Што будзе з беларускім рублём?

На фоне вайны ва Украіне і звязаных ёю санкцый Захаду, якія ўсё больш узмацняюцца, курс беларускага рубля адыгрывае падзенне сакавіка 2022 года. Таргі на валютнай біржы паказваюць яго рост да долара і еўра. Чаму так адбываецца і што чакае беларускі рубель надалей?

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1_logo.jpg


Экспертка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC (Кіеў) Анастасія Лузгіна паспрабавала разабрацца з гэтым пытаннем. На яе думку, пакуль ва ўмацаванні беларускага рубля і беларускім валютным курсе больш палітыкі, чым эканомікі. Але ці доўга так працягнецца — таксама незразумела.


Вялізны ўплыў геапалітыкі

Па-першае, курс беларускага рубля прывязаны не наўпрост да долара і еўра, а да мультывалютнага кошыка, у які ўваходзяць і долар, і еўра, і расійскі рубель, і нават крышачку кітайскі юань. Доля расійскага рубля ў гэтым кошыку — 50%, і ўмацаванне расійскага рубля непазбежна ўплывае на беларускі рубель. А расійскі Цэнтрабанк на фоне санкцый праводзіць цяпер вельмі жорсткую — нават «беспрэцэдэнтную», са словаў Лузгіной, — манетарную палітыку, якая ўключае ў сябе абавязковы продаж валютнай выручкі прадпрыемствамі-экспарцёрамі (да 80%), абмежаванне на выдачу ўкладаў і вываз валюты, абмежаванне продажу валюты ў абменніках, і гэтак далей.

Па-другое, рынак рэагуе на геапалітычныя фактары. Калі напад Расіі на Украіну стаў шокам — у тым ліку і на фінансавых рынках, — то цяпер яны, гэтыя рынкі, ад шоку ўжо адышлі. Больш за тое, цяпер увесь свет чакае пазітыўнага прагрэсу ў выніку перамоваў Расіі і Украіны па ўрэгуляванні сітуацыі. На фоне гэтых чаканняў умацоўваецца расійскі рубель, і следам за ім — беларускі.

Тым не менш, па словах эксперткі, кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя перспектывы беларускага рубля вельмі цмяныя, бо геапалітычная сітуацыя вельмі зменлівая. Калі будзе дасягнуты прагрэс у перамовах, і Расія будзе выводзіць свае войскі з Украіны — расійскі рубель працягне ўмацоўвацца. І, адпаведна, любая эскалацыя на фронце ўдарыць па яго курсе. А ўслед за расійскім рублём пацягнецца і беларускі — у той ці іншы бок.

Іншая справа — доўгатэрміновы прагноз. На яго, на думку эксперткі, менш уплывае палітыка, і больш — эканоміка. Жорсткія санкцыі ў дачыненні да Беларусі і Расіі непазбежна адаб'юцца на эканамічным развіцці, і казаць пра які-небудзь эканамічны рост не даводзіцца. Таму нельга казаць пра эканамічную стабільнасць: хутчэй за ўсё, паскорыцца інфляцыя, упадзе ВУП, упадзе экспарт — і ўсё гэта будзе ўплываць на курс беларускага рубля.


Якім будзе курс беларускага рубля?

Курс беларускага рубля за долар у кароткатэрміновай перспектыве будзе вельмі рухомым, прагназуе экспертка. Мы гэта ўжо бачылі: калі за долар давалі ад 2,9 да 3,8 рублёў. Так што ваганні могуць быць істотныя і сур'ёзныя — у межах рубля.

Чаго, на думку эксперткі, не будзе дакладна — гэта зніжэння рубля да папярэдніх вайне значэнняў у 2,4 — 2,5 рублёў за долар. Інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканні «як мінімум узраслі», кажа Лузгіна, і адно толькі гэта не дазволіць долару апусціцца да сваіх даваенных значэнняў.


Ці з'явіцца валюта ў абменніках?

