Паэтка Юля Цімафеева: Мая родная мова — трасянка

Гомельскае выданне «Штодзень» апублікавала інтэрв'ю з паэткай Юляй Цімафеевай — пра карані, мову і выгнанне.

Юля Цімафеева. Фота: facebook.com

Юля Цімафеева. Фота: facebook.com

Паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева, ураджэнка Брагіншчыны, даўно пакінула родныя мясціны сваіх бацькоў і дзядоў. Таксама давялося ёй выехаць і з любімага Мінска, і з самой Беларусі. Цяпер творца працягвае працу над новай аўтабіяграфічнай кнігай, удзельнічае ў літаратурных мерапрыемствах, шмат вандруе і мае надзейнага спадарожніка ў асобе свайго мужа, пісьменніка і перакладчыка Альгерда Бахарэвіча.

«Мова Гомель» пагутарыла з Юляй Цімафеевай пра яе родныя мясціны, першую мову і пра тое, дзе цяпер для творцы «мой дом».

— Вы нарадзіліся ў Брагінскім раёне, адным з найбольш пацярпелых у выніку аварыі на ЧАЭС. Зразумела, на час аварыі вы былі яшчэ зусім малым дзіцём, але ці нешта запомнілася? І што расказвалі ў вашай сям’і пасля, ці была магчымасць яшчэ паехаць да роднай хаты? І ці хацелі б туды яшчэ паехаць?

— Так, напраўду, я нарадзілася ў вёсцы Спярыжжа, якая знаходзілася прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Чарнобыльскай атамнай станцыі, а месца, дзе мы з бацькамі жылі ў 1986 годзе, пасёлак Сонечны (Піркі), быў яшчэ бліжэй.

Мне было чатыры гады, калі здарылася аварыя, але я шмат што памятаю, і той дзень, 27 красавіка, калі мы даведаліся пра здарэнне на АЭС, таксама. Цёплай сонечнай нядзеляй мы з сям’ёй вярталіся са Спярыжжа ў Піркі. Ішлі ад дзедавага дома да прыпынку праз яблыневы сад па белай ад пялёстак сцяжыне. Нечакана наляцела моцная навальніца. На прыпынку была толькі лаўка, і мы прамоклі да ніткі. Пазней мы даведаліся, што дождж і град сыпаліся з тых хмар, што не пускалі на Маскву.


Глядзіце таксама

А пра тое, што нешта здарылася на АЭС, у той жа дзень расказала жонка Васіля Ігнаценкі, якая прыехала да родных мужа ў Спярыжжа (гісторыя пажарніка ёсць у кнізе Святланы Алексіевіч). Але ў той момант ніхто не ўспрыняў аварыю ўсур’ёз.

Праўда, штосьці падазраючы, увечары мама вымыла нас з сястрой. Але наступнага дня мы, як заўсёды, пайшлі ў садок.

Некалькі гадоў таму я запісала ўспаміны бацькоў пра тыя дні і месяцы. Яны расказвалі мне пра верталёты над дзіцячым садком і людзей у касцюмах; пра эвакуацыю і пра тое, як здавалі карову; пра тое, як спрабавалі нас уберагчы то ў адных родзічаў, то ў другіх, пакуль самі працягвалі працаваць; пра тое, як ехалі з п’яным кіроўцам, бо лічылася, што гарэлка дапамагае ад радыяцыі; пра тое, як жылі летам у санаторыі, пра тое, як уладкаваліся на новым месцы…

Мае бацькі, а пазней і я, часта ездзілі ў Спярыжжа на могілкі і некалькі разоў у Піркі. Упершыню яны паехалі на Радуніцу ў 1996-м, калі гэта стала афіцыйна дазволена. У 1990-я ездзілі амаль штогод, цяпер, вядома, радзей. Але такія паездкі — не толькі магчымасць прыбраць магілы продкаў і паглядзець на рэшткі родных дамоў ды вуліц, некалі напоўненых жыццём, але і добрая нагода пабачыцца з былымі аднавяскоўцамі ды сябрамі.

— Калі можна, некалькі слоў пра вашу сям’ю (бацькі, дзяды), чым займаліся і займаюцца, скуль паходзілі?..

— Мае бацькі, як і мае дзяды ды бабулі, нарадзіліся ў Спярыжжы ці зусім побач у простых сялянскіх сем’ях. Па адукацыі мая маці была фельчаркай, а бацька будаўніком, цяпер яны абое на пенсіі і жывуць на Жлобіншчыне.

— Якая мова была першай? Ці былі нейкія рэгіянальныя адметнасці ў мове, на якой размаўлялі ў вашай сям’і? Ці маглі б назваць некаторыя беларускія словы, якія найбольш запомніліся, або тыя, якія вы найбольш любіце?

— Я паўсюль кажу, што мая родная мова — «трасянка», як і мова маіх бацькоў. Дзед, які жыў з намі, больш гаварыў на спярыжскай гаворцы. Але з літаратурнай беларускай мовай я пазнаёмілася рана, бацькі куплялі нам кнігі, я хадзіла ў беларускамоўную школу, тэлебачанне 90-х было ў большай ступені беларускамоўным.

