«Беларусь — гэта радзіма. Там мы ўжо адбыліся»

Гісторыя беларусаў, якія стаміліся чакаць перамен на радзіме і вырашылі пачаць новае жыццё — у Ізраілі.

Усё часцей беларусы выбіраюць іншыя краіны для жыцця. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Усё часцей беларусы выбіраюць іншыя краіны для жыцця. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Плынь беларусаў, якія выязджаюць апошнія амаль тры гады, не спыняецца. Яна праходзіць хвалепадобна, раптоўныя панічныя ад'езды змяняюцца перманентнай спланаванай і загадзя падрыхтаванай эміграцыяй.  

Калі яшчэ год-два таму многія спадзяваліся выехаць хоць кудысьці на час, часта без сям'і, з абавязковым жаданнем вярнуцца, то зараз едуць цэлымі сем'ямі, забіраючы нават жывёл, з надзеяй пабудаваць новае жыццё на новым месцы.  

Прычым едуць у асноўным тыя, хто ў 2020-21 гадах смела і адчайна выступаў супраць рэжыму, марыў пра перамены ў сваёй краіне. Але з часам людзі стамляюцца чакаць, разумеючы, што жыццё праходзіць.

Пра прычыны, якія падахвочваюць беларусаў кардынальна мяняць сваё жыццё, кідаючы абжытае месца, «Салідарнасць» паразмаўляла з сям'ёй мінчукоў, якія днямі атрымалі пашпарты грамадзян Ізраіля.

«Паперу ў садзе дзецям не давалі, бо яны "могуць яе разматаць"»

Насця і Ігар (імёны зменены) кажуць, што першапачаткова планавалі толькі атрымаць пашпарты, якія дазваляюць бязвізавы выезд у 161 краіну свету. Але падзеі апошняга года прымусілі іх прыняць больш сур'ёзнае рашэнне.

— Мы выступалі супраць рэжыму больш за дзесяць гадоў, як маглі, былі на знакамітай «Плошчы», на мітынгах дармаедаў, у 2020-м, вядома, выходзілі на пратэсты і данацілі пацярпелым, — расказвае Насця. — У нас нават дзіця з трох гадоў ведала на памяць «Муры».

Але рашэнне з'ехаць назаўжды з'явілася не адразу. Мы доўга спадзяваліся і чакалі. Пасля пачатку вайны ва Украіне задумаліся пра магчымасць хутка выехаць у выпадку, напрыклад, мабілізацыі.

У мужа ёсць яўрэйскія карані, таму сабралі дакументы для атрымання ізраільскага грамадзянства. Але нават тады яшчэ рашэння пераязджаць не было, думалі, з'ездзім летам, адпачнём, атрымаем пашпарты і вернемся.


Аднак з кожным затрыманнем чарговага знаёмага думка пра пераезд здавалася ўсё больш рэалістычнай. Потым закрылі прыватную школу, дзе працавала я.

У Ігара ўсё яшчэ заставалася добрая праца ў прыватнай кампаніі, але гарантый таго, што яе не крануць, не прыйдзе якая-небудзь падатковая або АБЭЗ, як да многіх, не было.

— Нядаўна ўжо тут, у Ізраілі, я пазнаёміўся з рускамоўным хлопцам, — кажа Ігар. — Даведаўшыся, што мы з Беларусі, ён радасна паведаміў: «Я так люблю вашага «бацьку»! Вельмі здзівіўся, як шмат беларусаў прыязджае апошнім часам, хоць у краіне няма вайны».

Нават спрабаваў спрачацца, прыводзячы традыцыйныя прапагандысцкія аргументы пра «крэпкага гаспадарніка». Мы яму расказалі, што адбываецца ў Беларусі. Ён удакладніў: няўжо людзей затрымліваюць проста так? Я сказаў, калі ён лічыць, што мець іншае меркаванне і ставіць лайкі ў сацсетках — гэта злачынства, то не проста так.

Увогуле, у тым выпадку хапіла паўгадзіны, каб усё растлумачыць і нават паказаць чалавеку медыя, дзе можна шукаць праўдзівую інфармацыю.

Аднак рэпрэсіі, прызнаюцца муж і жонка, былі не адзінай прычынай для ад'езду. Не менш важнай у гэтай сям'і лічылі адукацыю дзіцяці, да якой з кожным днём з'яўлялася ўсё больш прэтэнзій.

— Гэта стала апошняй кропляй. Я з жахам уяўляла, што пасля садка мне давядзецца змагацца яшчэ і са школай, — адзначае Насця, падрабязна расказваючы пра рэаліі беларускай сістэмы дашкольнага выхавання, з якімі даводзіцца мірыцца і дзецям, і іх бацькам. — У нашым садку, як і ў многіх, быў недахоп выхавальнікаў. Іх пастаянна замянялі то нянечкі, то прыбіральшчыцы — гэта значыць работнікі наогул не маюць педагагічнай адукацыі.

Праз недахоп спецыялістаў не было многіх заняткаў, уключаючы музычныя і фізкультуру. Замест усяго гэтага ў першай палове дня адразу праводзілі платныя гурткі, якія павінны быць пасля абеду.

Я датэлефанавалася ў Мінадукацыі, і вельмі хутка па фізкультуры з'явіўся настаўнік.

Далей, па нормах Санпіна, штодня дзецям належалі прагулкі на свежым паветры па тры гадзіны — за некаторым выключэннем у сувязі з дрэнным надвор'ем. Але гэтыя нормы ніколі не выконваліся.

