Тэхніка на мяжы фантастыкі

Пакуль уся краіна адпачывала, Аляксандр Рыгоравіч напружана працаваў. У Эміраты злётаў і ў Аўстрыю.

aux_head_1503488166_20170823_econom_t.jpg

Візіт нашага кіраўніка ў Эміраты — вялікая таямніца, некаторыя нават казалі, што ён паехаў туды падлячыцца. Ніякіх абвяржэнняў гэтаму не было. Як і пацверджанняў. І не будзе, таму што, насамрэч, сфера вельмі далікатная.

Як вядома, Эміраты — гэта ці не асноўная пляцоўка ў свеце па гандлі зброяй. І не толькі па гандлі. У верасні Мінск наведваў наследны прынц Абу-Дабі: ён тады сустракаўся з Лукашэнкам. І напярэдадні сустрэчы кіраўнік Дзяржкамваенпрама Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што супрацоўніцтва Беларусі з Эміратамі пераходзіць ад «проста паставак да сумесных распрацовак і даследаванняў. Гэта вельмі перспектыўная галіна, якая дае нам добрую аддачу, у тым ліку фінансавую».

Апроч таго, па словах Галоўчанкі, «мы завяршаем буйны кантракт, які даўно быў абвешчаны — гэта пастаўка партыі танкавых цягачоў, і вя­дзем перамовы аб нарошчванні паставак і заключэнні новага кантракту на гэтую ж тэхніку па выніках яе эксплуатацыі».

Так што і гэта, і іншыя пытанні, верагодна, і абмяркоўваў Лукашэнка ў Эміратах.

Больш інфармацыі пра візіт у Аўстрыю. Галоўнае ў ім — тое, што ў Вене была падпісаная сумесная дэкларацыя па ўмацаванні супрацоўніцтва ў сферы сувязі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і развіцця тэхналогіі 5G. Дакументам прадугледжана садзейнічанне Аўстрыяй выкарыстанню існуючых інструментаў і іншых формаў сумеснай працы ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій для паскарэння развіцця шырокапалоснай сувязі і лічбавых тэхналогій, уключаючы 5G, а таксама аказанне кансультацыйнай дапамогі Беларусі ў распрацоўцы нарматыўна-прававой базы для канкурэнтнага і спрыяльнага інвестыцыйнага асяроддзя. Як вядома, у Беларусі на рынку працуе аўстрыйская кампанія тэлекамунікацыі — А1 (былы velcom).

Зазначым, што А1 самай апошняй падлучыла для сваіх абанентаў сетку 4G. Звязана гэта было з тым, што кампанія ў штыкі ўспрыняла «беларускую мадэль 4G». Справа ў тым, што сетку 4G у нас «развівае» айчынны манапаліст beCloud, а кампаніі мабільнай сувязі павінны плаціць яму ў залежнасці ад трафіку.

Як заўсёды, «беларуская ма­дэль» палягала ў тым, каб паставіць базавыя станцыі ў буйных гарадах, пачаць «стрыгчы бабло» з аператараў — і на гэтым супакоіцца. Сетку 4G «пракачваюць» пераважна там, дзе яна ёсць. А вось невялікія населеныя пункты ды нават буйныя аўтадарогі так і застаюцца без пакрыцця — нягле­дзячы на тое, што 4G з’явілася ў нас ужо амаль (без аднаго месяца і тыдня) чатыры гады таму. Тады як стандарт 3G, які развіваў не беларускі манапаліст, а мабільныя аператары, ужо праз тры гады эксплуатацыі быў даступны 90% насельніцтва краіны.

