Алег Рубец: «Вельмі вас прашу на судзе трымаць сябе ў руках»
Алег Рубец у лютым абвясціў галадоўку і трапіў у карцар. Вячаслаў Рагашчук, якога збівалі некалькі дзён, перанёс мікраінсульт, у медыцынскім абследаванні яму адмаўляюць. Сяргей Ляжэнка супакойвае, што ў яго ўсё добра, і «чакае вясны». Родныя распавялі пра стан палітвязняў «пінскай справы» і свае чаканні.
«Пінская справа» перададзена ў суд. Па гэтай крымінальнай справе праходзіць 14 чалавек. Адзін пад хатнім арыштам, астатнія — у СІЗА. Праваабаронцы прызналі зняволеных палітвязнямі.
Галадоўка і карцар
Галадоўку Алег Рубец абвяшчаў у знак пратэсту — супраць таго, што яму не даходзяць лісты. Ні яго лісты сябрам, ні яму ад сяброў. «Ад нас яшчэ з горам напалам, ад сваякоў, ад мамы, ад таты даходзяць, а больш ні ад каго, — распавяла Таццяна, другая маці Алега. — Ён спрабаваў высветліць гэтае пытанне ў адміністрацыі. Не атрымаў адказу, вырашыў выказаць свой пратэст у такой форме. Пяць дзён галадаў».
І быў змешчаны ў карцар на 6 сутак. Паводле афіцыйнай версіі, ён парушыў рэжым. Не ўстаў раніцай з ложка.
Затрымалі Алега 10 жніўня разам з сябрам Даніілам Богнатам. Пры затрыманні, паводле слоў сведкаў, жорстка збілі. У будынку ГАУС і ІЧУ (вул. Кірава, 53) яны правялі чатыры дні. Ніякай інфармацыі родным не давалі. На чацвёртыя суткі пазваніла адвакатка і патлумачыла, што Алег затрыманы. Яму прад’яўлена абвінавачанне па ч.2 арт.293 — «Удзел у масавых беспарадках».
Паводле неафіцыйных дадзеных, больш за 400 чалавек прайшлі праз рэпрэсіі мясцовых органаў міліцыі. Хлопцы, якія адсядзелі трое сутак і атрымалі адміністрацыйныя штрафы, распавялі, што Алег і Данік былі збітыя супрацоўнікамі міліцыі.
З 14 жніўня Алег знаходзіцца ў СІЗА ў Баранавічах. Спатканняў з роднымі не даюць. «Ён у нас хлопец дастаткова моцны. Праўдаруб, вельмі прынцыповы. Ну і смелы ён хлопец у нас, — кажа Таццяна. — Перажываем за здароўе, ён астматык. Лекі дазволілі перадаць. За гэты перыяд ён памяняў каля дзясятка камер. Часам нават некалькі разоў на тыдзень пераязджае з камеры ў камеру. “Кругасветка” ў яго такая. Уключаюць ім радыё на ўсю гучнасць. З гімнам, як ён сказаў, устае. Потым у іх па раскладзе ранішняя праверка праходзіць, “шмон”. Кніжкі чытае. У адным з лістоў напісаў, што вельмі хоча прачытаць кніжку “Архіпелаг ГУЛАГ”. І мы адправілі яму гэтую кніжку па пошце. Больш за месяц не выводзяць на прагулку. Перасталі прымаць вітаміны ў перадачах».
Як паведамляюць сваякі, палітвязні пастаўленыя на «прафілактычны ўлік». Кожную раніцу падчас праверкі павіны казаць адну фразу: пра схільнасць да захопу закладнікаў і праяў агрэсіі. «Даслоўна я не магу сказаць, як яна гучыць. Сэнс у тым, што схільны да захопу адміністрацыі, да тэрарыстычных дзеянняў, да беспарадкаў», — адзначыла Таццяна.
Алег Рубец скончыў Пінскі прафесійна-тэхналагічны каледж машынабудавання па спецыяльнасці «Трактарыст».
Таццяна выхоўвала Алега з 9 гадоў. Ён і старэйшы брат выказалі жаданне жыць з бацькам, калі той разводзіўся з іх маці. «З першых дзён мы з Алегам зблізіліся, — сказала Таццяна. — Хоць я яго і не нараджала, але ён маё дзіця. Родны, блізкі чалавек, за якога ў мяне вельмі моцна баліць душа. Як за сваіх дзяцей, я не дзялю іх».
