«Я бачыў, як Мінск апусцеў». Гісторыя трэнера, які не падпісаўся за Лукашэнку і адседзеў за «віктары» картэжу
Трэнер Сяргей Шабанаў працаваў у мінскім універсітэце фізкультуры (БДУФК). У траўні 2020-га ён адмовіўся ставіць подпіс за Лукашэнку, і яго звольнілі. А ў лістападзе таго ж года мужчына паказаў знак «віктары» лукашэнкаўскаму картэжу, за што правёў 15 сутак на Акрэсціна і ў Баранавічах. Яго гісторыю распавядае выданне M*ST.
Цяпер Сяргей жыве ў Беластоку і праводзіць
анлайн-кансультацыі для ахвотных схуднець. Спартовец расказаў, як змянілася
ягонае жыццё, чаму ён з'ехаў з Беларусі, якім быў для яго 2020-ты, і чаму
трэніроўкі ў зале — гэта не галоўнае пры пахуданні.
«Трэнажорная зала была насупраць залы танцаў». Аб спартыўным шляху
У школьныя гады Сяргей займаўся спартыўнымі танцамі і дасягнуў поспехаў у гэтай дысцыпліне ў родным Барысаве. У 17 гадоў ён пачаў трэніраваць іншых танцораў, пра што кажа першы запіс у працоўнай кніжцы.
Але танцы хлопцу перасталі падабацца з-за суб'ектыўнасці ацэнак, і ён
вырашыў заняцца паўэрліфтынгам. Тады ж Сяргей паступае ў БДУФК і пачынае
наведваць трэнажорную залу.
— Я заўсёды жартую, што трэнажорная зала была насупраць залы
танцаў, таму я і памяняў кірунак. Але на самай справе адсутнасць мышачнай масы
мне заўсёды здавалася не вельмі эстэтычнай. Гэта значыць, невысокі худы чалавек
з невялікай колькасцю цягліц выглядаў для мяне не так, як я ўяўляў сабе
сапраўднага мужчыну. Таму я і пайшоў у трэнажорную залу, якая сапраўды была проста
насупраць залы танцаў. І ўжо адтуль, а таксама атрымаўшы веды ва ўніверсітэце,
я вырашыў трэніраваць людзей.
Сяргей дамогся поспехаў і ў новай дысцыпліне. Ён стаў
двухразовым чэмпіёнам Беларусі па паўэрліфтынгу і кандыдатам у майстры спорту.
Да майстра не змог дайсці праз падзеі 2020 года.
«Частка выкладчыкаў на словах былі супраць
Лукашэнкі». Пра настроі ў БДУФК і звальненні
У 2018-м хлопец сканчае ўніверсітэт і там жа пачынае працаваць трэнерам у трэнажорнай зале і памочнікам галоўнага трэнера футбольнага клуба «Ашмяны»-БДУФК.
— Так я працаваў да мая 2020 года. Потым мне прапанавалі
паставіць подпіс за вылучэнне самі ведаеце каго. Я адмовіўся парушаць закон,
пасля чаго мне патэлефанавалі з аддзела кадраў і сказалі, што я магу шукаць
новую працу. Мне прапанавалі напісаць заяву па ўласным жаданні, каб не было
дрэннага запісу ў працоўнай.
Кажучы пра настроі ў родным універсітэце, Сяргей адзначае,
што яны былі розныя. Многія падтрымалі ўчынак хлопца, хвалілі яго, але самі
ставілі подпісы за Лукашэнку, хоць у іх і ўзнікалі ўнутраныя супярэчнасці.
— Ва ўніверсітэце былі розныя людзі. Зразумела, што там былі
выкладчыкі, якія з'яўляліся сябрамі выбарчай камісіі. Ім прынеслі паперку — яны
яе без пытанняў падпісалі. Частка выкладчыкаў на словах былі супраць Лукашэнкі,
але калі прынеслі паперку, яны яе таксама падпісалі без пытанняў.
Новую працу Сяргей знайшоў хутка — ён уладкаваўся
фітнес-трэнерам у трэнажорку насупраць універсітэта.
«Вы ўбачыце, што будзе ў 2020-м, і ўсе ахранееце». Пра пратэсты і затрыманне
У 2020-м Сяргей прыходзіў амаль на ўсе мітынгі. Больш за тое, хлопец удзельнічаў у пратэстах з 2014 года.
