Рэжым хоча заахвочваць эмігрантаў да вяртання ў Беларусь. Чаму гэта правальная ідэя
Урад збіраецца стымуляваць беларусаў, якія з'ехалі за мяжу, вяртацца на радзіму. Тым часам у краіне працягваюцца рэпрэсіі, закручванне гаек і арышты тых, хто прыязджае дадому з-за мяжы. У гэтай сітуацыі ўзнікаюць пытанні: якіх беларусаў хочуць (і могуць) вярнуць чыноўнікі і якія рэальныя захады яны маглі б зрабіць для гэтага? Пра гэта «Люстэрка» спытала акадэмічнага дырэктара BEROC, эканаміста Льва Львоўскага.
На фоне пагаршэння дэмаграфічнай сітуацыі стала складаней абыходзіць бокам праблему міграцыі. Таму нядзіўна, што ўрад падняў пытанне масавага пераезду нашых суграмадзян за мяжу, а таксама зніжэння колькасці замежнікаў, якія выбіраюць для жыцця Беларусь. Тым не менш сама «канцэпцыя міграцыйнай палітыкі», зацверджаная 23 студзеня, — гэта «пусты дакумент», лічыць эканаміст Леў Львоўскі. На ягоную думку, прыняты ён таму, што ў адказ на праблему, якая абвастрылася, урад фармальна абавязаны мець план яе вырашэння.
— План гэты з рэальнасцю не супадае — ні з тым, што рэальна адбываецца ў краіне, ні з тым, што хоча Аляксандр Лукашэнка. Фармальна гэты план зрабілі. Але гэта не значыць, што хтосьці будзе прыводзіць яго ў рэальнасць, прадпрымаць нейкія дзеянні. Гэта проста паперка, [патрэбная для таго, каб] яна проста была, — тлумачыць эксперт.
Леў Львоўскі кажа, што праблема з міграцыяй сапраўды ёсць. І тое, што напісана ў канцэпцыі, увогуле правільна, на яго думку. Аднак у цяперашніх умовах прапісаныя ў ёй крокі практычна нерэалізуемыя. Больш за тое, наўрад ці ва ўрадзе сапраўды хочуць прадпрымаць хоць нешта з апісанага ў канцэпцыі.
Што можа зрабіць Мінск для вяртання беларусаў на радзіму?
На думку эксперта, калі б ва ўрадзе сапраўды хацелі зрабіць нешта для вяртання тых, хто з'ехаў, пачынаць варта было б са спынення бясконцай плыні арыштаў. Гэта значыць, дастаткова проста перастаць саджаць людзей з любой нагоды, і частка беларусаў пачне задумвацца аб вяртанні на радзіму.
— Але адзін орган урада піша такую паперу, а другі працягвае саджаць, таму што трэба ўсіх трымаць у страху, — кажа эканаміст, адзначаючы, што сёння ў Беларусі за кратамі можа апынуцца кожны. — Ты вяртаешся з Польшчы, а які-небудзь маёр КДБ хоча атрымаць падвышэнне па званні і прыдумае, што ты — удзельнік нейкай змовы.
Гэта значыць першы крок да таго, каб беларусы пачалі вяртацца на радзіму, — стабілізацыя сітуацыі ў краіне. У першую чаргу гэта тычыцца сілавых органаў, судоў. А ўжо пасля іх было б важна прадпрымаць эканамічныя меры, якія б дазвалялі людзям бачыць свае перспектывы ў Беларусі.
— Але ніхто не збіраецца сур'ёзна гэтым займацца, — лічыць Леў ьвовский. — Гэты дакумент напісалі людзі з умоўных Міністэрства эканомікі і Мінпрацы, а людзям з МУС справы няма да гэтай паперкі — яны прыйдуць і скажуць, што бяспека рэжыму значна важней, чым вяртанне сваіх [суграмадзян] або прыцягненне новых мігрантаў.