26 лютага Алегу Рубцу спаўняецца 19 гадоў.
«Славу білі больш за дзесяць супрацоўнікаў. На сінім целе з’яўляліся чорныя сінякі»
Вячаслаў Рагашчук быў затрыманы 10 жніўня ў 22:30 на вачах сястры Кацярыны: «Каля майго дома. Я выйшла яму насустрач са сваім сынам. Пад’ехала машына, мяне “за шкуру” адкінулі, сына майго адкінулі, ён упаў. Славіка закруцілі. Быў такі “хапун”. Яны проста ўсіх туды, на Кірава, 53, кідалі, кідалі, кідалі».
З роднымі звязаўся хлопец, які сядзеў з Вячаславам Рагашчуком у пінскім ІЧУ. І распавёў: «Вячаслаў быў жахліва збіты, ён быў увесь сіні. Яго вывадзілі і збівалі на працягу чатырох дзён».
«Зверскі білі.10 жніўня яго збівалі больш за 10 супрацоўнікаў, — перадае расповед сведкі сястра. — Ён ляжаў на падлозе, у кайданках, тварам уніз. Па галаве білі. Білі паўсюль. А потым выводзілі і білі, і білі, і білі. На сінім целе з’яўляліся чорныя сінякі. Па пазваночніку — проста палкай, круглыя чорныя сінякі, як выбівалі яго. Яго выводзілі і прымушалі падпісаць пратакол. Яго білі, ён не падпісваў. Але яго білі. І потым, як сведка кажа, не ведаю, не буду сцвярджаць дакладна, але быццам падпісаў».
14 жніўня Вячаслава адправілі ў Баранавічы. Родныя сабралі яму ў дарогу вялікую перадачу. Яе прынялі, але, як потым даведаліся ад Вячаслава, так і не аддалі: «Мы накупілі столькі ўсяго перад ад’ездам, мы ў краме затарыліся капітальна. Нічога не перадалі».
Вячаслаў пахудзеў на 10 кілаграмаў. «У яго быў мікраінсульт у СІЗА. Пастаянна шум і звон у галаве. А яшчэ на спіне вылезла пухліна, на рэбрах. І ён пісаў: у мяне такое адчуванне, быццам кавалак косткі вылез. І нямеюць пальцы. Было такое, што ён заплюшчыў вочы, расплюшчыў: адно вока нармальна працуе, а другое не можа расплюшчыцца поўнасцю. І страта прытомнасці ў яго была», — кажа Кацярына.
Вячаслава, паведамілі родныя, вадзілі у адміністрацыю Баранавічскага ІЧУ. «Здымалі на відэа. Паказвалі яму нашы фотаздымкі». Пасля гэтага, як кажа сястра, Вячаслаў перастаў пісаць пра сваё здароўе: «Піша толькі: стан які быў, такі і ёсць». Сваякі мяркуюць, што на Вячаслава «націснулі», каб ён не ўзгадваў пра свае траўмы. Медыцынскае абследаванне не праводзяць.
У снежні фігурантаў справы прывозілі на следчыя дзеянні ў пінскі ІЧУ. І мясцовыя ўрачы, з якімі дамовіліся родныя, гатовыя былі абследаваць Вячаслава. Начальнік пінскага ІЧУ Ігар Верыч адмовіў. «Няма канвою», — сказаў ён.
«Славік за ўсе свае 35 гадоў ніколі ў жыцці не хварэў, — зазначыла Кацярына. —Ён зімой у мароз выхадзіў, кожны год на Вадохрышча ныраў. Калі ты стаіш побач апранутая, трасешся ад холаду, ён выходзіў у шортах без майкі. А зараз вось што з ім зрабілі? Гэта з якой сілай трэба біць такога здаровага чалавека, каб давесці да такога стану? Яго збівалі, збівалі, збівалі…»
Следчы камітэт адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу і расследаваць факт збіцця Вячаслава. Хаця ёсць сведкі, якія бачылі гэта. Родныя двойчы звярталіся ў суд, каб змянілі меру стрымання. Таксама адмовы: «У міліцыю пісалі. Мы паўсюль пісалі. І не толькі мы — і людзі калектыўны ліст пісалі, каб Славу выпусцілі пад хатні арышт пад паручыцельства людзей. Нават з Італіі пісалі, з іншых краін».
