Закон у Расіі не забараняе адпраўляць прызыўнікоў на вайну

У Расіі пачаўся вясновы прызыў. Ці могуць салдата тэрміновай службы адправіць ваяваць? Ці ёсць законныя спосабы адмовіцца ад службы ў войску?

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg

Пра гэта нямецкае радыё спытала ў юрыста міжнароднай праваабарончай групы "Агора" Аляксандра Перадрука, які спецыялізуецца на абароне правоў прызыўнікоў і вайскоўцаў.

Уладзімір Пуцін 31 сакавіка падпісаў указ аб вясновым прызыве ва Узброеныя Сілы Расіі. У адпаведнасці з загадам, на тэрміновую службу ў расійскія войскі з 1 красавіка да 15 ліпеня павінны быць прызваныя 134 500 чалавек — прыкладна столькі ж, колькі год таму.

— Ці могуць салдат тэрміновай службы адпраўляць на вайну?

— Закон (Указ прэзідэнта РФ "Пытанні праходжання вайсковай службы" ) не забараняе накіроўваць прызыўнікоў для нясення баявой службы ў раёны вайсковых дзеянняў. Але ён прадугледжвае дзве ўмовы: гэта можна зрабіць толькі праз чатыры месяцы пасля пачатку службы, і салдат тэрміновай службы павінен атрымаць вайсковую ўліковую спецыяльнасць. Пасля гэтага чалавек можа несці ваенную службу, у тым ліку, у баявых умовах.

— Што чакае салдата тэрміновай службы, які адмовіўся ад удзелу ў баявых дзеяннях?

— У такім выпадку вайсковец можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці паводле артыкула 332 КК РФ — невыкананне загаду. Пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае арышт на тэрмін да шасці месяцаў альбо ўтрыманне ў дысцыплінарнай вайсковай частцы на тэрмін да двух гадоў. У гэтым выпадку салдат знаходзіцца ў частцы з адмысловым рэжымам, дзе да яго прымяняюцца меры папраўчага ўздзеяння, напрыклад, прыцягненне да працы. Пры гэтым час знаходжання ў дысцыплінарнай вайсковай частцы ў тэрмін службы не залічваецца.

— А што рабіць, калі прызыўнік не хоча праходзіць ваенную службу?

— Калі гаворка ідзе пра прынцыповае нежаданне браць у рукі зброю, можна скарыстацца правам на альтэрнатыўную грамадзянскую службу. Гэта права ёсць у двух катэгорый грамадзян РФ. Першая катэгорыя — гэта карэнныя малалікія народы, якія займаюцца традыцыйным промыслам, а другая катэгорыя — гэта людзі з перакананнямі, якія супярэчаць нясенню вайсковай службы. Гэта могуць быць абсалютна любыя перакананні — рэлігійнага характару, свецкага і гэтак далей.

У адпаведнасці з рашэннем Канстытуцыйнага суда РФ, унутраныя перакананні не трэба даказваць, але іх неабходна абгрунтаваць. Калі чалавек проста скажа прызыўной камісіі, што ён пацыфіст, гэтага будзе недастаткова — трэба растлумачыць сваю сістэму каштоўнасцяў, якая забараняе праходзіць ваенную службу. Гэта значыць, праверка шчырасці перакананняў цалкам дапушчальная…