Журналіст-палітвязень Андрэй Пачобут атрымаў прэстыжную польскую ўзнагароду
Андрэй Пачобут атрымаў прэстыжную ўзнагароду Wiktory 2021 ў Польшчы і статуэтку ў катэгорыі «Журналіст года».
31 сакавіка прайшло ўрачыстае ўручэнне ўзнагарод Wiktory 2021.
Wiktory 2021— гэта ўзнагарода польскай Акадэміі Тэлевізійнай, якая была заснавана ў 1985 годзе, і якую ўручалі пасля сямігадовага перапынку, паведамляе Радыё Рацыя.
Падчас мерапрыемства гучала тэма вайны ва Украіне, таму ў пачатку ганаровага SuperWiktora уручылі прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму, а статуэтку атрымаў міністр замежных спраў Украіны Дзмітро Кулеба, які знаходзіцца з візітам у Польшчы.
«Гэта вайна ідзе таксама дзеля вольнасці вашай краіны. Мы хочам, каб Польшча ніколі не перажывала таго, што цяпер перажывае Украіна», — адзначыў Кулеба. Статуэткай у катэгорыі «Журналіст года» ганаравалі Андрэя Пачобута. Актывіст Саюза палякаў у Беларусі, журналіст, ужо больш за год знаходзіцца за кратамі, ён прызнаны палітычным вязнем.