Топ-10 фільмаў пра эміграцыю

Беларусы знаходзяцца сярод вялікай плыні, якая нясецца ва ўсе бакі з роднай краіны, рассылаючы нашых суграмадзянаў у розныя месцы. Часьцей за ўсё зараз гэта адбываецца пад цяжарам рэпрэсій і вайны. Калі вы ўжо паехалі, ці засталіся ў Беларусі, нашая падборка стужак дапаможа глыбей прасякнуцца цяжкасьцямі і новымі магчымасьцямі эмігрантаў.

Кадр з адной са стужак нашага спісу

Кадр з адной са стужак нашага спісу

Нумар 10. Імігрант (The Immigrant). 2013



the_immigrant.jpg

Фільм Джэймса Грэя распачынае наш сьпіс. Мы трапляем у 1921 год, Польская дзяржава ўздымае галаву пасьля «цуду на Вісьле», але ў дзвюх сясьцёр — Евы і Магды Цыбульскіх зьяўляецца іншая мара: яны прыплываюць у Нью-Ёрк на параходзе. Ролю Евы выконвае твар французскага кіно ХХІ стагодзьдзя — Марыён Каційяр. Як толькі сёстры дасягнулі Амерыкі, высьвятляецца, што Магда — цяжка хворая, і яе па закону неабходна зьмясьціць на карантын. Сёстры разлучаюцца. Ева трапляе на няветлівыя і брудныя вуліцы Манхэтана, яна цалкам зьбіта з панталыку. Ёй трапляецца чалавек на імя Бруна, які абяцае дапамагчы з пошукам сястры, але Еве неабходна ў расплату заняцца прастытуцыяй. Ці знойдуцца дзьве полькі — даведаецеся пры праглядзе. У іншых галоўных ролях: Хаакін Фэнікс і Джэрэмі Рэнэр.

 

Нумар 9. Жах зьядае душу (Angst essen Seele auf). 1974



angst_essen_seele_auf.jpg

На кінафэсьце ў Канах гэтая стужка Райнэра Марыі Фасбіндэра атрымала спэцыяльную ўзнагароду экумэнічнага (хрысьціянскага) журы. Гэта, верагодна, вяршыня творчасьці нямецкага рэжысэра. Фільм апавядае пра незвычайныя адносіны, якія склаліся ў Заходняй Нямеччыне таго часу. Малады гастарбайтар з Марока, які спрабуе працаваць у Мюнхене, заводзіць раман са звычайнай прыбіральшчыцай, якая перажыла ўжо і бальзакаўскі ўзрост. Героі сутыкаюцца з магутным адрынаньнем грамадзтва. Суседзі, калегі па працы, а асабліва чальцы сям’і: усе знаходзяцца ў надзвычайным узрушаньні. Увесь сьвет навакол пары паказаны сталёва-халодным. Жах, які зьядае душу, прыводзіць урэшце да язвы страўніка гастарбайтэра: звычайнай хваробы, якая разьвіваецца ў замежных працоўных, як сьцвярджаецца ў стужцы.

 

Нумар 8. Бацька-гаспадар (Padre padrone). 1977



padre_padrone.webp

Фільм братоў Паола і Віторыя Тавіяні скарыў журы конкурснай праграмы ў Канах і атрымаў за пазначаны год Залатую пальмавую галіну — узнагароду за найлепшы фільм. Дзеяньне разгортваецца ў вёсцы Сіліга на Сардзініі, і асноўная ўвага надаецца сям'і Леда, перш за ўсё жорсткаму бацьку і яго чульліваму сыну Гавіна. Жыцьцё ў вёсцы вельмі складанае, і бацька эксплюатуе свайго маленькага сына па поўнай. Спачатку ён забірае Гавіна са школы ў шасьцігадовым узросьце ў пастухі. Калі хлопчык спрабуе ўцячы, бацька моцна зьбівае яго, спрабуючы выбіць гэтыя непатрэбныя замашкі: сын павінен працаваць як бацька, інакш навошта ён жыве і спажывае яго хлеб?

