Паэтка Сабіна Брыло: «Мы стаім ля канца краю і спрачаемся пра тое, у чым дрэнна цямім...»
Паэтка, перакладчыца і журналістка Сабіна Брыло распавядае пра новую кнігу, размовы падчас вайны, эміграцыю і самацэнзуру ў інтэрв'ю «Радыё Свабода».
«Мы стаім ля канца краю і спрачаемся пра тое, у чым дрэнна цямім...»
— Нядаўна выйшла ваша новая кніга «У конца края». Калі бачыш такую назву, так і ўяўляецца край як абрыў нечага — дарогі, поля, жыцця. Але тут у абрыву ёсць яшчэ і канец. Нейкі шматкроць памножаны трагізм адчуваецца пад вокладкай з такрй назвай. Ці так гэта насамрэч задумвала аўтарка кнігі?
— Апошнім часам я стала занадта сур’ёзная, і мне гэта вельмі не даспадобы. Такое страшнае, няўклюднае, нядбайнае, дзікунскае жыццё — а яшчэ і ты ў ім з кіслым тварам, не здольны засмяяцца. Але ў назве кнігі я ўсё ж дазволіла сабе гульню, і сёй-той з маіх чытачоў (мой чытач — нешырокае свойскае кола), думаю, зловіць гэты мячык, які ляціць з мінулай кнігі «Я и другие люди». Апошні верш той кнігі быў напісаны ў 2018 годзе:
в конце света стояли и спорили
это конец или край
ты сказал: что бы это ни было,
здесь надо целоваться
Мне вельмі важна надаваць рэчам сэнсавую і фармальную нагрузку. І паміж сваімі кніжкамі я перакідаю «мосцікі». Другая кніжка была звязаная з першай («Это буквы») праз тытульны верш, цяпер пераклічка з папярэдняй адбываецца праз назву.
Кніжка «У конца края» доўга складалася (мне было нялёгка сабраць і абедзьве папярэднія, бо надта нуджуся працаваць з уласнымі архівамі). Пасля таго як Дзьмітры Строцаў прапанаваў мне выдаць тэксты ў ягоным выдавецтве, я тройчы змяніла канцэпцыю кнігі. Спачатку думала выдаць апошнія вершы, потым — лепшыя (у кніжкі занадта прывабны дызайн, хацелася аздобіць яго суперзместам), але нарэшце спынілася на тым, што выдам паводле прынцыпу «новыя і кароткія». А паколькі кароткіх вершаў маю шмат, адбіраць іх было нялёгка. Так што ад прапановы Дзімы да вёрсткі прайшоў, бадай, цэлы год. Працоўная назва кнігі была «Короткие стихи о войне и мире». Я склала яе ў лістападзе падчас літаратурнай рэзідэнцыі ў Вэнтспілсе, даслала Строцаву пасля дзясятага снежня, і ўжо праз некалькі тыдняў, пад Новы год, атрымала гатовую вёрстку.
Пад вокладкай, вядома, трагізм нашага часу: там трыццаць вершаў, напісаных з 2019 да 2023 году. Мы стаім ля канца краю і спрачаемся пра тое, у чым дрэнна цямім...
«Нумарныя кнігі могуць мець і цудадзейнае значэнне»
— Выдавец і аўтарка абвясцілі, што асобнікі выдадзенай кнігі — нумарныя. У кожнага чытача будзе асобнік са сваім нумарам. У чым загадка гэтай нумарацыі? Чыстая арыфметыка ці лічбы з кодам ад дзвярэй, за якімі схаваны цуд?
— Нумарныя экзэмпляры — асаблівасць выдавецтва hohroth. Гэтая ініцыятыва паходзіць з Нямеччыны, і яна даволі вядомая і паважаная ў Еўропе (замежныя сябры кажуць: о, крута, выдадзена ў hoсhroth!). Акрамя Нямеччыны, філіі hoсhroth дзейнічаюць у гарадах іншых краінаў. Дзмітрый Строцаў заснаваў у Берліне выдавецтва hoсhroth Mінск і ўжо выпусціў адзінаццаць кніжак, сярод якіх паэзія Насты Кудасавай, Андрэя Хадановіча, Артура Камароўскага і іншых сучасных беларускіх аўтараў, а ў перакладзе выдадзеныя вершы ўкраінца Сяргея Жадана.
Кніжкі hochroth робяцца не ў друкарні, а на сучасным хатнім абсталяванні, уручную. Не трэба зараджаць друкарскія машыны на пэўную колькасць экзэмпляраў, таму можна вырабляць столькі кніг, колькі патрэбна — пад індывідуальныя замовы, да прэзентацыі, для крамы і г. д. Нумары, як я разумею, парадкавыя, але ж можна надзяляць іх любым значэннем, нават і цудадзейным. Я думаю, што ў свеце не так многа выпадковых рэчаў. Нумар, які табе выпаў, нешта ды значыць.
