Сацапытаньне: у Літве з дыскрымінацыяй сутыкаліся 16% беларускіх эмігрантаў, у Польшчы — 31%, у Грузіі — 39%
У Польшчы, Літве і Грузіі існуе розная ступень непрыязнасьці да эмігрантаў зь Беларусі, сьведчаць вынікі дасьледаваньня, праведзенага камандай незалежных беларускіх сацыёлягаў на чале з Філіпам Біканавым пры падтрымцы нямецкага фонду Фрыдрыха Эберта, піша Св*бода.
Апытаньне праводзілася з дапамогай ананімнага анлайн-анкетаваньня.
Яно паказала, што з дыскрымінацыяй у Літве асабіста сутыкаліся 16% беларускіх эмігрантаў (ад знаёмых пра такія факты ведае 48%), у Польшчы — 31% (33%), у Грузіі — 39% (49%).
Формы дыскрымінацыі, зь якімі сутыкаліся беларускія эмігранты ў Польшчы, Літве і Грузіі, паводле апытаньня:
- вэрбальныя абразы ў побыце і ў інтэрнэце (сутыкаўся 61% беларускіх эмігрантаў у Польшчы, у Грузіі — 65%, Літве — 68%),
- адмовы ў банкаўскім абслугоўваньні (Польшча — 24%, Літва — 17%, Грузія — 34%) і арэндзе жыльля (17%, 30%, 34%),
- завышэньне коштаў на тавары і паслугі (чвэрць апытаных у Грузіі, у Польшчы — 3%, у Літве — 10%),
- дыскрымінацыйнае стаўленьне і нэгатыў з боку ўкраінцаў (у Польшчы — 63%, у Грузіі — 21%, у Літве — 51%) і мясцовых жыхароў (у Польшчы — 56%, у Грузіі — 84%, у Літве — 60%).
Беларускія эмігранты трох краін у пераважнай большасьці прытрымліваюцца антываенных паглядаў і дапамагаюць Украіне.
94% удзельнікаў апытаньня ў Польшчы вінавацяць у разьвязваньні вайны Расею, у Літве такі пункт гледжаньня падзяляюць 96% беларусаў, у Грузіі — 97%.
На Беларусь адказнасьць за вайну ўскладаюць 42% рэспандэнтаў у Польшчы, 34% — у Літве, 38% — у Грузіі. Каля 10% беларусаў, якія жывуць у трох гэтых краінах, лічаць вінаватымі ў вайне Эўразьвяз і ЗША. На думку сацыёлягаў, за гэтымі лічбамі хаваецца незадаволенасьць удзельнікаў апытаньня недастатковай падтрымкай Украіны краінамі Захаду да пачатку вайны Расеі супраць Украіны і на пачатковым яе этапе.
83% апытаных беларусаў у Польшчы, 75% у Літве і 73% у Грузіі сказалі, што падтрымліваюць Украіну ў супрацьстаяньні зьнешняй агрэсіі рознымі спосабамі, самыя папулярныя зь іх — удзел у антываенных мітынгах, салідарнасьць у інфармацыйным полі і грашовыя пераводы (сукупна 55-65% у трох краінах). У Польшчы сярод беларусаў больш распаўсюджаны валянтэрскі рух у дапамогу ўкраінскім уцекачам, ім займаюцца 36% апытаных, у Літве і Грузіі гэты паказчык складае адпаведна 20% і 26%.
Вялікая (18%) доля беларусаў Польшчы дапамагала ўцекачам з Украіны з жытлом. Сацыёлягі тлумачаць актыўную пазыцыю беларускіх эмігрантаў у Польшчы тым, што там знаходзіцца найбольш шматлікая ўкраінская дыяспара, а лягістыка прасьцейшая.
Апытаньне таксама паказала, што сярод беларускіх перасяленцаў у Польшчы, Літве і Грузіі практычна адсутнічаюць прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі. Праціўнікаў яго рэжыму ў трох краінах прыкладна аднолькава — каля 90%.
Захаваны правапіс арыгіналу