Пажар на нафтабазе ў расійскім Белгарадзе. Трапіла ракета?
Гарыць нафтабаза ў Белгарадзе. Губернатар вобласці сцвярджае, што гэта — вынік абстрэлу ўкраінскімі верталётамі.
Белгарад знаходзіцца прыкладна за 30 кіламетраў ад украінскай мяжы і за 60 кіламетраў — ад Харкава, які з першых дзён вайны бамбяць і абстрэльваюць расійскія войскі.
Сёння ноччу здарыўся пажар на нафтабазе ў расійскім Белгарадзе. Па словах белгарадскага губернатара Вячаслава Гладкова, пажар працягваецца, пацярпелі два чалавекі, загінулых няма.
Губернатар Гладкоў таксама заявіў, што пажар здарыўся ў вынік удару двух украінскіх верталётаў, якія быццам бы заляцелі на тэрыторыю Расіі на малой вышыні, і пацэлілі ў базу ракетамі.
Іншых афіцыйных пацверджанняў ці аспрэчанняў — ні ад расійскага, ні ўкраінскага боку — пакуль няма. Ніякіх відэа ці дадатковых тлумачэнняў, як верталёты перасеклі мяжу, — таксама.
Хоць расійскія СМІ таксама цытуюць губернатара і кажуць пра віну ўкраінскага боку.