Краіны Балтыі спынілі імпарт расійскага газу
Расійскі газ не паступае ў Латвію, Літву і Эстонію з 1 красавіка.

Латвійскі аператар сховішчаў прыроднага газу паведаміў, што краіны Балтыі не імпартуюць расійскі газ. Трэцяга красавіка Літва стала першай краінай Еўрапейскага Звязу, якая цалкам адмовілася ад імпарту расійскага газу, – пра гэта з Вільні паведамляе карэспандэнт Польскага радыёКаміль Залеўскі:
— Як паведаміў у эфіры Латвійскага радыё генеральны дырэктар кампаніі «Conexus Baltic Grid» Валдзіс Барыс, расійскі газ не паступае ў Латвію, Літву і Эстонію з 1 красавіка. Зараз краіны Балтыі выкарыстоўваюць сыравіну з запасаў, якія захоўваюцца ў латвійскім падземным сховішчы.
1 красавіка Міністэрства энергетыкі Літвы паведаміла, што з пачатку гэтага месяца літоўская транспартная сістэма працуе без імпарту расійскага газу. Сыравіна дастаўляецца праз тэрмінал звадкаванага газу ў Клайпедзе. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа напісаў у Twitter, што некалькі гадоў таму яго краіна прыняла пастановы, якія «без болю дазваляюць разарваць энергетычныя сувязі з агрэсарам. Калі мы змаглі гэта зрабіць, то і астатняя Еўропа зможа гэта зрабіць».