Вярхоўная Рада Украіны забараніла выкарыстанне сімвалаў «Z», «V» і прызнала РФ дзяржавай-тэрарыстам
Вярхоўная Рада Украіны прыняла законапраект №7214, які забяспечвае абарону Украіны ў інфармацыйнай прасторы, забараняе выкарыстанне расійскай сімволікі «Z», «V» і прызнае Расію дзяржавай-тэрарыстам.
«Народныя дэпутаты прынялі законапраект №7214, які забяспечвае абарону Украіны ў інфармацыйнай прасторы, што забараняе выкарыстанне рускай неанацысцкай сімволікі і прызнае Расію дзяржавай-тэрарыстам», — гаворыцца ў паведамленні партыі «Слуга народа».
Паведамляецца, што суаўтар законапраекта, старшыня Камітэта па пытаннях гуманітарнай і інфармацыйнай палітыкі Мікіта Патураеў распавёў, што ўкраінскае заканадаўства дапаўняецца новымі тэрмінамі — «дзяржава-тэрарыст» і «сімволіка ваеннага ўварвання расійскага неанацысцкага таталітарнага рэжыму ва Украіне».
«Літары "Z", "V" прызнаюцца сімволікай ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну, калі іх выкарыстанне адпавядае ўстаноўленым гэтым законам прыкметам», – падкрэсліў ён.
Акрамя таго, Расія прызнаецца дзяржавай-тэрарыстам, адной з мэтаў палітычнага рэжыму якой з'яўляецца дзяржаўны генацыд украінскага народа, фізічнае знішчэнне, масавыя забойствы грамадзян Украіны, здзяйсненне міжнародных злачынстваў супраць грамадзянскага насельніцтва, выкарыстанне забароненых метадаў вайны, разбурэнне грамадзянскіх аб'ектаў і аб'ектаў крытычнай інфраструктуры, стварэнне штучных гуманітарных катастроф у асобных рэгіёнах Украіны.
"Забараняецца любая прапаганда расійскага неанацысцкага таталітарнага рэжыму, акту агрэсіі супраць Украіны з боку Расіі як дзяржавы-тэрарыста, у тым ліку выкарыстанне сімволікі ўварвання. Тэрмін "тэрарыстычная дзейнасць" дапаўняецца прапагандай расійскага неанацысцкага таталітарнага рэжыму", — дадаў Патураеў.
Паводле www.unn.com.ua