Калі Гавіна дасягае прыблізна 20-цігадовага ўзросту, ён зноў спрабуе кінуць ненавісную вёску і тырана-бацьку, скіраваўшыся на працы ў Нямеччыну. З Гавіна, магчыма, нешта вырасьце. Але лёс зноў злучыць два пакаленьні італьянскай сям’і разам. Вясковае жыцьцё — няпростае паўсюль. Стужка будзе цікавая і ахвотным даведацца пра быт сельскіх жыхароў, бо яшчэ зусім нядаўна амаль усе нашыя бабулі-прадзеды праводзілі ўсё жыцьцё там.

 

Нумар 7. Бруклін (Brooklyn). 2015



brooklyn.jpg

Джон Краўлі скарыстаўся талентам Сіршы Ронан, якая выконвае тут галоўную ролю, каб распавесьці гісторыю пра эмігрантаў. Сюжэт стужкі дастаткова няхітры: гераіня Сіршы Ронан пакінула родную Ірляндыю ў 1950-я гады і выправілася ў далёкія Злучаныя Штаты. У Брукліне яна паступова засвойваецца, знаходзіць працу. Праз некаторы час навіны з радзімы вымушаюць яе вярнуцца. У гераіні зьяўляецца дылема, дзе ёй быць. Па сутнасьці, гісторыя прасьцей простай. Але так толькі падаецца. Тое, як прыгожа выбудаваны фільм — будзе вас зьдзіўляць пры праглядзе. Дэталі, якія дае заўважыць рэжысэр — вельмі асаблівыя. Лыжка для спагецьці ці новыя сонечныя акуляры.

 

Нумар 6. Пажары (Incendies). 2010



incendies.jpg

Адзін з цудоўных фільмаў канадзкага рэжысэра Дэні Вільнёва. Іранічная гісторыя, якая ўключае ў сябе трагічную грамадзянскую вайну ў Лібане. У Канадзе памірае старая лібанка, якая ўжо даўно жыве ў гэтай паўночнаамерыканскай краіне, і пакідае ў якасьці запавету лісты сваім дзецям – блізьнятам сыну і дачцэ, каб яны перадалі яго свайму іншаму брату (як гэта бывае ў фільмах, яны ня ведалі пра існаваньне трэцяга брата). Ён у Лібане, а яны ў Канадзе. А другі ліст неабходна аддаць іх бацьку (якога яны лічылі даўно памерлым). Яны скіроўваюцца на Блізкі Усход. Прыгоды паступова раскрыюць патаемныя гісторыі з жыцьця маці.

 

Нумар 5. Пельле-заваёўнік (Pelle erobreren). 1987



pelle_erobreren.jpg

Зноў у нашым сьпісе пераможца канскага кінафэсту, у гэтым выпадку за 1987 год. Вельмі скандынаўскі фільм Біле Аўгуста, які распавядае пра гісторыю, якая адбылася ў далёкім 1877 годзе, калі маленькі Пельле разам за сталым бацькам, пасьля сьмерці маці, вымушаныя перабрацца са Швэцыі ў Данію. Аднак па прыбыцьці зь імі абыходзяцца як з прыслугай, што прывяло да глыбокага душэўнага перавароту ўражлівага Пельле. Бацька ў выкананьні лепшага швэдзкага актора ўсіх часоў — Макса фон Сюдава — спрабуе неяк зарабіць пару кронаў, і разам з тым прасякнуты сваім дзіцём. Дзьве з паловай гадзіны мы будзем сьведкамі іх сумеснага жыцьця на новай радзіме. На экране гэты час ахопіць год жыцьця Пельле, які мусіць заваяваць сваё права на годнае жыцьцё.

 

Нумар 4. Больш дзіўна, чым у Раі (Stranger Than Paradise). 1984



stranger_than_paradise.jpg

Стылёвая чорна-белая стужка Джыма Джармуша, якая па сутнасьці і зрабіла яго шырокавядомым. Джым Джармуш здымае тое, што пэўныя людзі акрэсьліваюць як «арт-хаўз» — няхай так. У фільме тры выразныя разьдзелы. Героі стужкі зьяўляюцца так званымі чужымі на радзіме. Мы ўбачым людзей, што жывуць у Амэрыцы, іх узаемадзеяньні, але таксама і іх адносіны да кватэры, у якой яны жывуць, яшчэ шырэй – да горада. Да месцаў, дзе яны ядуць хот-дог з кавай і перамываюць косткі знаёмым. Чаго толькі вартая адна з гераіняў: цётка Лота, якая вечна размаўляе па-вугорску пра ўсё на сьвеце сваім гасьцям, не зьвяртаючы ўвагі, слухаюць яны яе ці не.

