«Пакуль перспектыў на радзіме не бачу». Лёсы працоўных мігрантаў з Беларусі

Людзі эмігруюць з Беларусі ўвесь час, што існуе рэжым. Але толькі пасля 2020 года гэтая міграцыя стала адчувальнай і ўнутры краіны, і звонку. Што праўда, з'язджаюць людзі не толькі праз пераслед. «Нямецкая хваля» расказвае пра беларусаў, якія працуюць у Еўропе, і пра тое, ці збіраюцца яны вяртацца.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Дакладна невядома, колькі канкрэтна грамадзян Беларусі пакінула радзіму пасля 2020 года, калі ў краіне адбыліся прэзідэнцкія выбары. Нацыянальны статыстычны камітэт перастаў публікаваць у адкрытым доступе звесткі, якія тычацца міграцыі насельніцтва і дэмаграфіі ў цэлым.

Паводле розных ацэнак, за апошнія гады Беларусь пакінулі ад двухсот тысяч да паўмільёна чалавек. Такія лічбы агучваліся на пачатку 2023 года ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, аднак ніякіх пацвярджэнняў не было.

Пры гэтым варта ўлічыць, што сярод усіх, хто з'ехаў, аказаліся не толькі тыя, хто ратаваўся ад палітычных рэпрэсій за ўдзел у акцыях пратэсту і актыўнасць у сацыяльных сетках. Працоўныя мігранты з'язджалі з Беларусі задоўга да 2022 года, цяпер жа, па многіх прыкметах, гэты працэс узмацніўся.   

Пагутарыць з «Нямецкай хваляй» пагадзіліся некаторыя з мігрантаў, якія пакінулі краіну адносна нядаўна. Паколькі ва ўсіх у Беларусі засталіся родныя і блізкія, імёны суразмоўцаў зменены.

«Магу прыехаць у Беларусь у адпачынак, але не больш за тое»

Сям'я Яўгена жыве ў адным з буйных гарадоў Беларусі. Сам ён да 35 гадоў паспеў змяніць шмат месцаў працы, пакуль не прыняў рашэнне з'ехаць з краіны.

«Па асноўнай прафесіі — зваршчык, але я асвоіў шмат сумежных спецыяльнасцей: быў будаўніком, кіроўцам, а да ад'езду займаўся рамонтам аўтамабіляў, — расказввае Яўген. — Не тое, каб грошай не хапала, але ў нейкі момант стаў разумець, што дзеці растуць, патрэбы ў сям'і — таксама, а вось «падушкі бяспекі», каб фінансава адчуваць сябе ўпэўнена, стварыць не атрымліваецца».

Паводле слоў Яўгена, з'ехаць на заробкі ён планаваў яшчэ на пачатку 2020 года, але тады перашкодзіў каронавірус. Аднак яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі мужчына паспеў атрымаць працоўную візу ў Літву і ўладкавацца ў мясцовую фірму.

«Спачатку працаваў па сваім профілі — зваршчыкам, але з часам уладальнік фірмы стаў больш давяраць, і працы, звязанай з будаўніцтвам, стала больш. Дарэчы, гэты давер дапамог аператыўна аформіць від на жыхарства ў Літве», — кажа Яўген.

Цяпер ён пераехаў у Нідэрланды, дзе ў літоўскай фірмы таксама ёсць свой бізнес. Пры гэтым беларусу даручылі падбіраць на працу суайчыннікаў.

«У першую чаргу запрасіў тых, з кім меў справу яшчэ на радзіме. Многія адгукнуліся: за апошні год прыехалі восем чалавек, ніхто пакуль не пашкадаваў», — расказвае мужчына. Свой варыянт вяртання ў Беларусь ён пакуль выключае: «Магу прыехаць у адпачынак, але не больш за тое. Сітуацыя ў эканоміцы Беларусі да лепшага не мяняецца, і такіх грошай, як у Еўропе, я дакладна не зараблю. Калі так будзе працягвацца, то, верагодна, і сям'ю перавязу з сабой».

«Шмат каго ў Беларусі не пакідае пачуццё страху»

Яшчэ адзін беларус Сяргей стаў задумвацца пра ад'езд на заробкі ў іншую краіну пяць гадоў таму. Тады рэзка пагоршыліся справы ў прыватнай кампаніі, дзе ён працаваў: «Фірма аказалася на мяжы банкруцтва, пачаліся затрымкі зарплаты, людзі сталі звальняцца, і многія тады шукалі варыянты ў Расіі».

