«Хімія», або ГУЛАГ у цэнтры Еўропы. Шчыры расповед асуджанага палітвязня

Палітычны зняволены (яго імя ёсць у рэдакцыі «Радыё Свабода»), якому сёлета прысудзілі «хімію», ананімна расказаў пра свой досвед адбывання гэтага распаўсюджанага пакарання. Публікуем яго аўтарскі расповед.

ПУАТ №52, фота intex-press.by

ПУАТ №52, фота intex-press.by


Я «заехаў» на «хімію» гэтай вясной. Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу, куды мяне накіравалі, знаходзіцца на адлегласці некалькіх соцень кіламетраў ад майго роднага горада. Назіраючы за іншымі палітычнымі зняволенымі, я зразумеў, што ўсіх мэтанакіравана накіроўваюць як мага далей ад дома, каб стварыць дадатковыя складанасці. Сям’я, малалетнія дзеці, пастаяннае месца працы і медыцынскія супрацьпаказанні значэння не маюць. Думаю, ёсць такая ўстаноўка зверху, бо выпадкаў, калі «палітычных» пакідаюць у родным горадзе, я не ведаю.
«Палітычныя» тут значна адрозніваюцца ад традыцыйнага кантынгенту: не лаюцца, да агрэсіі не схільныя. Тым не менш, усіх нас, незалежна ад наяўнасці парушэнняў рэжыму, цягам двух тыдняў ставяць на прафілактычны ўлік. Ёсць звесткі пра нейкую закрытую інструкцыю МУС для ўнутранага карыстання, якая рэгулюе пастаноўку на такі ўлік.
Палітычных сёння, паводле маіх назіранняў, на ўсіх «хіміях» ад 15 да 20%.
Што значыць прафілактычны ўлік?
Адразу выдаюць жоўтыя біркі, якія ты абавязаны павесіць на ложак і на тумбачку. У простых зэкаў біркі не маюць колеру. У схільных да ўцёкаў чырвоная бірка.
Усіх, хто стаіць на ўліку, абавязваюць кожную гадзіну распісвацца ў камендатуры (адзначацца), пры гэтым трэба гучна казаць сваё прозвішча і, каб усе чулі, — «схільны да экстрэмізму і дэструктыўных дзеянняў».
Асобы, якія знаходзяцца на ўліку, не маюць права без суправаджэння супрацоўнікаў пакідаць папраўчую ўстанову (ПУАТ). Нават па лекі і малако. Жаданне кудысьці хадзіць з падкантрольным у адміністрацыі ўзнікае рэдка і пасля мноства просьбаў.
Тым, хто на прафілактычным уліку, складана трапіць на ўмоўна-датэрміновае вызваленне (УДВ). Думаю, гэтая мера з'яўляецца дадатковым фільтрам ад выхаду праціўнікаў дзеючай улады на свабоду. Паводле непацверджанай інфармацыі, ёсць указанне «палітычным» на УДВ шлях закрыць на любой падставе, нават калі не будзе парушэнняў. Гэта зрабіць лёгка, таму што цалкам аддадзена на меркаванне начальніка ПУАТ, які проста прыйдзе да высновы, што ты «не стаў на шлях выпраўлення», не трэба нават штосьці абгрунтоўваць.
На кожным шыхтаванні падкантрольныя мусяць гучна пры ўсіх назваць прозвішча і дадаць: «Схільны да экстрэмізму і дэструктыўных дзеянняў». Такім чынам адміністрацыя ПУАТ спрабуе вылучыць «палітычных» сярод астатняга крымінальнага кантынгенту з мэтай прынізіць.
Як праходзіць камісія на пастаноўку асуджанага на прафілактычны ўлік. Сакратар камісіі — як правіла, опер, — падае запіску на пастаноўку асуджанага на прафілактычны ўлік. Збіраецца камісія — у нашым выпадку, адміністрацыя ПУАТ, — галасуюць. Галасаванне фармальнае, ніякага разгляду справы няма, усё адбываецца аднагалосна. Тое, што гэта з'яўляецца парушэннем, супрацоўнікі не разумеюць.
Што тычыцца любых заяў ад вязняў, магу сказаць наступнае. Можна пісаць заяву, але яе могуць праігнараваць, заява ад асуджанага нідзе не рэгіструецца. Толькі з волі ёсць шанец. Такім чынам, становішча такое, што асуджаны можа толькі прасіць, паддобрывацца да начальства, «знаходзіць падыход». Тычыцца гэта ўсяго.

