CNN: Расія хоча аб'явіць аб перамозе ва Украіне да 9 траўня

Амерыканская разведка лічыць, што Расія захоча ўзяць Данбас пад поўны кантроль да 9 траўня. Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з разведданымі.

2bf729e3b3bae2691d5666e43e63c5cf.jpg

Суразмоўцы тэлекампаніі нагадалі, што Расія перагледзела стратэгію ў дачыненні да Украіны і афіцыйна заяўляе, што зараз мае намер засяродзіцца на Данбасе. У астатняй Украіне расійскія сухапутныя войскі «не могуць утрымліваць кантроль над раёнамі, дзе яны вядуць баявыя дзеянні», сказалі яны.
У выпадку з Данбасам, паведамляе CNN, у Расіі больш шанцаў. Крыніцы кажуць, што для расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна важна дабіцца поспеху да 9 траўня, бо Дзень Перамогі мае для яго сімвалічнае значэнне.
«Пуцін зладзіць парад перамогі 9 траўня незалежна ад статусу [бягучай] вайны або мірных перамоваў», — сказаў CNN прадстаўнік міністэрства абароны адной з краін ЕС. На яго думку, прэзідэнт Расіі рыхтуецца да доўгай і зацяжной вайны па сцэнары дзвюх чачэнскіх кампаній: «Бо які ў яго яшчэ ёсць выбар».