Незалежныя назіральнікі: розніца з камісіямі ў падліках яўкі анамальная
Назіранне за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Назіральнікі падрыхтавалі некалькі высноваў аб бягучай выбарчай кампаніі.Афіцыйная яўка выбаршчыкаў на датэрміновае галасаванне склала 35,77%, што з’яўляецца найбольшай для правядзення парламенцкіх выбараў 2008, 2012, 2016 гадоў.
Правядзенне датэрміновага галасавання традыцыйна насіла арганізаваны характар. Адміністрацыі дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў, а таксама ВНУ настойліва прапаноўвалі выбаршчыкам прыняць удзел у датэрміновым галасаванні, вялі ўлік прагаласаваўшых і інфармавалі аб ходзе датэрміновага галасавання мясцовыя выканаўчыя органы ўлады.
У шэрагу выпадкаў арганізацыя ўдзелу выбаршчыкаў у датэрміновым галасаванні насіла характар прымусу, пад пагрозай наступлення для іх негатыўных наступстваў за адмову ад удзелу ў датэрміновых галасаванні. 30% назіральнікаў адзначалі, што фіксавалі факт прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні (для параўнання ў 2016 г. 18%).
На 32 УВК, на якіх назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» безперапынна вялі ўлік усіх прагаласаваўшых выбаршчыкаў, назіралася перавышэнне колькасці прыняўшых удзел у галасаванні ўказанай у пратаколах УВК з дадзенымі назіральнікаў.
На некаторых УВК розніца ў дадзеных камісій і назіральнікаў па яўцы выбаршчыкаў на датэрміновым галасаванні насіла анамальны характар – у два, тры, пяць і нават у адзінацць разоў болей за дадзеныя назіральнікаў.
Усе назіральнікі кампаніі былі дапушчаныя для назірання за датэрміновым галасаваннем, аднак некаторыя з іх сутыкаліся з перашкодамі ў ажыцяўленні назірання: забаронай ажыцяўляць фота і відэа здымку, у тым ліку з забаронамі фотафіксацыі афіцыйных пратаколаў УВК аб штодзённых выніках датэрміновага галасавання, вынясеннем неабгрунтаваных папярэджанняў УВК і інш. Зафіксаваныя факты пазбаўлення акрэдытацыі і выдалення з участкаў для галасавання назіральнікаў ад апазіцыйных палітычных партый.
Практыка правядзення датэрміновага галасавання застаецца адной з сістэмных праблем выбарчага працэсу і стварае шырокія магчымасці для выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу і іншых маніпуляцый. У сувязі з гэтым рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ ў частцы зменаў працэдур датэрміновага галасавання застаюцца актуальнымі.
Цалкам азнаёміцца з высновамі назіральнікаў можна на сайце кампаніі.
Паводле прэс-рэліза