«Абы што-небудзь гаварыць падчас жудаснай катастрофы, у якой мы апынуліся цяпер усе разам»
— Днямі ў сацыяльных сетках не на жарт разгарэлася дыскусія пра вершы, дакладней, пра тое, ці можна залічаць да паэзіі нерыфмаваныя творы. Ваш допіс у тых спрэчках пачынаецца даволі рэзка: «Што можа быць цяпер больш тупым за дыскусію пра тое, як павінны выглядаць вершы, калі асноўнае пытанне ў тым, трэба, каб была рыфма, ці не?» А якое яно, па-вашаму, сёння — галоўнае пытанне паэзіі?
— Насамрэч мой допіс быў жартаўлівы, хоць і пачынаўся ён так сувора. Я не ведаю, чаму дасюль адбываюцца спрэчкі вакол рыфмы — думаю, гэта проста нашае ратавальнае шумавое поле: проста забалботванне, базар — абы што-небудзь гаварыць падчас жудаснай катастрофы, у якой мы апынуліся цяпер усе разам. Трэба казаць хоць нешта, хоць аб нечым, займаць сябе балбатнёй, каб неяк трываць гэтыя абсалютна дзікунскія час і прастору. У нас не хапае слоў, каб гаварыць пра невыноснае, і мы шчабечам абы-што, каб заглушыць бясконцы гул паветранай трывогі.
Што да галоўнага пытання паэзіі — я ня ведаю, якое яно сёння. Думаю, сёння галоўнае пытанне ўсяго і ўсіх — ацалець і захаваць тое, што напрацавалі і пакінулі ў спадчыну добрыя і разумныя людзі, якія жылі да нас. У свеце ўжо столькі сфармулявана ідэй, столькі расказана гісторый, столькі цудаў патрабуюць да сябе ўвагі...
І пры гэтым новыя варвары паводзяцца так, быццам да іх жылі толькі нейкія ідыёты, якія ўсю гісторыю толькі і рабілі, што з дапамогай войнаў дзялілі між сабою грошы, тэрыторыю і розную рухомую і нерухомую маёмасць.
Напэўна, адно з найгалаўнейшых пытанняў паэзіі (як і філасофіі) — як быць, калі найпрасцейшым выйсцем выглядае «не быць». Людзі, што жылі да нас, перажывалі тое самае, што перажываем мы. Мы ведаем пра гэта дзякуючы таму, што некаторыя з іх фармулявалі і запісвалі. Калі мы хочам падтрымаць тых, хто прыйдзе пасля нас, мы мусім працягваць гэтую справу. Бо наўрад ці здолеем пакінуць ім лепшы свет.
«Пішучы любы тэкст, я маю на ўвазе, што яго можа чытаць „трэці бок“»
— І яшчэ адну вашу цытату хацелася б тут прывесці: «Што б ты ні пісаў, думай пра дзве рэчы: 1) пра нядобразычліўца, які чытае, і 2) пра вечнасць». Пра што самі думаеце, пішучы вершы безыменнаму чытачу ці ліст сяброўцы ў турму?
— Калі я арганізую паэтычнае выказванне, я размаўляю з сабой альбо з некім, каго ўяўляю як вечнасць. Можа, я проста хачу яго зацікавіць, неяк да сябе прывабіць, прышаптаць... Спадзяюся, што ён са мной загаворыць, і тады я ўжо запішу сабе наш дыялог. Думаю, калісьці я марыла сустрэць жывога чалавека «такога самага, як я» — напэўна, некаторыя тэксты ствараліся ў надзеі знайсці яго сярод мноства іншых. Такая, ведаеце, вуда, якой ловяць чалавечкаў. Але цяпер я, здаецца, стамілася гэта рабіць.
Пра што думаю, пішучы? Пра тое, што пішу, і пра бяспеку таксама — сваю і адрасата. Увесь час, пішучы любы тэкст, я маю на ўвазе, што яго можа чытаць «трэці бок». І хоць я ня ведаю ніводнай ваеннай таямніцы, на пісьме я даволі моцна кантралюю выказванне.
«Часовы дазвол на жыхарства — добрае азначэнне сённяшняга чалавечага жыцця»
— Жывучы ў Вільні ўжо больш за два гады, вы даволі актыўна перакладалі творы літоўскіх літаратараў. А нядаўна атрымалі дзяржаўны сэртыфікат на валоданне літоўскай мовай. Ці дае ён вам нейкія прэфэрэнцыі ў перакладчыцкай справе і ў стасунках з дзяржаўнымі органамі, якія займаюцца справамі легалізацыі беларусаў у Літве? Які, дарэчы, ваш там статус цяпер?
— За гэты час я пераклала некалькі дзясяткаў вершаў Гінтараса Граяўскаса і яго фантастычна-філасофскую аповесць пра рыцара і дракона. Мы ўжо шмат расказвалі пра яе чытачам, але выдаўцы ніяк не возьмуцца яе выдаць. Таксама пераклала некалькі артыкулаў для медыя, вось і ўсё.
