Навіны дня. Беларусь адкрывае межы, Латвія працягне выдаваць гуманітарныя візы, Уладзімір Гундар больш не «тэрарыст»

Узгадваем пра галоўнае, што адбылося за дзень у краіне і свеце.

aa.com.tr

aa.com.tr

У расійскім Белгарадзе загарэлася нафтабаза. Губернатар вобласці сцвярджае, што гэта — вынік абстрэлу ўкраінскімі верталётамі.
ААН запатрабавала ад уладаў Беларусі вызваліць палітвязняў і выплаціць ім кампенсацыі. Вярхоўны камісар ААН Мішэль Бачэлет выступіла з дакладам пра Беларусь.
Пуціна суправаджае вялікая брыгада лекараў, сярод іх — хірург-анколаг. Расійскае выданне «Проект», прызнанае ў Расіі непажаданым, апублікавана расследаванне пра здароўе Пуціна.
Беларускі журналіст-палітвязень Андрэй Пачобут атрымаў прэстыжную ўзнагароду Wiktory 2021 ў Польшчы і статуэтку ў катэгорыі «Журналіст года».

Беларусь здымае абмежаванні на перасячэнне мяжы праз наземныя пункты. Раман Галоўчанка падпісаў пастанову, паводле якой з 3 красавіка здымаюцца абмежаванні на перасячэнне дзяржаўнай мяжы як замежнымі грамадзянамі, так і грамадзянамі Рэспублікі Беларусь у наземных пунктах пропуску.

Здароўе палітзняволенай праваабаронцы "Вясны" Марфы Рабковай у СІЗА-1 сур'ёзна пагаршаецца. Ёй патрабуецца тэрміновае абследаванне, але медыцынскую дапамогу ў належным аб'ёме ёй не аказваюць.
На фоне вайны ва Украіне і звязаных ёю санкцый Захаду, якія ўсё больш узмацняюцца, курс беларускага рубля адыгрывае падзенне сакавіка 2022 года. Таргі на валютнай біржы паказваюць яго рост да долара і еўра. Чаму так адбываецца і што чакае беларускі рубель надалей?
Украіна і Расія другі раз з пачатку вайны абмяняліся ваеннапалоннымі. Было вызвалена 86 украінскіх ваенных, у тым ліку 15 жанчын. Колькасць вызваленых расіян невядомая.
Выглядае, што аднаго з фігурантаў «справы Аўтуховіча», баранавіцкага краязнаўцу Уладзіміра Гундара выключылі са спісу «тэрарыстаў». Раней стала вядома, што з яго знялі абвінавачанне ў «тэрарызме», але замест гэтага прад'явілі іншыя.