Кожны дзень даводзілася пытацца ў загадчыцы, чаму дзяцей не выводзілі на вуліцу. Я тэлефанавала ва ўпраўленне адукацыі, скардзілася, але чыноўнікі са мной заўсёды размаўлялі, як з дурніцай: маўляў, не можа быць, што вы такое кажаце.


Насуперак тым жа нормам, летам аб'ядноўвалі групы, перавышаючы колькасць у 20 чалавек. Збіралі па 30 дзяцей і кожны дзень разводзілі іх спаць па розных спальнях. Але малыя ж прывыкаюць да свайго ложка!

Самі правілы выхавання ў нашых дзіцячых садках таксама вельмі спецыфічныя. Дзецям усё нельга без дазволу: бегаць, скакаць, нават уставаць з крэсла. Часта, прыходзячы за дзіцём, бачыла, што дзеці сядзяць за сталамі, а не гуляюць.  

У нашай групе іх любілі пасадзіць і паказваць з тэлефона выхавальніцы мультфільмы. З таго, што мне расказвала дзіця, у нас у садзе практыкавалася ставіць у кут, палохаць міліцыяй.

Аднойчы наогул выхавальніца сказала, што ў кагосьці з дзяцей тата міліцыянт: «Будзеце сябе дрэнна паводзіць, ён прыйдзе і вас пакарае». Пасля такіх пагроз маё дзіця, калі бачыла міліцыю, стала пытацца: «Мама, яны мяне не забяруць?»

Былі моманты, пра якія нават казаць няёмка. Мы ўжо прывыклі закупляць у садкі ўсё па доўгіх спісах, пачынаючы ад канцылярыі, мыйных сродкаў і да туалетнай паперы. І гэту туалетную паперу дзецям не давалі, яе спецыяльна ставілі кудысьці наверх, дэманструючы, што яна ёсць. Але дзеці да яе дацягнуцца не маглі.

Паклікаць выхавальніка і папрасіць большасць саромеліся, таму ў некаторых даходзіла да праблем, звязаных з раздражненнем. Бацькі, вядома, падымалі пытанне, але нам адказвалі, што паперу не даюць, таму што «дзеці яе могуць разматаць».

Краіна для жыцця

Пакуль Ігар і Насця не працуюць, вучаць мову, каб у будучыні ўладкавацца на больш аплатную працу.

— Прагназуючы свае магчымасці, мы знялі вялікую кватэру, і ў дзіцяці ўпершыню з'явіўся свой пакой. У Мінску ў нас была двухпакаёўка. Палепшыць жыллёвыя ўмовы мы маглі толькі з крэдытам пад драконаўскія працэнты, на што так і не адважыліся.


— Ізраіль — дарагая краіна?

— Даволі дарагая. Ёсць шмат чаго, што каштуе даражэй, чым у Беларусі, у тым ліку нерухомасць, мэбля, нейкія прадукты... А вось адзенне, абутак, бытавая тэхніка, бытавая хімія — танней, часам у разы.

Садавіна, гародніна таксама танней. Мяса даражэй, а свежая рыба, накшталт ласося, танней. Шмат сапраўдных акцый, з вялікімі зніжкамі або калі нешта ў дадатак можна ўзяць бясплатна.

На зніжках можна злавіць усё, напрыклад, тэлевізар «Самсунг» апошняй мадэлі памерам 65 цаляў — за 1500 беларускіх рублёў.

У адной краме бачылі цікавую акцыю: кожную гадзіну касіры пачыналі пляскаць у ладкі, пакуль не загаралася лямпачка на нейкай касе. Таму, хто ў гэты момант там апынаўся, усе пакупкі дарылі.

Праязны ў транспарце на паўтары гадзіны каштуе 3,8 беларускага рубля.

— І ўсё ж Ізраіль — гэта краіна, якая ўвесь час вядзе ваенныя дзеянні, унутры бурліць палітычнае жыццё. Не страшна?

— Пасля таго, што мы перажылі ў Беларусі, усё гэта не палохае. Тэракты, пратэсты, абстрэлы — мы пра ўсё гэта чуем з навін. У нашым горадзе ціха.

Але, вядома, тут адчуваеш сябе па-іншаму, адразу зараджаешся гэтай энергіяй і хочацца ўключыцца ў працэс. Мы ўжо купілі ізраільскі сцяг і таксама маем намер удзельнічаць у акцыях, якія вырашым падтрымаць.

— Калі ў Беларусі зменіцца сітуацыя, вы дапускаеце, што вернецеся?

— Першае, што мы зрабілі па прылёце проста ў аэрапорце — падпісаліся на ўсе «экстрэмісцкія» каналы, — кажа Насця. — На вуліцы, размаўляючы па тэлефоне, усё яшчэ лаўлю сябе на думцы, што перыядычна пераходжу на шэпт.

Але аднойчы ў дзве гадзіны ночы не вытрымала, адкрыла акно і гучна ад душы крыкнула «Жыве Беларусь!» і «Пуцін х*****» — і мяне як быццам адпусціла.

— Цяпер цяжка сказаць катэгарычна: ніколі не вернемся. Беларусь — гэта радзіма, — разважае Ігар. — Там усё для нас зразумела, там мы ўжо адбыліся.

А тут інтрыга ў тым, што табе даецца шанец паспрабаваць яшчэ раз перазапусціць сваё жыццё. І нам цікава гэтым шанцам скарыстацца.

Цалкам размову пра жыццё Насці і Ігара ў Ізраілі чытайце тут.