У студзені я прайшла інтэнсіўныя курсы літоўскай мовы ў Віленскім універсітэце на ўзроўні В1. Было цяжка, але вельмі цікава і карысна. Падабралася файная група: усе сямёра студэнтаў былі з розных краін, усе вельмі цікавыя, і стасаваліся мы пераважна на літоўскай. Няблага ўжо разумею мову, але нармальна размаўляць у побыце я пакуль не магу. Маю такую праблему з усімі тымі мовамі, якія разумею: цяжка гаварыць.
На курсы я хадзіла дзеля самой сябе і за свае грошы. Ніякіх прэфэрэнцый у Літве я ня маю, і сертыфікат мне іх не дае. Але я маю ў Літве вельмі добрых сяброў і знаёмых, якія часам дапамагаюць мне жыць. То запросяць у тэатр, то на каву, то замовяць напісаць артыкул. У лютаўскім нумары літаратурнага часопіса Metai выйдзе маё чарговае эсэ — літоўцы цікавяцца нашым жыццём. А літоўскай мовай са мной цяпер займаецца былая ўнівэрсітэцкая выкладчыца, аўтарка адной з найлепшых кніг па літоўскай граматыцы. Калі жыць вельмі цяжка, а часам невыносна — чалавек ідзе да чалавека. І чалавек робіць цуд, каб ты чарговы раз узгадаў, што Бог ёсць.
У Літве я цяпер жыву ў чаканні чарговага часовага дазволу на жыхарства. Чаканне крыху падзацягнулася, і гэта мяне, канешне, нервуе. Часовы дазвол на жыхарства — добрае азначэнне сённяшняга чалавечага жыцця.
«Часам думаю пра тое, што дурнота — вельмі добры сродак ад болю»
— Якія светлыя пачуцьці і абнадзейвальныя навіны прынёс вам карагод калядных святаў? Якія вершы напісаліся ў новым годзе?
— Калі складала новую кніжку, высветліла, што ў мінулым годзе напісала мала вершаў, можа якія дзясяткі два. Мова калапсуе, словаў не хапае, усе словы — «не тое», хочацца проста махнуць рукой: «Што гаварыць!». У сябе паглыбляцца не менш страшна, чым у навіны. Часам думаю пра тое, што дурнота — вельмі добры сродак ад болю. Проста не думай. Не шукай адказы на пытанні, калі адчуваеш, што дайшоў да дна ў сваіх пошуках. Але ж ты ведаеш (навошта ты гэта ведаеш?), што дна не існуе. А значыць, можна свяціць сваім пытаннем, як ліхтарыкам, у іншыя часткі прасторы. Працягваць шукаць (навошта?!).
Для мяне асабіста год і скончыўся, і пачаўся няблага. Мы сустрэлі яго ў Вільні на Кафедральнай плошчы, потым абсалютна стыхійна арганізаваўся святочны стол для добрай кампаніі нашых сяброў і добрых знаёмых. А потым на курсах літоўскай мовы я нават адчула радасць (якой не адчувала даўным-даўно). Я вельмі сумую па сапраўднай радасці. Гэта сапраўды лекавы сродак. Так не хочацца быць цяжкім, змрочным чалавекам. І вершы хацелася б пісаць лёгкія, вясёлыя. У студзені я напісала два — але яны, на жаль, не такія.
Кароткія вершы пра вайну і мір
* * *
время пришло
говорит: ну что
ты не готов
а я пришло
ты говоришь:
заходи, садись
не предупредило
теперь жди
* * *
повсюду война
а ты
никогда не хотел победы
сначала надеялся, что поймут
потом — что просто не тронут
теперь одного желаешь:
чтоб не заметили
* * *
Я спросил Бога, видит ли он каждого человека.
Бог недолго подумал (мне показалось, он что-то считает в уме)
и сказал: понимаешь, я знаю, что вижу тех, кого вижу,
но я не уверен, что тех, кого я не вижу, не существует.
* * *
Возьми надежду, всяк сюда входящий.
Используй аккуратно и по делу.
Не рви, не пачкай, не ломай детали.
На выходе оставь ее другому.
Малітва найноўшага часу
...камень мой штодзённы дай мне сёння
і падсунь бліжэй майго бліжняга
каб дакладна мог я патрапіць
яму ў патыліцу
* * *
ничего парадоксального
чисто формальная логика:
тяжело без человека
с которым легко
* * *
жыцьцё маё склалася лепш, чым мусіла
горш, чым магло б, —
напісаў чалавек эпіграф да біяграфіі
і падпісаў:
а можа, наадварот
* * *
каждый живой виноват перед мертвым
сытый — перед голодным
смеющийся виноват перед плачущим
любимый — перед брошенным
столько вокруг тяжко виновных:
сбежавших перед пойманными
верящих перед отчаявшимися
раненых перед убитыми
* * *
у нас для вас гуманитарная помощь —
чистые тряпочки,
в которые надо молчать
берите,
понадобятся
* * *
незапертая
стоит чужая беда —
сел и поехал