Не ўсе лісты даходзяць да адрасата. «Я ўжо не памятаю дакладна колькасць, але прыблізна са 150 адпраўленых яму лістоў у яго на руках толькі 65», — зазначыла Кацярына. — На прагулкі не выводзяць. Раней, калі выводзілі, то ў кайданках — з рукамі за спіной».
Вячаслаў напісаў, што сядзіць за тое, што абараніў дзяўчыну з хлопцам. «Міліцыянты, калі ішлі са шчытамі, ставілі падножкі людзям, — патлумачыла Кацярына. — Людзі падалі, і яны зацягвалі іх пад шчыты. Я так зразумела, дзяўчына ўпала, і яе хацелі зацягнуць пад гэтыя шчыты. Але людзі не аддалі дзяўчыну і хлопца, які кінуўся ёй на выручку, адабралі іх. Гэта было 9 жніўня, а 10-га Славу затрымалі. Ён напісаў у лісце: “Калі б я ў той момант не дапамог, як бы я паглядзеў гэтым маладзёнам у вочы? Я мог дапамагчы, і я дапамог”».
У Вячаслава Рагашчука трое сыноў — 6, 7 і 10 гадоў. Працаваў таксістам.
Сяргей Ляжэнка: «Чакаю вясны»
«Спачатку яго на трое сутак затрымалі 27 жніўня, — распавядае жонка Вольга.— Абвінавацілі па ч.2 арт. 293, трапіў на відэа 9 жніўня. Адпусцілі пад хатні арышт. А праз 20 дзён прыйшлі на працу і затрымалі: маўляў, ён парушыў рэжым. Сяргей быў на другой змене — з трох дня да адзінаццатай вечара. Ён аператар аўтаматычных і паўаўтаматычных матліній. І быццам бы ён мог з’ехаць за мяжу. Нібы ў тэлеграм-канале цікавіўся пра Польшчу.
З сябрамі быў 9 жніўня ў горадзе. Яны прыйшлі да выбарчага ўчастка. Іх усіх адпраўлялі на гарвыканкам. «Ідзіце, там усё даведаецеся». Ну, нашы пайшлі, увесь горад пайшоў туды. І там, кажа, стаялі гадзіны дзве, іх мурыжылі. Нічога не гаварылі. А потым прыехала міліцэйскае падмацаванне, іх пачалі ў кола сціскаць. Ніхто ж не думаў, што такое будзе. Думалі, што ўсё будзе цывілізавана. Даведаюцца вынікі галасавання і разыдуцца. Усё гэтым і скончыцца.
Кажуць, быццам з’ехаць у Польшчу ён хоча. Мне ён сказаў: «А чаму я павінен са сваёй краіны кудысьці бегчы? Чаму? Са сваёй краіны я нікуды не пабягу, я буду з табой разам да канца»».
Пра ўмовы знаходжання мужа ў СІЗА Вольга ведае няшмат:
«Зуб выпаў. Кальцый адправіла, вітаміны. Ім там вітамінаў не хапае. Страўнік пастаянна баліць. Я яму таблеткі таксама высылаю.
Ён у нас хлопец сціплы. «У мяне ўсё добра». Ён ведае, што мне нервавацца нельга, таму што ў мяне ёсць праблемы са здароўем. І кажа: «Ты толькі не хвалюйся, ты глядзі за сынам». Сыну Марку 5 гадоў. Сяргею 28 гадоў будзе ў сакавіку.
Я перадачу вазіла нядаўна ў СІЗА. Ён кажа: «Я як адчуваў, што ты недзе побач. Ты не бачыла, што са мной тут адбывалася. Нерваваўся, мяне трэсла. Недарэмна кажуць, што паміж двума людзьмі, якія кахаюць адно аднаго, ёсць нейкая сувязь».
Напісаў: «Чакаю вясны».
Пінскі жнівень
Выбарчыя ўчасткі адпраўлялі людзей у гарвыканкам. Улады самі гэта зрабілі — сабралі людзей, якія спрабавалі пачуць адказ пра вынікі выбараў. Так апісваюць сітуацыю вечарам 9 жніўня відавочцы.
Аднак яшчэ да піку падзей адбылася першая сутычка. Частцы людзей, якія ішлі да гарвыканкаму, перакрылі шлях начальнікі ГАУС Дзмітрый Каравякоўскі з супрацоўнікамі міліцыі. І збілі.