З гэтым аўстрыйская А1 была не згодная. Дырэктар аўстрыйскай кампаніі Гельмут Дуз неаднаразова адзначаў, што ў выніку «ў цяперашні час сітуацыя з 4G і LTE склалася такім чынам, што інфраструктура даступная толькі ў буйных гарадах, паколькі толькі там яна прыбытковая». А А1 і дасюль гатовая інвеставаць значныя сродкі ў развіццё 4G і 5G, узяць на сябе абавязацельствы пакрыць паслугамі не толькі гарады, але і вёскі, забяспечыўшы аднолькавую якасць сувязі пры тым жа ўзроўні коштаў.

«Інвестыцыі ў інфраструктуру — гэта не манапольны прывілей. Калі б beCloud быў гатовы ўкладваць значныя сродкі ў развіццё інфраструктуры, мы б гэта толькі віталі. Але калі не гатовы, мы б хацелі таксама мець такое права», — казаў Дуз.

Мажліва, з падпісаннем адпаведных дакументаў з Аўстрыяй з 5G у нас будзе ўсё нармальна. І некаторыя мястэчкі могуць скочыць у мабільным інтэрнэце «праз прыступку» — з 3G адразу ў 5G.

Аднак выбары прэзідэнта Беларусі ў нас — у наступным годзе. І наўрад ці 5G запрацуе ў Сінявокай праз паўгода. А таму абяцанне Аляксандра Рыгоравіча запусціць у нас 5G ужо ў 2020-м годзе (гэта адно з яго перадвыбарчых абяцанняў у 2015-м) так і застанецца не выкананым.

І не выканаецца — без дапамогі Аўстрыі. Бо трывожныя тэндэнцыі ў эканоміцы Сінявокай працягваюць нарастаць. Напрыклад, Еўразійскі банк развіцця прагназуе, што неўзабаве лясне ці не адзіны гонар дзеючай улады — утаймаваная інфляцыя (разам з больш-менш стабільным курсам беларускага рубля). Як гаворыцца ў макраэканамічным аглядзе па Беларусі, падрыхтаваным дырэкцыяй па аналітычнай працы банка, гэта звязана з экспартам. Каб падтрымаць канкурэнтаздольнасць беларускіх вытворцаў ва ўмовах больш высокай інфляцыі ў краіне ў параўнанні з краінамі-партнёрамі, нам давядзецца «апускаць» беларускі рубель.

Бо запаволенне сусветнай эканомікі, якое назіраецца зараз, можа з вялікай доляй верагоднасці прывесці да зніжэння паступленняў ад экспарту беларускіх тавараў. Таму трэба рабіць іх таннейшымі. Калі паступленні ад экспарту знізяцца, адпаведна, у краіне знізіцца прапанова замежнай валюты, што сфарміруе некаторы ціск на курс нацыянальнай валюты.

Асабліва гэта важна ў тым, што Расія не кампенсуе Беларусі наступствы ад падатковага манеўру на энерганосьбіты.

А ў нас наперадзе, як было зазначана вышэй, — выдаткі на чарговую «перадвыбарчую вакханалію» ў 2020-м годзе.

Дарэчы, наконт «вакханаліі». Выбары ў Палату прадстаўнікоў праходзяць спакойна, па плане і вызначаным сцэнары, ды, як заўсёды, «з апярэджаннем графіка». Не паспелі адкрыцца ўчасткі для датэрміновага галасавання, як у Мінску і іншых рэгіёнах пачаўся «загон студэнтаў» на гэтае дзейства. Розныя тэлеграм-каналы інфармуюць, што кіраўніцтва ВНУ дае студэнтам выходныя на суботу і панядзелак — толькі каб яны прагаласавалі датэрмінова. Ужо 11 лістапада студэнтам загадалі прагаласаваць датэрмінова. І такія факты высветленыя не толькі ў Мінску, але ў Гомелі, Брэсце, і нават Ляхавічах!

Пры тым, што ПП нічога не вырашае, незразумела, навошта гэта ўсё. Напэўна, сістэма проста працуе па інерцыі. Але, калі яна працуе так, то дастаткова аднаго непрадказальнага фактару, каб яна паламалася.