«Палітычным "хімікам"», якіх ставяць на прафілактычны ўлік, выдаюць жоўтыя біркі

«Палітычным "хімікам"», якіх ставяць на прафілактычны ўлік, выдаюць жоўтыя біркі

Часам прыязджаюць праверкі з УДВП (упраўленне Дэпартамента выканання пакаранняў), пытаюцца, ці ёсць скаргі. Ніхто не скардзіцца, бо разумеюць, што ў лепшым выпадку, калі праверка з'едзе, табе не дадуць нажа парэзаць каўбасу. Або будуць праяўляць асаблівую ўвагу з відэакамерай, каб выпісаць парушэнне і адправіць у калонію на 3 гады.
Нажы, дарэчы, нам не дазволеныя, іх трэба прасіць у супрацоўніка кожны раз, калі трэба нешта адрэзаць. Супрацоўнік можа адмовіць, спаслаўшыся на занятасць, і будзеш сядзець галодны. Паклічуць на працу — так і паедзеш не паснедаўшы. Такая сітуацыя задавальняе УДВП: ніхто не скардзіцца — значыць, усё добра. Я думаю, пра тое, што адбываецца ў іх ведамстве, яны дазнаюцца з тэлеграм-каналаў, калі нехта ўжо здзейсніць суіцыд або абвесціць галадоўку, калі дойдзе да краю.
Усім «хімікам» днём нельга ляжаць і сядзець на ложку з 06:00 да 22:00, толькі сядзець на табурэце. Ад гэтага «пяты пункт» дранцвее. Гэта ж і з'яўляецца самым распаўсюджаным парушэннем. Прыйшоў чалавек стомлены з працы, яго знялі лежачы або седзячы на ложку на нагрудную камеру — і выпісалі парушэнне.
Пры гэтым, калі хто-небудзь з супрацоўнікаў уваходзіць, трэба ўставаць. Простаму сяржанту з вёскі гэты працэс вельмі падабацца: ён заходзіць — і перад ім устаюць гэтыя ўсе інтэлігенты, якія сядзяць па палітычных артыкулах. Таму да нас за гадзіну могуць зайсці ў пакой па тры разы.
Што да працы, у нас гэта адзін вялікі калгас. Паляводу плацяць каля 60 капеек за гадзіну, што ніжэй за мінімалку. Праца палявода — у тым, каб ісці за трактарам і збіраць камяні. Адмовіцца ад працы нельга, гэта парушэнне. Знайсці працу самому не забаронена, але на практыцы такога не адбываецца, таму што адміністрацыя ПУАТ адмаўляе ў гэтым праве. Ім так прасцей.
Абскардзіць такія адмовы нельга, таму што фармальна самому знайсці працу не забаронена, але ўсё роўна на «усмотрение» ПУАТ, які не «усматривает». Такая сітуацыя на ўсіх «хіміях».
Калі накіруюць жывёлаводам, там заработная плата большая за мінімалку. Але тут ужо ёсць пару «палітычных», якім 2 месяцы не даюць працы нават за гэтыя капейкі. Я думаю, што ёсць дамоўленасці паміж адміністрацыяй ПУАТ, якія пастаўляюць у калгас танную працоўную сілу.
Для разумення: «палітычныя» працуюць на такіх работах, на якіх нават мясцовыя сельскія жыхары працаваць не згаджаюцца. Ды і моладзі мясцовай тут мала, многія з'ехалі, і мясцовы калгас жыве за кошт рабскай працы асуджаных. Гэта і ёсць пакаранне: не проста абмежаваць свабоду, але і паставіць асуджанага і яго сямʼю ў сацыяльна небяспечнае становішча, без самастойнага права выбару месца працы. «Палітычным» гэта асабліва цяжка, бо на волі большасць з іх былі занятыя кваліфікаванай працай.
Што тычыцца медыцынскіх супрацьпаказанняў да той ці іншай працы. Супрацоўнікі ПУАТ перад працаўладкаваннем усіх возяць на медагляд, і яны ж знаходзяцца ў кантакце з мясцовай паліклінікай. Супрацоўнік ПУАТ, які загадвае кадрамі, усяляк імкнецца засцерагчы «хімікаў» ад зносін з лекарамі, каб тыя не мелі магчымасці скардзіцца на здароўе, прыкладаць нейкія даведкі з волі або супрацьпаказанні да фізічнай працы. Камісія праходзіць такім чынам, што частка лекараў могуць падпісаць паперы, не гледзячы на пацыента. Пры гэтым я заўважыў, супрацоўнікі ПУАТ сумняваюцца ў лаяльнасці лекараў, якія могуць паставіць абмежаванні, што дазваляюць пазбегнуць рабства.
Для прыкладу, тут працуе паляводам самы сапраўдны дзед, не ведаю, колькі яму гадоў, але ён стары. Дапамогі з волі яму чакаць няма адкуль, а за камендатуру трэба плаціць. Ёсць асуджаны з медыцынскімі абмежаваннямі да фізічнай працы, але без групы інваліднасці. Ён 4 месяцы без працы. Робіць брудную работу, і яму скідваюць патроху тыя, хто працаўладкаваны, каб ён мог купіць сабе ежы.
Тыдзень таму быў выпадак вытворчай траўмы ў хлопца. Паколькі ПУАТ сябруе з мясцовым калгасам-працадаўцам, хлопцу быў намёк, што будуць створаны непераадольныя цяжкасці, калі ён скажа, што траўма здарылася не па-за межамі вытворчасці.
Дарэчы, за камендатуру асуджаныя абавязаныя плаціць у любым выпадку, нават калі ПУАТ не дае працы. Як і купляць сабе харчы, сродкі гігіены і іншае.
Лісты ў ПУАТ варта слаць толькі заказныя. У нас, «палітычных», большасць простых лістоў прападае. Гэта не жарт, менавіта большасць. Даказаць ці спагнаць з некага немагчыма. У адміністрацыі ПУАТ паціскаюць плячыма і кажуць, што не атрымлівалі. Магчыма, у іншых «хіміях» сітуацыя іншая.
І пад канец мая субʼектыўная думка: «хімія» сёння з'яўляецца месцам, дзе выкарыстоўваецца праца паднявольных людзей, у тым ліку палітычных вязняў. Калі «Yara» праводзіць праверку па факце парушэнняў правоў працоўных на «Беларуськаліі», то што казаць аб прадпрыемствах, якія выкарыстоўваюць рабскую працу людзей, што пацярпелі ад палітычных рэпрэсій? Думаю, такія кампаніі павінны падпадаць пад санкцыі нароўні са спонсарамі рэжыму.