«Гэта не лічыцца тэмай для размоваў». Як беларусы ахвяруюць грошы на дапамогу іншым
Беларусы, якія займаюцца зборам грошай на патрэбы Беларусі і Ўкраіны, расказалі «Св*бодзе», наколькі ахвотна данацяць людзі, якія самыя вялікія данаты яны сустракалі і ў чым сакрэт пасьпяховай краўдфандынгавай кампаніі.
Адзін данат на машыну каліноўцам быў на 6 тысяч злотых
Актывісты з Гданьску зьбіраюць грошы на аўтамабілі для палка Каліноўскага. Сёлета яны ўжо набылі адзін Volkswagen T4 і перадалі яго добраахвотнікам. Яны гавораць, што іхная машына трапіла ў батальён «Волат» да мінамётчыкаў. Дзе дакладна яна ваюе, актывісты ня ведаюць, у тым ліку з прычыны ваеннай тайны.
Збор пачалі спантанна беларусы-эмігранты, якія не ўваходзяць
ні ў якую арганізацыю. Паводле іх слоў, яны рэгулярна зьбіраюцца на акцыі
салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі за мяжой. Маюць сваю закрытую
суполку ў Telegram. Усе
працуюць у розных сфэрах: IT,
таксі, служба дастаўкі, на фабрыцы.
«Увосень 2022 году ў суполцы разгарэлася чарговая спрэчка на
нейкую тэму. Флуд. «Стопяцьсот» паведамленьняў. Немагчыма гэта чытаць, брыдка,
страта часу», — успамінае, як усё пачалося, Міхась, адзін з удзельнікаў
суполкі.
Ён прапанаваў не марнаваць сілы на дыскусіі, а зрабіць нешта
канструктыўнае. Зьявілася прапанова набыць 50 камплектаў тэрмабялізны для
добраахвотнікаў палка Каліноўскага. Аднак потым вырашылі сабраць грошы на
аўтамабіль.
«Спачатку быў скептыцызм, што яго яшчэ трэба будзе везьці.
Хто гэтым зоймецца?» — дзеліцца Міхась.
Аднак усё атрымалася, дадае актывіст. Адкрылі збор на 30
тысяч злотых на польскім сэрвісе zrzutka.pl.
Калі да яго завяршэньня заставалася 15 дзён, сабралі 24 тысячы. Апошні данат
памерам 6 тысяч злотых (каля 1,5 тысячы эўра) ахвяраваў адзін чалавек,
які акурат думаў, на што аддаць грошы.
Патрэбную машыну знайшлі ў паляка, які трымае цэлы склад
аўтамабіляў, працягвае Міхась. Volkswagen Transporter
каштаваў 31 тысячу злотых. Аднак, калі ўласьнік даведаўся, для чаго патрэбная
машына, зрабіў зьніжку да 25 тысяч.
«Яна стаяла на ўзбраеньні NATO ў Даніі, у яе пашпарт ёсьць. Уласьнік вельмі добра да нас
паставіўся: скінуў цану, заліў паліва, дабавіў дамкрат і вогнетушыцель,
заплаціў усе падаткі. Сказаў, што калі будуць фінансавыя пытаньні на мяжы, то
ён таксама на сябе возьме расходы», — расказвае суразмоўца.
Дзякуючы зьніжцы ў гданьскіх актывістаў засталося каля 5
тысяч злотых. Тады яны вырашылі адкрыць яшчэ адзін збор, ужо на два падобныя
аўтамабілі для палка Каліноўскага. Да яго канца засталося яшчэ два месяцы,
сабралі пакуль менш за палову патрэбных грошаў.
«Такім чынам беларусы плацяць падаткі сваёй дзяржаве»
Міхась расказаў, што было эфэктыўным у першым зборы. Паводле слоў актывіста, чым больш яны распаўсюджвалі інфармацыю па тэлеграм-каналах і ў папяровых улётках, тым больш прыходзіла ахвяраваньняў. Значна падтрымаў збор канцэрт Маргарыты Ляўчук у Гданьску, падчас якога таксама можна было зьбіраць грошы.