 

Нумар 3. Бабілён (Babel). 2006



babel.jpg

Чароўны фільм Алехандра Гансалеса Іньярыту, які не пакіне вас без эмоцый, нават калі вы выпадкова паглядзіце яго бяз гуку. Зорны акторскі склад: Кейт Бланшэт, Брэд Піт, Эль Фанінг і Гаэль Гарсія Бэрналь знаходзяцца на максімальна сваіх месцах падчас усёй дзеі. Мы ўбачым Марока, Японію і Мэксіку. Але гэта не фільм пра прыгоды — стужка пра чалавечыя лёсы, якія так мудрагеліста могуць быць заплеценыя. Трагічны інцыдэнт, які здараецца ў амэрыканскай сям’і ў паездцы ў Марока, запускае сабою ланцужок падзеяў, якія закрануць розныя сем’і на розных кантынэнтах. Падзеі нясуць з сабою разуменьне таго, што менавіта сям’я дае суцяшэньне.

 

Нумар 2. Банды Нью-Ёрка (Gangs of New York). 2002



gangs_of_new_york.webp

Легендарны фільм Марціна Скарсэзэ, які паказвае брутальны, жорсткі, канкурэнцкі Нью-Ёрк 1863 года. Стужка пачынаецца з бойкі паміж дзвюма бандамі ў Файв Пойнтс, раёне Манхэтэна. З аднаго боку — ірляндзкія імігранты-каталікі, якіх называюць «Мёртвыя трусы», на чале са «сьвятаром» Валонам у выкананьні Ліяма Нісана. Ён — бацька маладога Амстэрдама, які вырастае чалавекам, якога сыграў Леанарда Ды Капрыа. У баі яны сутыкаюцца з Канфедэрацыяй амерыканскіх мясцовых, пратэстанцкай групай, якую ўзначальвае «Мясьнік Біл», якога грае Дэніэл Дэй-Льюіс (гэты актор між іншым мае найбольшую колькасьць узнагародаў Оскар за лепшую мужчынскую ролю — тры). Першая сцэна заканчваецца тым, што Біл забівае «Сьвятара», такім чынам заваёўваючы тэрыторыю для пратэстанцкай групы. Пасьля падзеі пераносяцца на дваццаць гадоў наперад. Нас чакае жорсткая, костка-ў-костку вайна за ўплыў у Нью-Ёрку. Гісторыкі пасьля прагляду стужкі адзначалі: «Ніводзін фільм ніколі не адлюстроўваў амэрыканскую галечу такім чынам: імігранты туляцца на паліцах у кватэрах, галодныя дзеці паміраюць на вуліцах, няма законаў, акрамя праўленьня моцных, і кожны імігрант або расавае племя змагаецца зь іншымі».

 

Нумар 1. Эмігранты (Utvandrarna). 1971



utvandrarna.jpg

Узначальвае наш рэйтынг швэдзкі фільм рэжысэра Яна Труэля. За ролю ў стужцы Ліў Ульман атрымала ўзнагароду «Залаты Глёбус». Другой зоркай карціны стаў узгаданы вышэй Макс фон Сюдаў. Эміграцыя справа доўгая, таму і фільм у аўтараў артымаўся надзвычай працяглым – больш за тры гадзіны. Але яны безумоўна вартыя таго, каб патраціць на іх ваш вечар. Уявіце халодную, вельмі халодную Швэцыю сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя. У бязьлюдным месцы на ферме працуе сямейная пара. Іх стан пагаршаецца, як і жыцьцё падобных сем’яў навакол, і яны вырашаюць прадаць усё і выправіцца ў Амэрыку на караблі. Бясконцая дарога па моры і па сушы прыводзіць эмігрантаў у невядомую  ім Мінесоту, якая ўяўляецца ці не раем на зямлі. Іх чакае… гэта вы даведаецеся, калі ўключыце гэты выдатны фільм.