— Я памятаю, што калі быў на адным з мітынгаў у 2017-м,
адзін з аднагрупнікаў мне кінуў непрыемную фразу: «А навошта ты туды
ходзіш, чаго ты даможашся?». Я адказаў: «Вы ўбачыце, што будзе ў 2020-м, і ўсе ахранееце». Я тады быў адназначна ўпэўнены, што ў грамадстве закіпіць, што
яно гатовае, каб ускіпець. І яно, у прынцыпе, ужо тады, можна сказаць, было на
павольным агні. А павольны агонь рана ці позна даводзіць ваду да кіпення.
Затрымалі мужчыну не на пратэстах, а каля «Мінск-Арэны» ў 7
раніцы, калі міма яго праязджаў картэж Лукашэнкі.
— Я паказаў у яго бок знак «віктары». Літаральна праз
некалькі хвілін з'яўляюцца людзі, мяне хапаюць пад рукі і вядуць у бусік. Унутры трохі накідваюць у грудзі кулакамі, спрабуюць расціснуць кулакі і
разблакаваць тэлефон па адбітку пальца. Гэта ў іх так і не атрымалася, дарэчы.
Сяргей адзначае, што каля «Мінск-Арэны» заўсёды
малалюдна, а па раніцах там наогул не бывае людзей. Аднак гэта не перашкодзіла
суду абвінаваціць яго ў тым, што ён чапляўся да мінакоў. У якасці доказу — рапарт
Іванова Івана Іванавіча.
Свае 15 сутак Сяргей правёў спачатку на Акрэсціна, потым — у
Баранавічах. Гэта быў ужо лістапад, таму ён разумеў, чаго чакаць у зняволенні.
— Я не быў здзіўлены таму, што нам не выключалі святло,
утрымлівалі ў перапоўненых камерах, у тым ліку ў сырым склепе, дрэнна кармілі,
маглі ў тры гадзіны ночы стукаць па дзвярах, каб усе прачнуліся, не выводзілі на
прагулкі, не вадзілі ў душ. У цэлым, стаўленне да нас было як да людзей, якіх
трэба было 15 сутак не ізаляваць ад грамадства, а памучаць.
«У Недасекава меркавання няма, ён ніхто». Пра
настроі ўнутры беларускага спорту
Да затрымання Сяргей выходзіў на мітынгі ў складзе калоны С*абоднага аб'яднання спартоўцаў Беларусі. Гэтая арганізацыя вырасла з адкрытага ліста супраць гвалту. Да яе далучаліся ўсе, хто звязаны са спортам: спартсмены, трэнеры, спартыўныя ўрачы і гэтак далей.
— Я практычна з першых дзён у гэтай арганізацыі. Гэтая супольнасць паволі збірала вакол сябе ўсё больш людзей, яна існуе да гэтага
часу, нас шмат, і мы да гэтага часу адзін аднаму дапамагаем.
Кажучы пра настроі ўнутры спартовай супольнасці, Сяргей
адзначае, што гэта складанае пытанне — хтосьці цалкам падтрымлівае ўладу,
хтосьці цалкам не падтрымлівае. Адны выходзілі на мітынгі, іншыя баяліся за
свае заробкі.
— Трэба разумець, што наш спорт не існуе ў тым яго выглядзе,
у якім ён ёсць у свеце. У іншых краінах бацькі аддаюць дзяцей у спорт, каб яны
дасягалі вялікіх вынікаў і, магчыма, зараблялі гэтым на жыццё. У нас бацькі
аддаюць дзяцей у спорт проста, каб аддаць хоць куды. Таму ў нас і няма
нармальных спартыўных супольнасцяў са сваім меркаваннем і уплывам. У таго ж [праўладнага лёгкаатлета] Недасекава меркавання няма, ён ніхто. Так, ён дамогся высокіх спартыўных
вынікаў. Але з пазіцыі маралі, этыкі, чалавечнасці, ён не дамогся нічога.
«Адсоткаў 15 з майго кола зносін з'ехала
дакладна». Пра пераезд у Польшчу і плюсы Беластока
Да канца 2022 года Сяргей працягваў працаваць у той жа самай трэнажорнай зале. Мужчына кажа, што начальства паставілася да адседкі спакойна і з разуменнем. Калегі сустрэлі мужчыну пазітыўна, ціснулі руку, хвалілі. Не чапалі спартоўца і сілавікі, толькі ў родным Барысаве міліцыя спрабавала выклікаць яго на размову.
