Валынская абласная рада — беларусам: У нас агульная гісторыя і агульны вораг
«Нашы народы належаць да заходняй еўрапейскай цывілізацыі. Яны ніколі не ўспрымалі азіяцка-ардынскую форму кіравання, якая зацвердзілася ў Маскве, замест гэтага — паважалі свабоду асобы і сілу права».
Дэпутаты Валынскай абласной рады прынялі зварот да беларускага народа. Папярэдне тэкст звароту быў узгоднены ўсімі фракцыямі і ўхвалены сталай камісіяй па дэпутацкай дзейнасці, мясцовага самакіравання, абароны правоў чалавека, законнасці, барацьбы са злачыннасцю і карупцыяй.
Як адзначыў старшыня Валыньрады Рыгор Недапад, зварот да беларускага народа — гэта пазіцыя не толькі валынянаў, але і ўкраінцаў у цэлым.
У дакуменце, у прыватнасці, гаворыцца, што сёння «ўкраінцы знаходзяцца на вастрыі супрацьстаяння з рашысцкім таталітарным рэжымам, які імкнецца паняволіць народы Еўропы і шантажаваць увесь свет. І перамога Украіны ў барацьбе — гэта заклад міру, развіцця і працвітання на кантыненце».
«Злачынны рэжым Пуціна не пакідае намераў прыцягнуць да вайны супраць Украіны і Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь. Кожны дзень з беларускай зямлі на ўкраінскія гарады і вёскі ляцяць балістычныя ракеты і расійскія самалёты, якія атакуюць Украіну. Ракетна-бомбавымі ўдарамі яны знішчаюць цэлыя гарады, гінуць тысячы мірных грамадзян, жанчын, дзяцей. Лёсы мільёнаў украінцаў разбураныя з-за страты родных і дамоў.
Надыходзіць момант ісціны і кропка невяртання. Калі ва ўгоду Пуціну беларускія войскі ўвойдуць на тэрыторыю суверэннай Украіны, то гісторыя шматгадовага сяброўства, добрасуседства і партнёрства паміж украінскім і беларускім народамі будзе знішчана.
Не дапусціце, каб гэта адбылося! Мы з вамі маем слаўныя старонкі мінулага, а ў іх — нямала адважных перамог. Нашы народы належаць да заходняй еўрапейскай цывілізацыі. Яны ніколі не ўспрымалі азіяцка-ардынскую форму кіравання, якая зацвердзілася ў Маскве, замест гэтага — паважалі свабоду асобы і сілу права.
Гістарычныя лёсы Украіны і Беларусі складаліся па-рознаму. Але ў нашай незалежнасці заўсёды быў агульны вораг — імперская Масква. Не раз мы, украінцы і беларусы, наносілі зруйнавальныя паразы маскоўскім захопнікам, як у бітве пад Оршай у 1514 годзе. У імкненні паняволіць украінскі і беларускі народы Крэмль звяртаўся да масавых рэпрэсій, тэрору, русіфікацыі, акупацыі... Усё гэта мы з вамі перажылі.
Расія заўсёды імкнулася знішчыць вашу і нашу нацыянальную ідэнтычнасць, пазбавіць Беларусь і Украіну суверэнітэту і суб'ектнасці. Расійскія войскі на тэрыторыі Беларусі — гэта ўжо першая прыкмета акупацыі краіны. Масква ператварае Беларусь у плацдарм для вайсковай агрэсіі супраць Украіны. Пасля правалу бліцкрыгу і вялізных страт Пуцін спрабуе прымусіць беларусаў ваяваць на сваім баку, гінуць за яго імперскія мроі.
Брацкі беларускі народ, мы заклікаем узгадаць сваю слаўную гісторыю і не верыць маскоўскай прапагандзе. Ваш вораг — не ўкраінцы, а пуцінскі рэжым, які жадае пабудаваць найноўшую турму народаў. Не дазваляйце Маскве ўцягнуць сябе ў ваенную авантуру. Не выконвайце злачынныя загады і не ўдзельнічайце ў агрэсіі супраць Украіны.
Вы — вялікі беларускі народ, а не звычайнае гарматнае мяса ў руках шалёнага "бункернага" цара. Не дапусціце ўцягвання сваёй дзяржавы ў крывавыя ваенныя дзеянні Расіі супраць Украіны, рабіце ўсё магчымае, каб паказаць, што беларусы супраць гэтай вайны. Не ахвяруйце жыццямі сваіх дзяцей, мужчын і бацькоў! Памятайце, украінцы будуць абараняць сваю зямлю і знішчаць тых, хто прыйшоў з вайной.
Сёння побач з украінцамі ў вайне з маскоўскім агрэсарам стаяць і беларусы. Далучайцеся да іх шэрагаў. Гэта наша агульнае дужанне са спрадвечным ворагам, у якой мы павінны перамагчы і назаўжды зламаць хрыбет маскоўскаму імперыялізму. Верым, што вы пачуеце нашы заклікі і зробіце правільны выбар. Ведаем, што мы пераможам агульнага ворага і здабудзем мір, стабільнасць, бяспеку і незалежнасць для нашых краін, для адзінай і свабоднай Еўропы.
Свабодная Беларусь немагчымая без свабоднай суверэннай Украіны. Будучыня Беларусі вырашаецца ва Украіне! Слава Украіне! Жыве Беларусь!» — гаворыцца ў звароце.