Цяпер у абменных пунктах можна купіць тую валюту, якую хтосьці перад вамі прадаў. Акрамя таго, банкі ўвялі абмежаванні на выдачу валюты з укладаў і абмежавалі валютныя разлікі.

Такая сітуацыя, на думку Лузгіной, хутчэй за ўсё, захаваецца. У першую чаргу таму, што ў дадзены момант узнікаюць вялікія лагістычныя праблемы — менавіта з завозам наяўнай валюты (найперш долара і еўра) у Беларусь.

Але пры гэтым Нацбанк, на думку эксперткі, да праблемы наяўнасці валюты ў абменных пунктах прамога дачынення не мае — усё-ткі ўсе валютныя абмежаванні былі ўведзеныя не ім, а камерцыйнымі банкамі і па іх ініцыятыве. Таму ў дадзены момант невялікія сумы валюты купіць яшчэ можна. У кароткатэрміновай перспектыве такая сітуацыя захаваецца.

Дарэчы, пакуль мы не можам гаварыць і пра тое, якія інтэрвенцыі рабіў Нацбанк на біржы для падтрымання курса беларускага рубля, і ці рабіў ён іх увогуле. Проста таму, што пакуль няма статыстыкі за сакавік па аб'ёмах золатавалютных рэзерваў.

_hroszy___finansy___ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_1.jpg


Дзе захоўваць свае грошы?

Беларускі рубель цяпер схільны да сур'ёзных ваганняў, да таго ж захоўваюцца высокія інфляцыйныя чаканні. Таму кожны для сябе вырашае, што яму трэба: захаваць грошы, альбо прымножыць іх за кошт банкаўскіх адсоткаў — але і з больш высокімі рызыкамі.

Цяпер стаўкі па дэпазітах у замежнай валюце, якія прапануюць банкі, значна выраслі — да 7-8 працэнтаў гадавых. Але па такіх працэнтах банк прапануе, хутчэй за ўсё, безадзыўны ўклад, які нельга зняць да заканчэння тэрміну дзеяння.

І трэба ведаць, што ў стабільна працуючай эканоміцы дэпазіты — гэта ашчадны рэсурс, то-бок банкаўскія працэнты, як правіла, плюс-мінус пакрываюць інфляцыю, і зарабіць на іх складана. Але ў сучасных напружаных умовах банкі пачынаюць закладаць рызыкі ва ўмовы па дэпазітах. Таму дэпазіты становяцца больш прывабнымі — але і рызыкі ў гэтым выпадку вышэйшыя.

Напрыклад, такія, якія мы бачым цяпер — абмежаванне па магчымасці адабрання сваіх грошай з банкаўскіх укладаў. Таму вырашаць, ці даверыцца банку, або захоўваць грошы ў сябе дома — кожны павінен сам. І сам несці за гэтыя рызыкі адказнасць


Ці чакае беларускі рубель нешта добрае?

Зыходзячы са словаў эксперткі, можна зрабіць выснову — наўрад ці. Як кажа Лузгіна, у больш аддаленай перспектыве курс беларускага рубля будзе вызначацца на падставе эканамічных фактараў. Гэта, перш за ўсё, экспарт (гэта значыць прыток валюты ў краіну) і імпарт (адток валюты, аплата за пастаўкі імпартных тавараў). Ужо цяпер зразумела, што ў святле ўведзеных у дачыненні Беларусі санкцый наш экспарт нічога добрага не чакае. Але ў той жа час, вельмі верагоднае і скарачэнне імпарту. Гэты звязак «экспарт-імпарт» і вызначае колькасць валюты ў краіне, яе даступнасць для насельніцтва і курс беларускага рубля.

Калі дадаць у «экспартна-імпартны» звязак інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканні (дый рэальнае павышэнне інфляцыі), адток за мяжу высокакваліфікаваных спецыялістаў (у першую чаргу ІТ-шнікаў), звыклую для нас «падтрымку рэальнага сектару эканомікі» і звязаны з ёю ціск на банкаўскі сектар...

Высновы рабіце самі.