Расійскія марадзёры адпраўляюць крадзеныя ва ўкраінцаў рэчы поштай (відэа)
Тэлеграм-канал аб расійскіх войсках у Беларусі апублікаваў 3 гадзіны запісаў з анлайн-камеры кур'ерскай службы ў Мазыры, праз якую акупанты-марадзёры адпраўляюць крадзеныя ва ўкраінцаў рэчы.
Учора, 2 красавіка, салдаты ВС РФ адпраўлялі крадзеныя ва Украіне рэчы праз аддзяленне расійскай службы экспрэс-дастаўкі СДЭК у горадзе Мазыры (Беларусь) па адрасе вул. Куйбышава, 32. Гэта ўдалося даведацца дзякуючы інфармацыі ад беларусаў і анлайн-камеры на сайце аддзялення кур'ерскай службы, якую пасля публікацыі адключылі.
Да гэтага моманту рэдакцыя праекту «БГ» толькі меркавала, што рэчы, якія яны ў вялікай колькасці адпраўляюць у РФ, былі скрадзеныя ва Украіне. Аднак канал атрымаў 3-хгадзінны запіс з відэакамеры ў гэтым аддзяленні, які запісваўся з 11:30 да 15:00 2 красавіка 2022 года.
На відэа выразна відаць, што салдаты ВС РФ адпраўляюць крадзеныя рэчы: тэлевізары, 4 скрынкі з кандыцыянерамі AKAI, электрасамакат, алкаголь з цэннікамі, відэакарты, выцяжкі, акумулятары для аўто і кучу іншага. У адным з момантаў можна заўважыць баул з украінскага ГЦ «Эпіцэнтр».
На відэа ў салдат бачныя шэўроны 56-га гвардзейскага дэсантна-штурмавага палка ВС РФ, які дыслакуецца ў Феадосіі (украінскі Крым, часова акупаваны РФ).
Канал «БГ» публікуе 3 гадзіны запісу без змен і просіць СБУ надаць гэтаму відэа асаблівую ўвагу, на ім захаваныя асобы, нумары тэлефонаў і адрасы дастаўкі салдат ВС РФ, якія відавочна рабавалі ўкраінскія дамы і людзей. Таксама канал просіць усіх максімальна распаўсюдзіць гэтае відэа, бо гэта чарговыя прамыя доказы злачынстваў расійскіх акупантаў.