Найбуйнейшы аўтамабільны партал Беларусі ABW.bу спыняе працу

Сёння апошні дзень, калі каманда ABW.BY абнаўляе інфармацыю на сайце. Да закрыцця праекта прывялі рэпрэсіі ўладаў у дачыненні да журналістаў і кіраўніцтва партала.

opera_snimok_2023_11_19_145539_abw.by.png

«Мы хацелі б падзякаваць Вам за адданасць — многія з намі з часоў газеты «Аўтабізнес»; за падтрымку і крытыку — Ваша меркаванне заўсёды было важна для нас, таму да апошняга захоўвалі каментары пад матэрыяламі; за ўважлівасць — колькі памылак выпраўлена дзякуючы вам! Вы самыя спрактыкаваныя, вопытныя і тэхнічна пісьменныя чытачы — аўтарам даводзілася трымаць вельмі высокую планку, каб інфармацыя адпавядала вашым патрабаванням. Вы творчыя — гэта пацвердзілі конкурсы чытацкіх матэрыялаў, якія не раз праводзіліся на сайце», — гаворыцца ў рэдакцыйным артыкуле на сайце.

Рэдакцыя ABW.bу падзякавала ў апошнім артыкуле ўсім, хто працаваў з парталам: партнёрам-рэкламадаўцам; тым, хто размяшчаў аб’явы па продажы-куплі аўтамабіляў і іншай тэхнікі; экспертам і прадстаўнікам ДАІ і іншых ведамстваў, арганізацый і кампаній, якія ўзаемадзейнічалі з сайтам; і нават калегам-канкурэнтам за матывацыю да ўдасканалення.

«Мы ганарымся, што стварылі першае ў Беларусі аўтамабільнае выданне-класіфайд! Вядома, усё было не так ідэальна і проста, як у гэтым падзячным лісце. Але сёння— ці добра, ці ніяк», — адзначылі ў выданні.

Калектыў, які паходзіць яшчэ з газеты «Аўтабізнес», працаваў у Беларусі ад 1993 году. 10 дзён таму ABW.bу ужо абвяшчаў, што закрываецца. Але неўзабаве той допіс знік, а праект працягнуў працу.

Да закрыцця партала прывялі рэпрэсіі, учыненыя ўладамі. Улетку 2022 года былі затрыманыя трое рэдактараў ABW.by. Ужо сёлета галоўную рэдактарку прысудзілі да 1,5 гадоў калоніі. А ў канцы кастрычніка ў рэдакцыі адбыліся чарговыя затрыманні — сілавікі арыштавалі дырэктара выдання. 

Гэта фактычна знішчыла выданне канчаткова.

Цяпер большасць рубрык на сайце выдаюць пустыя старонкі.