Германія анансавала абмеркаванне ўзмацнення жорсткасці санкцый супраць РФ
Міністр фінансаў Крысціян Лінднер паведаміў, што з заўтрашняга дня пачнецца абмеркаванне ўзмацнення жорсткасці санкцый супраць Расіі.
«Кадры з Бучы яшчэ раз даказваюць злачынны характар вайны супраць Украіны. Яны невыносныя. Разам з нашымі партнёрамі мы будзем абмяркоўваць з заўтрашняга дня, як яшчэ больш узмацніць санкцыі супраць Пуціна», — напісаў ён у Twitter, паведамляе REFORM.by.
Міністр замежных спраў Германіі Аналена Бербакпасля публікацыі здымкаў з Бучы таксама заяўляла аб узмацненні жорсткасці антырасійскіх санкцый.
«Фотаздымкі з Бучы немагчыма вынесці. Нястрымны гвалт Пуціна знішчае нявінныя сям'і і не ведае межаў. Тыя, хто нясе адказнасць за гэтыя ваенныя злачынствы, павінны быць прыцягнутыя да адказнасці. Мы зробім больш жорсткімі санкцыі супраць Расіі і яшчэ больш падтрымаем Украіну ў яе абароне», — напісала яна ў Twitter.
На допіс рэзка адрэагаваў амбасадар Украіны ў Нямеччыне Андрэй Мельнік.
«Цяпер простай мовай: для таго, каб "святлафорная" кааліцыя нарэшце наважылася аказаць на Расію крыху большы ціск і зрабіць больш жорсткімі далейшыя санкцыі (уключаючы газавае і нафтавае эмбарга), сотні ўкраінскіх грамадзянскіх асоб павінны быць зноў і зноў забітыя, жанчыны згвалтаваныя. Окей», — заявіў ён, рэтвітнуўшы паведамленне Бербак.
Пасля таго, як украінская армія вярнула кантроль над рэгіёнам, з'явіліся жахлівыя фота з вызваленых тэрыторый. На кадрах былі людзі ў брацкіх магілах, мёртвыя мужчыны са звязанымі рукамі ў калодзежы, кагосьці смерць заспела падчас язды на ровары або ў аўто.