і харчаваннем у Сцяпана праблем няма. Кажа, што яму перадаюць сала. Паскардзіўся палітвязень на тое, што ў яго камеры няма акна, таму не хапае свежага паветра.


— Як можна жыць у такіх умовах? — разважае Галіна. — Сцяпан трымаецца, бо ён моцны чалавек. Але яму вельмі дапамагае падтрымка ўсіх вас! Я не ўяўлю, як без вашай падтрымкі можна было б вытрымаць усе дзесяць месяцаў знаходжання за кратамі…

На працэс прыйшлі прадстаўнік амбасады Швецыі і намесніца кіраўніка прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі Эвеліна Шульц. «Мы спрабуем сачыць за справай Сцяпана», — сказала спадарыня Шульц. Сваёй прысутнасцю на судовым пасяджэнні дыпламаты хацелі паказаць Сцяпану, што яны падтрымліваюць палітзняволенага.

Нагадаем, Сцяпана Латыпава вінавацяць у супраціве супрацоўнікам органаў унутраных спраў, арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і махлярстве, здзейсненым ў асабліва буйным памеры.