Ля гарвыканкама быў выстаўлены міліцэйскі заслон. Прыехала падмацаванне з Іванава і Століна. Людзі мірна стаялі, многія пасыходзілі да таго часу. Але людзей пачалі акружаць і заціскаць у кола.
«Калі б не справакавалі людзей, яны проста развярнуліся б і сышлі дадому, — лічыць Таццяна. — Ужо ў асноўным маса сышла. Была дадзена каманда выцесніць іх ад гарвыканкама, адцясніць. Навошта? Незразумела. Ніхто нікому не пагражаў. Але чамусьці пачалі наступ. Пайшлі на людзей. Яны сталі прарывацца. Такая мясарубка была! Колькі людзей прайшло праз іх палкі...»
А каля чацвёртай гадзіны раніцы прыбыў спецназ з Мар’інай Горкі.
10 жніўня некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся на пешаходнай зоне. «Хапалі ўсіх без разбору. У розных канцах горада, — распавяла Таццяна. — У нас пастаянна летам ў кафэ пад грыбочкамі “Аліварыя” людзі збіраюцца. І ўсіх, хто сядзеў пад гэтымі грыбочкамі, — у аўтазак. Аўтобус адчыняецца — усіх суправаджаюць у машыны. Людзей зверскі збівалі, хапалі на прыпынках, ля пад’ездаў. Проста на вуліцы хапаюць і вязуць. Жах! І гэта было 10 і 11 жніўня».
«Затрыманых вельмі шмат было, — расказваюць родныя палітвязняў. — Падвалы, камеры ўсе забітыя былі. Па 20-30 чалавек ў камеры напіхалі, як селядцоў у бочкі. А частка людзей знаходзілася ў так званым ціры. Гэта падвальнае памяшканне. І яны там трое сутак сядзелі на кукішках, склаўшыся, у такім стане. І хадзіў супрацоўнік, і калі хто паварушыўся, то адразу біў. Калі яму надакучвала, ён паднімаў і прымушаў чытаць “Ойча наш”, прымушаў пець гімн Беларусі. Хто слоў не ведаў, зноў збівалі. Прымушалі крычаць “я люблю Беларусь”, “я люблю Лукашэнку”, “я люблю АМАП”. Хто не пагаджаўся ці ціха крычаў — таксама зноў збіццё. Здзекі, катаванні. Не давалі ім адпачыць, паспаць, пастаянна яны іх паднімалі.
Там і цяжарныя былі. І з цяжарных здзекаваліся. Кажуць, па попе білі палкай. І па твары аплявухамі. Адна дзяўчына прасіла, плакала: “Толькі па жываце не біце, я цяжарная”. І ёй далі аплявуху. Добрую аплявуху, нават сіняк быў. Дзяўчынам не дазволілі знаходзіцца ў камерах у бюстгальтарах. Нават здымалі ўсю ніжнюю бялізну».
Адна з дзяўчын распавяла Таццяне, як іх затрымалі з сяброўкай.
«Гісторыя з першых вуснаў, — пераказвае Таццяна. — Звычайныя маладыя дзяўчынкі вырашылі пагуляць вечарам па горадзе. Гэта было 9 жніўня. Сядзелі ў скверыку, спакойна. І да іх падляцелі супрацоўнікі АМАПа, іх збілі. Зацягнулі ў гарвыканкам у файе, у прыбіральні гарвыканкамаўскай паклалі на падлогу. За валасы выцягнулі. Там яны атрымалі дубінкамі. І потым іх на аўтазаку ў ІЧУ адправілі. Трое сутак яны сядзелі ў камеры. І пасля атрымалі адміністрацыйны артыкул».
«Потым ля ІЧУ сустракалі тых, хто вярнуўся з гэтага пекла, — узгадвае Таццяна. — Збітых было вельмі шмат. І дзяўчынак, і хлопцаў, і маладых, і любога ўзросту. На нашых вачах стаялі хлопцы збітыя. Усе чорныя — спіны, рукі. Яны наогул не былі ў тыя дні на выбарчых падзеях. Яны былі на рыбалцы. І прыехалі вечарам у панядзелак. Спусціліся ў краму, каб купіць прадуктаў. І апынуліся ў аўтазаку».
«Нашы ішлі з мірам, а на іх пайшлі з вайной»
Групу расследавання па «пінскай справе» ўзначаліў следчы па асабліва важных справах Андрэй Марціновіч з УСК па Брэсцкай вобласці. Дата суда пакуль не вызначаная, аднак родныя мяркуюць, што працэс распачнецца неўзабаве. Абвінавачанне — «Удзел у масавых беспарадках». Артыкул уключае ў сябе «Гвалт над асобай», «Пагромы», «Падпалы», «Знішчэнне маёмасці» ці «Узброены супраціў прадстаўнікам улады».
