Навіны дня. Жорсткія кадры з Бучы і відэа расіян-марадзёраў

Безумоўна, увесь свет быў шакаваны вельмі жорсткімі кадрамі з вызваленай украінскай Бучы. Яны ў асноўным і абмяркоўваліся — і ў маральным, і ў палітычным рэчышчах. Што яшчэ адбылося 3 красавіка? У нашым традыцыйным аглядзе згадваем асноўныя падзеі дня.

4s3aaxs2mvonjgzrpufha74fwm.jpg


Першага красавіка мэр Бучы Анатоль Федарук пацвердзіў, што ўкраінскія вайскоўцы выгналі з горада расійскіх акупантаў. У Генштабе УСУ адзначылі, што падчас адступлення з Бучы расійцы замініравалі грамадзянскія збудаванні і аб'екты інфраструктуры горада. Ваенныя карэспандэнты прадставілі кадры апошніх дзён з вызваленай Бучы.

Мы падабралі самыя «бяскрыўдныя» з іх. На іншых кадрах былі людзі ў брацкіх магілах, мёртвыя мужчыны са звязанымі рукамі ў калодзежы, кагосьці смерць заспела падчас язды на ровары або ў аўто.

Святлана Ціханоўская нагадала пра адказнасць Лукашэнкіза ператварэнне краіны ў саўдзельніцу Расіі.

Сусветныя лідары запатрабавалі расследавання ваенных злачынстваў і анансавалі новыя санкцыі ў дачыненні да Расіі.

Віцэ-прэм'ер-міністр Польшчы Яраслаў Качыньскі заявіў, што Варшава адкрытая для размяшчэння ядзернай зброі ЗША на сваёй тэрыторыі. У той жа час палякі чакаюць ініцыятывы Вашынгтона на гэты конт.

Латвійскі аператар сховішчаў прыроднага газу паведаміў, што краіны Балтыі не імпартуюць расійскі газ. Трэцяга красавіка Літва стала першай краінай Еўрапейскага Звязу, якая цалкам адмовілася ад імпарту расійскага газу.

Тэлеграм-канал аб расійскіх войсках у Беларусі апублікаваў тры гадзіны запісаў з анлайн-камеры кур'ерскай службы ў Мазыры, праз якую акупанты-марадзёры адпраўляюць крадзеныя ва ўкраінцаў рэчы. Пасля публікацыі запісу камеру адключылі, але на відэа ў салдат бачныя шэўроны 56-га гвардзейскага дэсантна-штурмавога палка ВС РФ, які дыслакуецца ў Феадосіі (украінскі Крым, часова акупаваны РФ).

Як такое ўвогуле стала магчымым? У чым увогуле сэнс бурату ехаць сотні кіламетраў, каб страляць па ўкраінцу? Пра гэта ў сваім матэрыяле разважае Аляксандр Прыгожанькі.

А напрыканцы дня нас напаткала сумная навіна — памёр Уладзімір Крукоўскі, адзін з аўтараў герба «Пагоня», які быў дзяржаўным з 1992 па 1995 гады.