Хто дакладна ахвяруе, суразмоўца ня ведае, бо польская
плятформа не дазваляе ўбачыць такія зьвесткі. Аднак ён мяркуе, што многія з
ахвярадаўцаў ведаюць актывістаў асабіста. Гэта найперш жыхары разьмешчаных
побач Гданьску, Сопату і Гдыні, а таксама знаёмыя ўкраінцы. Давер да
арганізатараў збору тут мае вялікае значэньне.
«Паказваў старонку сваім калегам, знаёмым. Яны разумелі, што
гэта сапраўдны збор. Чалавек тады адразу адкрывае прыладу і данаціць», —
расказвае Міхась.
Ён мяркуе, што людзі ахвотней аддаюць грошы, калі ім
дакладна патлумачыць, каму і на што гэта пойдзе. Да таго ж іх чапляюць
эмацыйныя пасланьні. Пасьля першага збору актывісты зрабілі справаздачу з
данатаў, апублікавалі фота машыны, якую перадалі ў полк Кастуся Каліноўскага.
Добраахвотнікі запісалі падзяку актывістам. Гэта, мяркуе Міхась, таксама
павышае давер да тых, хто робіць збор.
«Людзі ўбачылі, што мы існуём і ня проста словамі кідаемся»,
— кажа ён.
Найчасьцей ахвярадаўцы ўносяць па 10-100 злотых. Гэта палова
ад усіх ахвяраваньняў на гданьскі збор. Больш за 100 злотых данацяць каля
10-15% чалавек. Ахвяраваньні актывізуюцца ў пэрыяд атрыманьня заробкаў.
«Адчуваньне, што такім чынам беларусы плацяць падаткі сваёй
дзяржаве, толькі за межамі краіны», — падсумоўвае Міхась.
Яшчэ адзін актывіст з Гданьску, які падпісваецца нікам
«Чеснок», расказаў, што многія актывісты, якія рабілі першы збор, выгаралі.
Другі збор пачала ўжо новая каманда.
Ён таксама гаворыць, што іхняя супольнасьць, якая паўстала
зь нядзельных акцый салідарнасьці, робіць шмат іншага. Удзельнікі суполкі пры
падтрымцы B*Pol адкрылі
харугву «Паспалітага рушэньня», якое абвесьціў Валер Сахашчык.
Да таго ж актывісты стварылі моўны клюб, штотыдзень пішуць лісты палітвязьням, падтрымліваюць грашамі былых палітзьняволеных, ладзяць сустрэчы зь вядомымі асобамі. На адну зь нядзельных акцый прыехалі бацькі беларускага добраахвотніка, якога ўзялі ў палон ва Ўкраіне. Ім спантанна вырашылі сабраць грошы.
Беларусы ня хваляцца тым, што ахвяруюць грошы
Былы журналіст Зьміцер Ягораў цяпер дапамагае беларускім праектам у запуску і вядзеньні краўдфандынгавых кампаніяў праз сваю фірму Wigor. У асноўным ён кансультуе, але ў некаторых праектах бярэцца за тэхнічную частку: абслугоўвае плятформы, празь якія ідуць плацяжы, камунікуе з аўдыторыяй.
Зараз ён працуе зь некалькімі праектамі: запускам
рэабілітацыйнага цэнтру для вайскоўцаў пад Кіевам, Б*ларускім расьсьледніцкім
цэнтрам, зборам на арганізацыю працы выдавецтва «Кнігаўка» у межах «Беларускіх
магістратаў». Ягоны інфармацыйны бот дапамогі беларусам у Польшчы @BelPolskaBot таксама існуе на
данаты.
Краўдфандынгам Ягораў пачаў займацца яшчэ ў 2017 годзе, калі
зьбіралі грошы для сьляпога паэта Алеся Чобата з Горадзеншчыны. Зьміцер рабіў
дасьледаваньне аўдыторыі аднаго з праектаў, а таксама назіраў за тым, зь якіх
картак людзі дасылаюць грошы.
