Сабіна Брыло: «У мяне няма надзеі»

У сацсетках выклікаў шмат дыскусій артыкул журналісткі і літаратаркі Сабіны Брыло пра тое, што за два гады ў эміграцыі яна так і не змагла прыстасавацца і адчувае сябе выгнаннікам.

_belarus_krajavidy_leta_2022_rybalka_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__8__logo.jpg

Пра адчуванне чалавечага болю, жыццё па-за домам і немагчымасць знайсці адказы на пытанні журналістка і літаратарка Сабіна Брыло распавяла ў гутарцы з Юліяй Сівец для «Р*дыё Р*цыя».

— Ці чакалі вы такой рэакцыі на свой артыкул?

— Гэты артыкул мяне папрасілі напісаць, разгарнуць невялічкі фэйсбучны пост на тэму таго, што я напісала, што не магу прывыкнуць, не магу ўкараніцца і адчуваю ўнутры пастаянны чалавечы боль. Я лічу, што мы зараз знаходзімся пасярод вялікай трагедыі, з якой, на жаль, няма ніякага выйсця. Я гэта выйсце шукаю вельмі даўно, бо было бачна, адчувальна і відавочна яшчэ з 2010 года, куды коціцца жыццё.

У такіх варунках, калі адсутнічаюць механізмы стрымання таталітарных паводзін, якія дэманстраваў Лукашэнка, якая дэманстраваў пасля Пуцін, было адчувальна і відавочна, да чаго мы ўсе прыйдзем. Таму мая галава разрываецца ад гэтых пошукаў адказу на пытанне, што рабіць.


Ты шукаеш гэтыя адказы, тым часам адбываецца тое, што адбываецца, цябе некуды зносіць.

Не кажу слова “эміграцыя”, бо я нікуды не імігравала, я паехала за сваім мужам, збягаючы ад турмы, якая магла яго і мяне напаткаць. Яна напаткала людзей, якія ні ў чым не вінаватыя.

Для мяне гэта дасюль пытанне, пытанне, што не мае ніякага адказу. Тое, што людзі вакол гэтага ўздымаюць нейкую такую валтузню, гэта такая страшная слепата, калі людзі чытаюць тэкст, які напісаны зусім пра іншае, а бачаць там нешта такое сваё: “Ты паехаў, а я застаўся. Табе дрэнна, а мне лепш?”.

У гэтым тэксце няма такога нічога, ён такі абсалютна пра ўніверсаліі.

— Ці гэта вырашальна? Ці канфлікт будзе, пакуль не зменяцца ўмовы ў Беларусі?

— Я думаю, што, па-першае, гэта пытанне дыскурсу. Гэта пытанне такога чалавечага. Возьмем, умоўна, два пласты дыскурсу.

Адзін пласт — гэта такі: “Мне добра, я ўладкоўваюся. Ты ў бяспецы, я ў небяспецы”.

Другі пласт — гэта намаганне думаць, чаму так адбылося і што рабіць.

Вось я як бы разважаю ў гэтым другім пласце, дзе насамрэч адказаў няма і гэта страшней за ўсё. Калі прыгледзецца, то ў гэтым тэксце ёсць такі падзел. Я пішу, што псіхолагі раяць правесці мяжу і будаваць сваё жыццё ў сваёй мяжы, рабіць сабе па максімуме лепш, тады табе будзе лепш жыць. Кажуць, што калі табе будзе лепш, то тады, можа, і іншаму дапаможаш.

Я так не думаю, я там якраз-такі пішу, што правядзенне межаў, для мяне гэта немагчыма. Няма ніякай мяжы, калі твае сябры ў турме, калі ўсё гэта вельмі блізка.


— На вашу думку, які працэнт вернецца, калі будуць змены ў Беларусі?

— Я не вельмі давяраю людзям, якія крычаць пра любоў да Радзімы. Гэта класічны твор “Кароль Лір”, калі дзве дачкі запэўнівалі бацьку, як яны яго любяць, а потым яны сталі здрадніцамі.

Малодшая не знайшла слоў, маўчала, і яе ён з-за гэтага пазбавіў спадчыны. Яга яго насамрэч любіла. Я думаю, што гэта будзе шмат у чым залежыць ад таго, як людзі прывяжуцца да новых месцаў. Канечне ж, людзі, якія паехалі з дзецьмі, чые дзеці пайшлі ў школы, яны будуць больш прывязаныя да новых месцаў.

Мы ж бачым, што ад’езд сам па сабе розны па розных прычынах адбываецца. Гэта выгнанне, гэта ўцёкі ад таго, каб ты не патрапіў у турму. Я ў турму вельмі не хачу, хаця была гатовая. Ёсць людзі, якія паехалі рэлакаваўшыся.

Ёсць людзі, якія проста перавезлі сюды бізнес або перавезлі сюды нейкія свае грамадскія ініцыятывы — і яны працягваюць тут жыць. Калі іх жыццё застаецца больш-менш роўным, я маю на ўвазе заробак, узровень жыцця, тая самая праца, бо людзі паперавозілі працы, то яны проста пераедуць. Той, хто пераехаў і знайшоў працу за мяжой, на нейкую замежную фірму або кампанію, хто ўладкаваў дзяцей у школу, яны, можа, і будуць заставацца хутчэй за ўсё.