Затрымалі дырэктара аўтамабільнага партала Abw.by, пагражаюць уласнікам бізнесу

Пра затрыманне дырэктара вядомага аўтамабільнага рэсурса Віталя Палякова паведаміла «Наша Ніва» са спасылкай на праўладныя каналы. Мужчыну вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах.

photo_2023_10_28161603111_ccj7v.jpeg.jfif

Віталь Палякоў — мінчук. Вядома, што раней ён займаўся праектам Viber_auto_forums. Апошнім часам працуе дырэктарам кампаніі «Бонусторг», якая валодае парталам ABW.BY.

Цяпер яго затрымалі. У відэа паказаныя ягоныя фоты з пратэстаў, а таксама допісы з іншых закрытых чатаў і асабістых перапісак. А таксама акцэнтуецца ўвага на тым, што ён «добра зарабляў — 4-5 тысяч рублёў у месяц».

У канцы допісу ГУБАЗіК пагражае ўласнікам бізнесу — маўляў, цяпер яны ў адпачынку, але мусяць «рыхтавацца, бо сілы ім хутка спатрэбяцца».

Нагадаем, што гэта не першы выпадак палітычных рэпрэсій у дачыненні да супрацоўнікаў партала. Раней па пратэсных артыкулах былі асуджаныя галоўная рэдактарка выдання Abw.by Юлія Мудрэўская і рэдактар спецпраектаў партала Юрый Гладчук.

Юлія Мудрэўская была затрымана 16 чэрвеня 2022 года. На жанчыну распачалі крымінальную справу аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэксу). Пазней яе перавялі ў СІЗА-1.

19 верасня 2022 г. у судзе Фрунзенскага раёна Мінска распачаўся суд над палітзняволенай. У выніку суддзя Алена Бушава прызнала яе вінаватай і асудзіла да паўтара года зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

Пазней адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі: прысуд пакінулі без зменаў. Палітзняволеную накіравалі ў ПК № 4.


Глядзіце таксама

Юрый Гладчук затрыманы таксама 16 чэрвеня 2022 года пасля вобшукаў. Пазней стала вядома, што яго перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі).

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 5 снежня 2022 года агучылі прысуд Юрыю Гладчуку — два з паловай гады зняволення ў калоніі.

Палітвязня этапавалі ў наваполацкую ПК № 1 у канцы сакавіка 2023 года.