Што да нашых слоў. Напрыклад, дзеяслоў «порацца» вельмі весяліў моладзь у вёсцы, куды нас перасялілі, а ў Спярыжжы яно азначала «рабіць справы па гаспадарцы, упраўляцца».

Я вечарам шчэ не пораўся.

Вось яшчэ слова «куёўдзіцца» — «кубліцца» (пра дзяцей, жывёлаў).

Што ты там куёўдзішся?! Злазь ужо з печы!

«Рыгізуля» — «жалязяка, жалезны інструмент».

Дай-ка мне эту рыгізулю, што ля плота стаіць.

Памятаю таксама выраз «(калі) жаба цыцы дасць», то-бок «амаль ніколі».  Ці «і ў сёндкі, і ў пёнткі» — скажоны польскі выраз.

Што ты не пераадзелася пасля школы? І ў сёндкі, і ў пёнткі тое плацце носіш.

— Наколькі Гомельшчына засталася ў вашым сэрцы? Ці нешта згадваецца, некуды цягне, ці гэта прасочваецца ў вашых думках і творчасці, ці цягне «да каранёў»?

— Так, цяпер, калі мне ўжо за сорак і я ўжо колькі гадоў не была ў Беларусі, я адчуваю сувязь не толькі з маім любімым Мінскам, але і з вясковай Брагіншчынай ды Жлобіншчынай, адкуль я родам. На жаль, палюбіць Гомель або Жлобін мне не ўдалося, мне было ў іх занадта цесна. Але на прыкладзе невялікіх гарадоў і мястэчак Аўстрыі, Швейцарыі, Германіі, дзе мы з маім мужам Альгердам Бахарэвічам паспелі пажыць ці пабываць, я зразумела, наколькі насычаным і адметным можа быць жыццё ў правінцыі. Для змен патрэбны дэцэнтралізацыя, увядзенне мясцовага самакіравання, падтрымка культурных і сацыяльных ініцыятыў на месцах і, вядома, любоў і павага да саміх сябе. Але, на жаль, у цяперашняй Беларусі ўсё наадварот.


Глядзіце таксама

І так, я цяпер сілкуюся ўспамінамі пра сваё маленства і ўспамінамі маіх бацькоў і ўжо не раз пісала вершы, імі натхнёныя.

— У адным з інтэрв’ю вы адзначылі, што «наш дом там, дзе нашы кнігі». Наколькі гэта застаецца надалей для вас актуальным? Дзе ён, «ваш дом»?

— З кожным новым годам экзылю пошукі адказу на гэтае пытанне робяцца для мяне ўсё больш балючымі. Але я па-ранейшаму працягваю збіраць бібліятэку на розных мовах, прысутнасць кніг заўсёды мяне супакойвае і грэе сэрца. Гэта важны складнік майго «дому». Яшчэ адзін важны складнік — гэта мой муж, з ім я адчуваю сябе дома і ў цягніку між гор, і ў самалёце над акіянам, і ў танным гатэлі, і ў чарговай кватэры. Але, вядома, мне хацелася б, каб у «дома» было не толькі метафарычнае напаўненне, каб я магла паказаць: «Вось гэта ён, мой дом». Але пакуль гэта немагчыма.

— Жыццё і сітуацыя склаліся так, што вы цяпер не жывяце ў Беларусі. Але жыццё працягваецца, таксама і творча вы сябе надалей паспяхова рэалізуеце. Калі можна, некалькі слоў пра тое, над чым цяпер працуеце?

— Не ведаю, наколькі паспяховая мая рэалізацыя. Але так, я працягваю працаваць над сваёй новай аўтабіяграфічнай кнігай, прысвечанай вобразам дарогі, выгнання і бяздомнасці.


Глядзіце таксама

— Калі дазволіце, то асабістае пытанне, бо ваш сямейны і творчы дуэт з Альгердам Бахарэвічам выглядае шчаслівым і паспяховым. З вашага досведу, наколькі лёгка (або цяжка), быць разам і ў жыцці, і ў працы? Чым вы любіце займацца, калі маеце вольны час?

— Найперш, мушу перадаць вам словы Альгерда, з якім я падзялілася гэтым пытаннем, што «мы не дуэт». :)) Мы з Альгердам не пішам разам, хаця, безумоўна, знаходзімся ў пастаянным дыялогу, чытаючы і абмяркоўваючы творы адно аднаго. У нямецкамоўнай прасторы нас часам называюць «das literarische Paar» — «літаратурная пара», мабыць, тое бліжэй да праўды. Часам гэта лёгка і прыемна, часам гэта цяжка, але гэта заўжды цікава.

А што да нейкага хобі, то, магчыма, гэта прагучыць дзіўна, але мы вельмі любім разам вандраваць па справах і без. Дарога нас натхняе і супакойвае, хаця, вядома, часам і стамляе. Але Альгерд — мой найлепшы спадарожнік, надзейны і цікаўны.