Галоўнае ў Беларусі за тыдзень: версія «Бі-бі-сі»

Руская служба брытанскага выдання збірае асноўныя навіны пра Беларусь. І ўсе яны — пра рэпрэсіі.

_kaljuczka___kraty___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Супрацоўнікі КДБ затрымалі больш за 150 чалавек па ўсёй Беларусі, у Мінску пачаўся завочны суд над кіраўнікамі арганізацыі былых сілавікоў «BYPOL», у Брэсце прысудзілі інжынера-энергетыка да 2,5 гадоў калоніі за відэа ваеннай тэхнікі. «Бі-бі-сі» расказвае пра галоўнае ў Беларусі за тыдзень.

На гэтым тыдні ў Беларусі прайшлі масавыя ператрусы і затрыманні ў былых палітвязняў і сваякоў тых, хто быў асуджаны па палітычных матывах.

Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», супрацоўнікі КДБ затрымалі больш за 150 чалавек. Гэта найбуйнейшы рэйд сілавікоў за апошні год.

Супраць часткі затрыманых распачалі крымінальныя справы аб ««удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Паводле звестак праваабаронцаў, некаторыя з затрыманых праходзяць па адміністрацыйных справах.

Толькі ў аўторак 23 студзеня супрацоўнікі КДБ прыйшлі дадому да сотні з нечым чалавек па ўсёй краіне. У гэты ж дзень была затрыманая жонка апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 24 студзеня над ёй прайшоў суд па артыкуле аб «дробным хуліганстве». Ёй прызначылі 15 сутак арышту.

Сам Мікалай Статкевіч асуджаны на 14 гадоў за ўдзел у пратэстах 2020 года.


Глядзіце таксама

Акрамя таго, сілавікі ўзялі пад варту 76-гадовага віцебскага дэмакратычнага актывіста Барыса Хамайду.

Некаторым людзям супрацоўнікі беларускага КДБ казалі, што затрыманні і ператрусы звязаныя з праектам дапамогі палітвязням «INeedHelpBY».

Гэты праект дапамагае прадуктамі тым, хто пацярпеў ад палітычных рэпрэсій і аказаўся ў цяжкай фінансавай сітуацыі.

Некалькі дзён таму гэты сэрвіс прызналі «экстрэмісцкім», а звесткі тых, хто атрымліваў прадуктовую дапамогу, маглі аказацца ў руках сілавікоў.

Паводле інфармацыі выдання «Зеркало», масавая хваля затрыманняў можа быць звязаная не толькі з праектам «INeedHelpBY».

Выданне спасылаецца на адну з ананімных крыніц, якая мяркуе, што сілавікі маглі атрымаць доступ да чату былых сваякоў палітвязняў у тэлеграм-канале і правесці выбарачныя затрыманні.

Гэта адбылося пасля таго, як каля двух тыдняў таму сілавікі ўзялі пад варту адну з удзельніц чата.

Лідарка дэмсіл Святлана Ціханоўская заклікала сусветную супольнасць рашуча адрэагаваць на масавыя затрыманні і ператрусы.

Першым пра хвалю затрыманняў паведаміў Андрэй Стрыжак, сузаснавальнік «BYSOL». Ён заклікаў усіх датычных выдаліць перапіску з сэрвісамі «BYSOL».


Глядзіце таксама

Завочная справа над «BYPOL»

На гэтым тыдні Мінскі гарадскі суд пачаў завочна разглядаць крымінальную справу супраць сябраў арганізацыі былых сілавікоў «BYPOL». Па гэтай справе праходзяць шэсць чалавек, уключаючы былога сілавіка і кіраўніка арганізацыі Аляксандра Азарава. Усе яны знаходзяцца па-за межамі Беларусі.

Абвінавачаныя праходзяць па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса, уключаючы «здраду дзяржаве» і «акт тэрарызму». Максімальнае пакаранне па адным з гэтых артыкулаў — смяротнае пакаранне.

У лістападзе 2021 года BYPOL прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем», а ў канцы жніўня 2022 года Вярхоўны суд прызнаў арганізацыю «тэрарыстычнай».

Абвінавачаным інкрымінавана 12 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку «здрада дзяржаве», «арганізацыя акта тэрарызму» і «кіраванне экстрэмісцкім фарміраваннем».

Сярод іншага «BYPOL» абвінавачваюць у «наўмысным прывядзенні ў непрыдатнасць шляхоў зносін». Гаворка ідзе пра аперацыю па вывядзенні з ладу некалькіх чыгуначных ліній, па якіх перавозілася ваенная тэхніка з Расіі ва Украіну.

У Беларусі тых, хто стаяць за гэтымі дзеяннямі, называюць «рэйкавымі партызанамі». У СК лічаць, што кіраваў гэтай аперацыяй «BYPOL».


Глядзіце таксама

Прысуд за відэа ваеннай тэхнікі

У Беларусі працягваюць выносіць прысуды за фотаздымкі і відэа расійскага ўзбраення.

18 студзеня суд у Брэсце прысудзіў інжынера-энергетыка Аляксандра Бойку да двух з паловай гадоў калоніі за тое, што ён адправіў у адзін з тэлеграм-чатаў відэа з ваеннай тэхнікай. Пра гэта паведаміла «Брэсцкая вясна».

Бойку затрымалі яшчэ ў кастрычніку мінулага года. Неўзабаве ў праўладных тэлеграм-каналах з'явілася «пакаяннае відэа» Бойкі, на якім ён расказаў, што выклаў відэа «на эмоцыях». Яго прызналі вінаватым у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, з пачатку нападу Расіі на Украіну па ўсёй Беларусі было затрымана па меншай меры 1645 чалавек, якія асудзілі вайну.

Пры гэтым больш за 1500 чалавек былі затрыманыя за першыя паўтара месяца з пачатку вайны, гаворыцца ў справаздачы.

Прынамсі 35 чалавек асудзілі за адпраўку фота і відэа расійскай ваеннай тэхнікі ў СМІ, яшчэ 14 — за намер ваяваць на баку Украіны.