«Навальны ледзь не анлайн-трансьляцыі з камэры вёў. У Беларусі ад некаторых палітвязьняў няма зьвестак больш як паўгады»
Палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык параўноўвае ўзровень рэпрэсій у Беларусі і Расеі і робіць несуцяшальныя высновы.
![Сяргей Навумчык. Фота Франак Вячорка Сяргей Навумчык. Фота Франак Вячорка](/img/v1/images/sjarhej_navumczyk_1_logo.jpg.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сяргей Навумчык. Фота Франак Вячорка
У рэпартажах з суду над мастачкай, якая выступіла супраць вайны ў расейскім Санкт-Пецярбургу, грамадзяне ў судовай залі скандуюць словы падтрымкі і абурэньня рашэньнем суду. У Беларусі гэтых грамадзянаў адразу б скруцілі, зьбілі і кінулі спачатку на Акрэсьціна (і добра, калі Акрэсьціна скончылася б).
Але пачаць варта з таго, што ніякага тэлерэпартажу незалежныя журналісты не зрабілі б — у лукашэнкаўскай РБ ніякая незалежная журналісцкая дзейнасьць немагчымая.
Навальны да нядаўняга часу ледзь не анлайн-трансьляцыі з камэры вёў, усе расейскія топ-палітвязьні, ня кажучы ўжо пра «звычайных» — свабодна перапісваюцца з кім заўгодна.
У Беларусі ад некаторых палітвязьняў няма ніякіх зьвестак ужо больш як паўгады.
Вядома толькі некалькі выпадкаў, калі да «палітычных» у Расеі прымаліся «меры фізычнага ўзьдзеяньня» пасьля затрыманьня — у РБ зьбіцьцё праціўнікаў Пуціна і Лукашэнкі супрацоўнікамі КДБ і ГУБАЗІКа зрабіліся руціннай практыкай.
Глядзіце таксама
![Эксперт: Лукашэнка разлічвае на гандаль палітвязнямі, але яму можа перашкодзіць Масква Сяргей Навумчык: Лукашэнка можа адчуць сябе самастойным ад Масквы — а гэта Маскве нявыгадна](/img/v1/images/vyzvalenne2_1_logo.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
У Расеі на вуліцы паліцыянт вось проста так не падыходзіць да чалавека і не патрабуе паказаць тэлефон, каб праверыць падпіскі на сацсеткі — у Беларусі гэта норма. У Расеі перад вобшукам паказваюць ордэр — у Беларусі ператрусы робяць без такіх буржуазна-дэмакратычных фармальнасьцяў.
Гэта каб яшчэ раз нагадаць, у наколькі больш цяжкіх, больш страшных умовах вымушаныя жыць беларусы — пры тым што ўвага, якая надаецца Захадам Беларусі, на парадак (г. зн. у дзясятак разоў) меншая, чым тая, якая штодзённа надаецца Расеі.
Гэтак жа было і ў пачатку 90-х, калі ўся ўвага (падкрэсьліваю: ЎСЯ) была сканцэнтраваная на Расеі: Захад аддаў Беларусь у сфэру ўплыву Масквы, наіўна спадзяючыся, што «прагрэсіўная Расея», як лакаматыў, выцягне Беларусь у дэмакратычную будучыню.
Ня бачачы (ці не жадаючы бачыць), што Расея стагодзьдзямі імчыць у іншым, цалкам супрацьлеглым ад цывілізацыі кірунку.
Глядзіце таксама
![Сяргей Навумчык пра тое, як Беларусь стала прэзідэнцкай рэспублікай Сяргей Навумчык: «Ніхто ня ведае, што будзе ў Беларусі праз год — дай Бог, каб сама Беларусь захавалася»](/img/v1/images/sjarhej_navumczyk_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)