Расія і Украіна абмяняліся ваеннапалоннымі

Гэта ўжо другі абмен ваеннапалоннымі за час вайны Расіі супраць Украіны.

Ілюстрацыйнае фота УНІАН

Ілюстрацыйнае фота УНІАН

Дзякуючы намаганням перамоўных груп адбыўся абмен ваеннапалоннымі паміж Расіяй і Украінай, паведаміў намеснік кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Цімашэнка.
З палону былі вызваленыя 86 украінскіх вайскоўцаў, у тым ліку 15 жанчын. Яны ўжо ў бяспецы.
Пра колькасць вызваленых расійскіх вайскоўцаў невядома, афіцыйныя расійскія крыніцы падобнай інфармацыі не даюць.
Першы паўнавартасны абмен палоннымі паміж Украінай і Расіяй адбыўся 24 сакавіка. Дзесяць вайскоўцаў ВСУ абмянялі на такую ж колькасць захопленых у палон расійскіх акупантаў. Таксама 11 грамадзянскіх расійскіх маракоў, выратаваных Украінай з затопленага каля Адэсы судна, абмянялі на 19 украінскіх грамадзянскіх маракоў з выратавальнага судна «Сапфір», якія былі захопленыя акупантамі пры спробе забраць украінскіх вайскоўцаў з вострава Змяіны.
Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі гаварыў, што для размяшчэння ўзятых у палон расійскіх ваенных давялося стварыць спецыяльную структуру — Каардынацыйны штаб па пытаннях абыходжання з палоннымі, які ўзначаліла віцэ-прэм’ер Ірына Верашчук.