Мядзведзеў назваў падзелы Рэчы Паспалітай «вяртаннем Белай Русі ў родную гавань»

Намеснік старшыні расійскага Савета бяспекі, былы прэзідэнт і прэм'ер Расіі Дзмітрый Мядзведзеў апублікаваў у польскай версіі «Спутника» артыкул аб адносінах з Польшчай. У ім ён абгрунтоўвае, чаму неэфектыўныя любыя кантакты з урадам Польшчы.

Дзмітрый Мядзведзеў

Дзмітрый Мядзведзеў


У сваіх развагах Дзмітрый Мядзведзеў выкарыстоўвае адсылкі да гісторыі, у якіх называе падзелы Рэчы Паспалітай «вяртаннем Белай Русі ў родную гавань». Метафара «роднай гавані» актыўна выкарыстоўвалася і выкарыстоўваецца расійскімі прапагандыстамі для апісання акупацыі ўкраінскага Крыма ў 2014 годзе.
Мядзведзеў адзначае, што ў савецкіх падручніках для апісання падзелаў Рэчы Паспалітай паміж Прусіяй, Аўстрыйскай і Расійскай імперыямі выкарыстоўваўся тэрмін «падзел Польшчы». Ён лічыць гэты тэрмін няправільным. На думку Мядзведзева, Кацярына II вярнула сабе «сваё», таму Расія аніякага дачынення да падзелаў не мела.
«Польшча была падзелена паміж Прусіяй і Аўстрыяй. Землі, заваяваныя Літвой у Сярэднявеччы, былі далучаны да Расіі. У асноўным праваслаўныя», — гаворыцца ў артыкуле Мядзведзева.
У выніку ён прапануе адзначаць 250-годдзе першага падзелу Рэчы Паспалітай, які адбыўся ў 1772 годзе, як дзень яднання народаў Беларусі і Расіі.
«У гэтым годзе спаўняецца 250 гадоў з дня гэтай гістарычнай падзеі, калі была вырашана (нават у выніку прамога ваеннага ўмяшання Расіі ва ўнутраныя справы) праблема стогадовага польска-каталіцкага прыгнёту праваслаўнай большасці насельніцтва гэтых абласцей — прыгнечаныя былі выратаваны ад ганіцеляў. Белая Русь вярнулася ў "родную гавань". Лічу, што сёлета варта было б адзначыць гэтую юбілейную дату — як дату аб'яднання вялікай і Белай Русі, рускага і беларускага народаў», — напісаў Мядзведзеў.
Развагі Мядзведзева грунтуюцца на канцэпцыі, што абгрунтоўвае прэтэнзіі Расійскай імперыі на ўсе землі, населеныя праваслаўным славянскім насельніцтвам. Пры гэтым ігнаруецца той факт, што сённяшнія беларускія землі да падзелаў Рэчы Паспалітай ніколі не ўваходзілі ў склад Маскоўскага княства, альбо Вялікага Княства Маскоўскага, альбо Рускай дзяржавы ці царства, а затым і Расійскай імперыі. З ранняга Сярэднявечча на беларускіх землях існавалі Полацкае і Тураўскае княствы, затым Вялікае Княства Літоўскае, якое ў выніку сфармавала канфедэрацыю з Польшчай у выглядзе Рэчы Паспалітай.
Пры гэтым Мядзведзеў замоўчвае факт, што ў выніку Расійская імперыя ўсё-ткі падзяліла непасрэдна «каронныя зямлі», як іх называлі ў Рэчы Паспалітай. Пасля напалеонаўскіх войнаў значная частка сучаснай Польшчы ў выглядзе Царства Польскага стала часткай Расійскай імперыі.

Карта падзелаў Рэчы Паспалітай. Wikipedia.org

Карта падзелаў Рэчы Паспалітай. Wikipedia.org


Паводле reform.news.