«Абвінавачваюць іх у непасрэдным фізічным уздзеянні, якое было ў той момант на процістаянні, як яго называюць “пінскай бойні”», — кажуць сваякі.
«Улады паказалі сітуацыю толькі такую, што з боку народа была агрэсія, — зазначыла Кацярына. — Але насамрэч гэта не так. Было зусім усё па-іншаму. Пачалі браць у кола, а людзі ж натуральна будуць вырывацца і прабівацца. Хто там быў, усе ў адзін голас кажуць, што на самой справе было не ўсё так, як паказалі на міліцэйскіх відэа».
Таццяна: «Вырваныя з кантэксту сюжэты, і паднесена, што з боку пратэстоўцаў была агрэсія — абсалютна беспадстаўна. Усё наадварот. Падставы былі. Сталі браць у кола. І гэта паслужыла штуршком, што людзі сталі абараняцца. Але падаюць гэта як агрэсію. У нас не было пагромаў у горадзе, у нас усе вітрыны цэлыя. Ніхто нічога не захопліваў, ніхто нічога не знішчаў, ніякіх марадзёрстваў, як спрабуюць гэта ўсё паднесці».
Кацярына: «Калі б усё было спланавана, людзі ішлі б са сваімі палкамі і са сваімі каламі».
Таццяна: «Яны прыйшлі з шарыкамі і стужачкамі».
Кацярына: «Кажуць, лаўкі там ламалі. Так, таму што людзям трэба было адбіцца, калі на іх ідуць са шчытамі».
Таццяна: «Ішлі нашы з мірам, а на іх пайшлі з вайной».
Відэаназіранне знішчыла маланка
Скласці па магчымасці поўную карціну падзей маглі б дапамагчы камеры відэаназірання ў горадзе. Але тут выявілася нечаканая акалічнасць.
Кацярына: «Нам прыслалі адказ са Следчага камітэта: маўляў, была навальніца, у сувязі з гэтым знішчаныя ўсе відэазапісы. Я званіла і ў сябровак запытвала, у мамы, у знаёмых — ніякай навальніцы не было. Потым залезла ўжо нават у інтэрнэт і паглядзела менавіта гэты дзень. Не было!»
Таццяна: «Людзі сталі звяртацца наконт атрыманых траўм. І ў сваіх адпісках супрацоўнікі ГАУС сталі казаць, што такога не можа быць. У горадзе паўсюль поўна камер, каб магчымасць была паглядзець, што адбывалася ў той перыяд часу. Ну вось яны прыдумалі такую казачку аб тым, што з-за умоў надвор’я — у прыватнасці, што маланка была, — выйшлі са строю відэакамеры. І праглядзець іх няма магчымасці. Хаваюць сапраўдную карціну, як справакавалі людзей».
Кацярына: «І пабоі хаваюць, зверскае абыходжанне з людзьмі».
Пасля вызвалення затрыманым вярталі тэлефоны, вельмі многія з якіх былі ў непрацоўным стане. «Былі разбітыя. Быццам іх кувалдай ці малатком ударылі, каб яны ўжо аднаўленню не падлягалі. Акрамя аператыўных патрэб, дзеля чаго маглі выняць відэа, там маглі аказацца і здымкі, якія кампраметуюць дзеянні супрацоўнікаў. Вось яны ўзялі і знішчылі доказы», — мяркуе Таццяна.
«Гэта будзе проста фарс»
«Нашых хлопцаў вылучылі, каб проста зрабіць справаздачу. Як быццам план нейкі выканалі па раскрывальнасці. Зрабілі лідарамі, групоўкай: “згаварыліся і пайшлі на гарвыканкам”. Яны зусім не былі знаёмыя адзін з адным! Узроставая катэгорыя ад 18 да 46 гадоў. Яны нідзе ў звычайным жыцці да гэтага не перасякаліся», — кажуць родныя.
Каця: «Слава напісаў: “У нас будзе паказальны суд”».
Вольга: «Зараз жа пінскі ГАУС прызнаны найлепшым у Брэсцкай вобласці пасля ўсяго гэтага».