— Але ў канцы 2022 улады пачалі ўжываць рэпрэсіі да людзей,
якія падпісалі ліст С*абоднага аб'яднання спартоўцаў. Таму я вырашыў не чакаць, пакуль дабяруцца да мяне, і ў лістападзе з'ехаў з краіны.
Польшчу Сяргей абраў таму, што туды дастаткова проста
выехаць. А Беласток — з-за яго таннасці ў плане жылля, ежы, рэчаў, транспарту,
трэнажорных залаў. Мужчына таксама падкрэслівае, што гэта ціхі і спакойны
горад, тут няма сталічнай летаніны, шмат паркаў, веладарожак, на кожным кроку
варкаўт-пляцоўкі: і каля магазінаў, і ў дворыках.
Сяргей не адзіны, хто выехаў. Ён кажа, што шмат ягоных
сяброў і знаёмых пакінулі краіну за апошнія два гады
— Я бачыў, як вуліцы Мінска апусцелі ад маладых людзей. Гэта
кажа пра многае. У мяне вялікі круг зносін быў у той час: калегі па працы, па
былой працы, кліенты, сябры, знаёмыя. І я магу сказаць, што за гэты час
адсоткаў 15 з іх з'ехала дакладна. Мне здаецца, гэта вельмі шмат.
«Трэніроўкі не ў прыярытэце.
Галоўнае — энергарасход». Як схуднець
Цяпер Сяргей займаецца анлайн-кансультацыямі і трэніроўкамі для тых, хто жадае схуднець. Гэта комплекснае вядзенне кліента па пытаннях харчавання, рухальнай актыўнасцю, кантроль вынікаў.
— Калі чалавек хоча схуднець, то трэніроўкі не ў прыярытэце.
Галоўнае — энергарасход. Для таго каб чалавек худнеў, ён павінен расходаваць
больш энергіі, чым спажывае з ежай. Таму ісці ў трэнажорную залу неабавязкова,
галоўнае — займацца сваім харчаваннем, рухальнай актыўнасцю, кантраляваць вагу і
дасягнутыя вынікі.
Трэнер кажа, што трэніроўкі ў зале займаюць усяго толькі
каля пяць гадзін на тыдзень і застаюцца яшчэ 112 гадзін няспання, якія ніяк не
занятыя. Каб схуднець, патрэбна быць актыўнымі і гэты час — шмат хадзіць, рухацца.
— Хай будуць і трэніроўкі: бег, скандынаўская хада,
плаванне, трэнажорная зала з трэнерам або без яго, што каму падабаецца. Але
значна важней марнаваць энергію і ў астатні час: чым больш вы яе расходуеце на
працягу сутак, тым лепш для пахудання.
Таксама спартсмен раіць правільна харчавацца. У талерцы
павінна быць абалоніна, крупы, мяса, якое прайшло толькі адну тэрмічную
апрацоўку. А яшчэ не варта верыць ПХ-прадуктам («правільнае харчаванне») —
усялякім фітнес-батончыкам, фітнес-хлебу і гэтак далей. Гэта не працуе.
— Калі я бяру чалавека да сябе пад крыло, я яму кажу, якія
звычкі трэба ўносіць у жыццё, колькі трэба рухацца, правяраю справаздачы па
рухальнай актыўнасці, напрыклад, па колькасці крокаў. Я таксама кантралюю харчаванне,
кажу, дзе ён перабраў, якіх вугляводаў і бялкоў трэба больш ці менш.
Аб вяртанні ў Беларусь
Сяргей адназначна будзе вяртацца ў Беларусь. Але калі гэта здарыцца, сказаць не можа.
— Я разумею, што мая краіна хутка не зменіцца. Яна яшчэ
няхутка стане краінай для жыцця, для людзей. На самай справе яшчэ да падзей
2020-га я думаў, каб паспрабаваць сябе дзесьці яшчэ. І цяпер я думаю, што трэба
рэалізаваць сябе ў Еўропе, і ўжо потым вяртацца на радзіму з уменнямі,
навыкамі, грашыма, і займацца любімай справай там.