Сусветныя лідары патрабуюць расследавання падзеяў у Бучы і ўзмацнення санкцый да РФ
Сусветныя лідары шакаваныя кадрамі з Бучы. Яны патрабуюць расследавання ваенных злачынстваў і ўзмацнення санкцый супраць Расіі.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон пракаментаваў кадры з забітымі людзьмі ў вызваленай ад расійскіх войскаў Бучы. Па яго словах, за гэта прыйдзецца адказаць уладам РФ.
«Кадры, якія паступаюць з Бучы, вызваленага горада пад Кіевам, невыносныя. На вуліцах былі баязліва забітыя сотні мірных жыхароў. Мае спачуванні ахвярам, мая салідарнасць з украінцамі. Расійскім уладам прыйдзецца адказаць за гэтыя злачынствы», — напісаў ён у Twitter.
Канцлер ФРГ Олаф Шольц заклікаў «цалкам расследаваць» падзеі ў Бучы, назваўшы забойства мірных жыхароў ваенным злачынствам.
«Я патрабую дапусціць у гэтую вобласць міжнародныя арганізацыі, такія як Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа», — прыводзіць яго словы ТАСС.
Ён таксама пацвердзіў інфармацыю, што заходнія краіны ў бліжэйшыя дні прымуць новыя санкцыі супраць Расіі і будуць працягваць аказваць ваенную падтрымку Украіне.
«У коле саюзнікаў мы прымем у бліжэйшыя дні новыя меры. Пуцін і асобы, якія падтрымліваюць яго, адчуюць наступствы», — сцвярджае кіраўнік урада ФРГ. «І мы працягнем даваць Украіне зброю, з тым каб яна магла абараніцца ад расійскага ўварвання», — сказаў канцлер.
Прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША Нэд Прайс мяркуе, што ЗША распачнуць дадатковыя меры супраць Расіі «вельмі хутка». Гэта прагучала ў эфіры MSNBC у адказ на пытанне аб просьбе прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага аб пашырэнні санкцый G7 у адказ на падзеі ў Бучы, перадае CNN.
«Калі гаворка ідзе пра нашы санкцыі, мы заўсёды казалі, што будзем працягваць аказваць ціск на Пуціна, на Крэмль, на ўсіх тых, хто яго акружае, уключаючы алігархаў і набліжаных, якія падтрымліваюць гэтую вайну супраць Украіны, да таго часу, пакуль Крэмль не пойдзе на дээскалацыю, пакуль не паменшыцца ўзровень гвалту, пакуль не спыняцца падобныя зверствы. Таму я падазраю, што вельмі хутка вы ўбачыце дадатковы ціск», — сказаў ён.
«Калі гаворка ідзе пра гэтыя кадры з Бучы, мы ўжо ацанілі, што расійскія войскі здзейснілі ваенныя злачынствы. Тое, што мы робім, — гэта збор інфармацыі. Па-першае, каб прыцягнуць увагу да таго, што менавіта яны робяць, а па-другое, каб усе тыя, хто здзейсніў гэтыя злачынствы, і ўсе тыя, хто аддаваў загады аб гэтых злачынствах, былі прыцягнутыя да адказнасці. Гэта наша місія», — працягнуў ён.
Адказваючы на пытанне аб мірных перамовах, Прайс сказаў: «Мы пакуль не бачылі ніякіх прыкмет таго, што рускія сапраўды сур'ёзна настроены на дээскалацыю гэтай вайны».
Кіраўніца МЗС Вялікабрытаніі Ліз Трас заявіла, што вінаватыя ў ваенных злачынствах будуць прыцягнутыя да адказнасці. «Я ўзрушаная зверствамі ў Бучы і іншых гарадах Украіны. Паведамленні пра напады расійскіх войскаў на нявінных грамадзянскіх асоб агідныя. Вялікабрытанія разам з іншымі краінамі працуе над зборам доказаў і падтрымкай расследавання ваенных злачынстваў Міжнародным крымінальным судом. Вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці», — напісала яна.