Паводле афіцыйных дадзеных, па справе праходзяць больш за 54 пацярпелыя супрацоўнікі міліцыі. «Усе пацярпелі ад нашых дзесяцярых хлопцаў? І як яны маглі пацярпець у такой колькасці? Былі экіпіраваныя ў ахоўную амуніцыю, абароненыя металічнымі шчытамі. І так пацярпелі 54 чалавекі ад няўзброеных грамадзян? Парадокс проста. Як так?» — задаецца пытаннямі Таццяна.
У сем’ях абвінавачаных апісалі маёмасць. Паводле інфармацыі, якая даходзіць, улады выставілі абвінавачаным суму шкоды для горада на 24 тысячы рублёў. І плюс яшчэ невядома, якая будзе запатрабаваная маральная кампенсацыя пацярпелым. «Але мы думаем, што там непад’ёмная сума будзе, — кажуць сваякі. — Па колькасці пацярпелых — практычна ўвесь асабісты склад ГАУС! Таму мяркуем, што гэта будзе проста фарс. Што яны будуць казаць і як яны будуць прад’яўляць свае кампенсацыі, мы нават уявіць не можам. 54 чалавекі!»
«Трэба вытрымаць»
Родныя кажуць, што людзі іх падтрымліваюць і спачуваюць. Праваслаўныя самарыцянкі зладзілі малебен у храме Вялікай Мучаніцы Варвары. Яны разам маліліся за здароўе хлопцаў, каб у іх сіл хапіла вытрымаць.
«Людзі, як могуць, праяўляюць спагаду. І гэта вельмі дапамагае нам. У нас сілы з’яўляюцца таксама ад гэтай падтрымкі, мы яе адчуваем. І мы стараемся сваю энергію нашым хлопцам праз лісты перадаць, праз адвакатаў. Усе яны цудоўна ведаюць, што мы іх падтрымліваем. Мы ніколі іх не кінем, яны для нас самыя лепшыя. І гэта таксама дае ім надзею, упэўненасць маральную».
«Алегу мы ў кожным лісце пішам: “Мы з табой”, — распавядае Таццяна. — “Ты моцны, усё, што даецца, — гэта выпрабаванне, павінен вытрымаць. І вытрымаеш. І мы заўсёды з табой побач”. Усе пішуць: і бабуля, і дзядуля, і я, і тата, і мама. І ён гэта ведае, ён вельмі ўдзячны нам за гэта. Ён піша заўсёды ў лістах: “Я вас усіх люблю. Дзякуй вам вялікі”».
Таццяна: «Мы, сыходзячы з усяго, што адбываецца ў краіне: і як здзяйсняюцца судовыя працэсы, і якім чынам выносяцца рашэнні, — ілюзій не маем. Таму што ўсе мы цудоўна разумеем, што рашэнні будуць прымацца на больш высокім узроўні ў лёсе і па тэрмінах нашых родных.
Спадзявацца, што ў дадзеных умовах жорсткіх рэпрэсій іх адпусцяць — не, у нас надзеі на гэта няма. Мы толькі жадаем сабе сіл вытрымаць, перажыць гэты перыяд. І нашым хлопцам таксама. Каб у іх хапіла сіл, здароўя. Ну а далей — будзем бачыць, як потым будзе ўсё. Спадзяёмся, што штосьці зменіцца і яны не будуць пакутаваць так доўга ўвесь гэты перыяд, не выпадзе ім лёс такі цяжкі для выпрабаванняў і будзе магчымасць яго змяніць.
Алег у лісце да бацькі напісаў: “Вельмі вас прашу на судзе трымаць сябе ў руках. Усе эмоцыі пакінуць дома. І прыйсці туды ўжо без эмоцый”. І напісаў: “Спадзяюся, ты вытрымаеш”. І вось трэба вытрымаць.
Нягледзячы на рэпрэсіі, настрой у людзей не памяняўся. Мы ж у калектывах працуем, размаўляем з людзьмі, з суседзямі. Ва ўсіх аднолькавы настрой. Усе хочуць перамен. Таму што як гэта забыць? Як?! Як можна перагарнуць старонку?»
*****
Сёння, 26 лютага, дзень народзінаў за кратамі адзначае Алег Рубец. Мы шчыра жадаем хлопцу быць моцным і заставацца ў гуморы, вытрымкі і аптымізму, і, канешне ж, як мага хутчэй выйсці на волю!
Фота прадстаўленыя роднымі герояў артыкула.