Навіны дня. Кірмаш, дзе расіяне прадаюць нарабаванае, і заявы Мядзведзева пра «вяртанне ў родную гавань»

Беларусы стварылі сервіс пошуку жылля для бежанцаў-украінцаў. А Украіна дэнансавала пагадненні з РФ і Беларуссю ў галіне стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі. Што яшчэ адбылося 2 красавіка ў Беларусі? У нашым традыцыйным аглядзе згадваем асноўныя падзеі дня.

_mur___njavolja___vyjsce___vyhad___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Улады Беларусі працягваюць прыдумляць рэпрэсіўныя ініцыятывы для ціску на беларусаў, якія пакінулі краіну. Камуналку — па поўнай, падаткі — удвая. Як улады Беларусі ціснуць на эмігрантаў. Да таго ж палітэмігрантаў хочуць судзіць завочна, а «экстрэмістаў» пакінуць без маёмасці.
Мядзведзеў назваў падзелы Рэчы Паспалітай «вяртаннем Белай Русі ў родную гавань». Ён адзначае, што ў савецкіх падручніках для апісання падзелаў Рэчы Паспалітай паміж Прусіяй, Аўстрыйскай і Расійскай імперыямі выкарыстоўваўся тэрмін «падзел Польшчы». Дзмітрый Мядзведзеў лічыць гэты тэрмін няправільным. На яго думку, Кацярына II вярнула сабе «сваё», таму Расія аніякага дачынення да падзелаў не мела. Ён называе падзелы Рэчы Паспалітай «вяртаннем Белай Русі ў родную гавань». Метафара «роднай гавані» актыўна выкарыстоўвалася і выкарыстоўваецца расійскімі прапагандыстамі для апісання акупацыі ўкраінскага Крыма ў 2014 годзе.
У Нароўлі, што на Гомельшчыне, расійскія вайскоўцы гандлююць нарабаваным ва Украіне. Для гэтага расіяне абсталявалі адмысловы кірмаш. На ім можна купіць пральныя і посудамыйныя машыны, лядоўні, каштоўнасці, аўтамабілі, ровары, посуд, творы мастацтва, касметыку, дзіцячыя цацкі.
Тым часам урад Украіны дэнансаваў пагадненні з Расіяй і Беларуссю ў галіне стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі.
Кіраўніца беларускай суполкі Мікалаева Таццяна Дзяменнікава стала адной з тых, хто загінуў у выніку ўдару па будынку абладміністрацыі 29 сакавіка. Яе цела дасталі з-пад завалаў. Таццяна Дзяменнікава загінула ад расійскай ракеты.
У Нароўлі затрымалі актывіста Мікалая Віткоўскага. Ён цяпер знаходзіцца ў Гомельскім СІЗА №3. Дата затрымання і прычыны затрымання пакуль невядомыя.
Вядомы мастацтвазнаўца Мікіта Моніч з'ехаў з Беларусі. Рашэнне была прынятае пасля 24 лютага, калі расійскія войскі ўварваліся на тэрыторыю Украіны.
Беларусы запусцілі сервіс пошуку жылля для бежанцаў з Украіны — icanhelp.host. З яго дапамогай жыллё ў розных краінах знайшлі ўжо больш за 1600 чалавек.