Ён падзяліўся высновамі, хто зь беларусаў данаціць і як.
Паводле Ягорава, сярод ахвярадаўцаў вялікая група тых, хто выехаў зь Беларусі
пасьля 2020 году. Вельмі часта сярод іх ёсьць людзі, якія працуюць у IT-сфэры. Тыповая сытуацыя,
калі ахвярадаўцы падтрымліваюць адначасова 2-3 праекты.
«Ёсьць значная колькасьць людзей, якія выдзяляюць штомесяц у
сваім хатнім бюджэце 20 ці 50 даляраў на дабрачыннасьць. Залежыць ад таго, якія
ў каго магчымасьці. Яны падтрымліваюць праекты на больш-менш сталай аснове», —
расказвае Зьміцер.
Самы вялікі аднаразовы данат, зь якімі сутыкаўся спэцыяліст,
— гэта 300 даляраў. Масава, паводле ягоных назіраньняў, людзі ахвяруюць па 5-10
даляраў на месяц, калі падтрымліваюць нейкі праект рэгулярна, а не аднаразова.
Гэта самы распаўсюджаны збор. Калі аднаразовая падтрымка, людзі могуць
ахвяраваць большыя сумы, працягвае Ягораў.
«Важна, зь якім пасылам ідзе праект. Вельмі часта людзі
даюць столькі грошай, колькі просіць праект. Калі просяць 5 даляраў, людзі
скідваюцца па 5 даляраў», — падкрэсьлівае суразмоўца.
Зьміцер Ягораў не бярэцца ацаніць, на што беларусы ахвяруюць
больш ахвотна, на патрэбы Беларусі ці Ўкраіны, напрыклад. Ён мяркуе, што галоўны фактар — каштоўнасьць
праекту.
«Я лічу, што людзей найбольш заахвочвае каштоўнасны момант.
Калі ў праекту Тацяны Гацуры (рэабілітацыйны цэнтар для вайскоўцаў) будзе
больш розгаласу, то яго падтрымаюць вельмі шмат людзей. Калі мы гаворым пра «Магістрат «Кнігаўка», то відавочна, што Янушкевіч зьбірае на тое, каб
выдаваць кніжкі па-беларуску. Шмат хто бачыць у гэтым карысьць і таму ахвяруе,
каб гэтае выдавецтва запрацавала», — кажа ён.
Адначасна спэцыяліст зазначае, што ахвярадаўцаў рэдка
цікавяць «плюшкі», якія прапануюць узамен за данат: атрымаць кубак, кнігу,
майку.
«Вельмі часта людзі хочуць падтрымаць ідэю. Яны хочуць каб
нейкія пачынаньні рэалізаваліся, каб праект прыносіў дабро. Беларускія
ахвярадаўцы вельмі часта бескарысьлівыя, яны не чакаюць узамен чагосьці», —
падсумоўвае ён.
Зьміцер заўважыў, што беларусы ня дзеляцца тым, што яны
падтрымліваюць той ці іншы праект.
«Нават зь сябрамі гэта вельмі часта ня лічыцца тэмай для
размоваў. Па-першае, ад сьціпласьці людзі ня хочуць хваліцца, з кімсьці мерацца.
Па-другое, гэта бясьпека. Калі стане вядома, што яны падтрымліваць, прыкладам,
Б*ларускі расьсьледніцкі цэнтар, у іх або іхных сваякоў будуць праблемы. Таму
данацяць троху па-партызанску», — разважае Зьміцер.
Ягораў назваў тры складнікі пасьпяховай краўдфандынгавай
кампаніі.
Першы — ідэя мусіць быць зразумелай, празрыстай, людзі
павінны разумець, на што пойдуць грошы, як гэта будзе працаваць.
Другі — вядомая асоба, якая стаіць за праектам, яна мае аўтарытэт, давер аўдыторыі.
Трэці — чым большы распаўсюд інфармацыі, тым лепш.