Сам Сяргей таксама быў блізкі да таго, каб пераехаць на працу ў Падмаскоўе, але ўсё ж вырашыў ад такой прапановы адмовіцца. Пакуль былі часовыя падпрацоўкі на радзіме, ён паспеў адвучыцца на дальнабойшчыка. Але ў Беларусі па новай спецыяльнасці так і не папрацаваў, знайшоў працу ў транспартнай кампаніі ў Польшчы.

Далей была праца ў сферы грузаперавозак у іншых еўрапейскіх краінах, але ўсе працоўныя кантракты Сяргей заключаў на невялікі тэрмін, рэгулярна вяртаючыся ў Беларусь: «Вельмі сумаваў па сям'і, хацеў быць побач з блізкімі людзьмі і ўжо стаў сур'ёзна вывучаць прапановы ў родным горадзе, але тут здарыўся 2020 год...»

Паводле слоў Сяргея, сам ён у акцыях пратэсту ўдзелу не прымаў, але падтрымліваў тых, хто патрабаваў правядзення сумленных выбараў і змены ўлады ў краіне. Калі ж у Беларусі сталі жорстка распраўляцца з прыхільнікамі перамен, Сяргей вырашыў зноў з'ехаць за мяжу.

«Я па-ранейшаму рэгулярна наведваю родных: бывае, раз на тры месяцы, бывае, раз на паўгода, але пры ўсім жаданні пакуль перспектыў для сябе на радзіме не бачу. Я не айцішнік, які можа годна зарабляць і тут, аднак таксама шукае варыянты з пераездам у іншую краіну. Уся справа ў атмасферы, якая цяпер склалася ў Беларусі: многіх не пакідае пачуццё страху, нейкай апатыі і няўпэўненасці ў заўтрашнім дні. А вайна ва Украіне, на мой погляд, сітуацыю пагаршае. Гэта вельмі моцна кідаецца ў вочы, калі параўноўваць з Еўропай».

Сямейны экіпаж дальнабойшчыкаў калясіць па Еўропе

Размова «Нямецкай хвалі» з Ірынай адбылася падчас велікодных святаў. Маладая жанчына вырашыла адведаць бацькоў і дзяцей у адным з раённых цэнтраў Брэсцкай вобласці, пакуль яе муж застаўся ў Італіі.

«У нас нетыповая сямейная гісторыя: мы з мужам абодва — дальнабойшчыкі, — з усмешкай расказвае Ірына. — Атрымалася гэта нечакана і спачатку нават насуперак жаданню мужа. Ён водзіць фуру і ездзіць па Еўропе даўно, я ж працавала ў родным горадзе прадавачкай, а потым стала хатняй гаспадыняй».

Стымул шукаць годны заробак у жанчыны з'явіўся пасля куплі кватэры: «Наш гарадок — зусім невялікі. Тут ужо амаль не засталося варыянтаў працаўладкавання, якія можна было б лічыць прымальнымі. Новую кватэру трэба ўладкоўваць, да таго ж падрастаюць дзеці. Муж неяк стаў расказваць пра свае паездкі: для чаго патрэбны напарнік і як гэта ўплывае на заробак дальнабойшчыка. Спантанна з'явілася ідэя: а чаму я не магу быць напарніцай?»

Ірына прызнаецца, што спачатку не сказала мужу пра свае планы, ведаючы, што ён будзе супраць. Але пакуль муж быў у рэйсе, яна стала наведваць курсы кіроўцаў. «Атрымліваецца, што я яго паставіла перад фактам, ды яшчэ і фактар рэўнасці спрацаваў: каб мы не падазравалі адно аднаго ў здрадзе падчас расстання, трэба быць разам нават на працы», — смяецца Ірына.         

Хоць першыя рэйсы за рулём фуры даліся ёй няпроста, сямейны экіпаж склаўся. «Спачатку муж перажываў, як легчы спаць, а я буду адна ехаць. Але цяпер усё нармальна: ён спакойна кладзецца адпачываць і ўжо давярае майму досведу. Усё-ткі ідзе трэці год, як я дальнабойшчыца», — адзначае Ірына.

Пра вяртанне на радзіму яна кажа адназначна: «Вядома, вярнуся. Пакуль за дзецьмі-школьнікамі прыглядаюць бабулі, гэта дапамагае больш зарабіць, але ў любым выпадку матчына прысутнасць патрэбна. Муж, верагодна, яшчэ застанецца працаваць на фуры, а я ў хуткім часе буду займацца сям'ёй і домам».