У палітыцы за памылкі бацькоў заўсёды расплачваюцца дзеці

У нападзе Расіі на Украіну сёння многія не да канца разумеюць, у тым ліку ў Беларусі, чаму ўмоўны рускі ідзе забіваць украінцаў на чужую зямлю. Больш за тое, для многіх не вельмі ясны адказ, а навошта чачэнцу ісці забіваць украінцаў?

dsc_7645.jpg

Ці можа ў бурата ёсць нейкая мэта? А пры поглядзе на геаграфічную карту гэтае пытанне становіцца яшчэ больш вострым. Дзе Чачэнія, і дзе Украіна? У чым сэнс бурату ехаць сотні кіламетраў, каб страляць па ўкраінцу?
Сённяшняе маладое пакаленне Беларусі, якое нарадзілася ў 1990-х, было выхавана бацькамі, якім з малаком маці паўтаралі пра адзіны «славянскі народ» у выглядзе беларусаў, рускіх і ўкраінцаў. Многія сучасныя дарослыя бацькі ўсур'ёз лічаць расійцаў сваімі «братамі». І менавіта яны першымі даносяць да сваіх дзяцей гэтыя ідэі, а не дзяржава, хай і часцей за ўсё «па інерцыі», інстынктыўна, як звычку, якая засталася з агульнага савецкага мінулага. «Мы с русскимм братские народы, сынок», — кажа мама свайму сыну з малых гадоў. За падобныя выказванні бацькі, самі не разумеючы таго, нясуць вялікую адказнасць, наклікаючы на сваё дзіця інтэлектуальную і ідэалагічную небяспеку.
У сярэднім большасць хлопцаў сёння ідзе ў войска прыкладна ў 21 год, пасля каледжа / універсітэта. У гэтым узросце ў чалавека погляды і жыццёвыя арыенціры яшчэ знаходзяцца ў стадыі фармавання. Беларускія бацькі абавязаны гэта разумець і фільтраваць розныя палітычныя ідэалогіі і ідэі, а ў нашым выпадку пра «рускі братэрскі народ». Таксама абавязкова трэба гаварыць сваім дзецям, што яны беларусы і толькі беларусы, і ні якія не рускія. Бо калі гэтага не рабіць і махнуць рукой, то ў маладога хлопца можа сфармавацца скажонае ўяўленне аб палітычнай рэальнасці, якое яшчэ больш сказіцца ва ўніверсітэце, а ў войску будзе дабітае да канца. А каб было зразумела, у кантэксце сённяшніх ваенных падзей у такой сітуацыі любы афіцэр будзе мець дадатковы аргумент для адпраўкі вашага хлопчыка ваяваць, таму што «брацкія народы», а брацкія народы павінны дапамагаць адзін аднаму. Мама свайму сыну тое самае ж казала, што мы з расійцамі браты? Не так?
Менавіта з дапамогай такога «руска-братняга» канвеера і адбываецца адпраўка акупантаў, якія этнічна не з'яўляюцца рускімі, і якім украінцы нічога дрэннага не зрабілі. Лагічна матываваць умоўнага башкіра паехаць пад Харкаў забіваць украінцаў проста немагчыма. Але ўсё пачынаецца менавіта з сям'і. Таму і ў палітыцы, на жаль, за памылкі бацькоў заўсёды расплачваецца наступнае пакаленне — дзеці, і часцей за ўсё крывёю...