Андрэй Стрыжак расказаў, як зараз данацяць беларусы

Кіраўнік дабрачыннага фонду распавёў «Филину», як вайна ва Украіне паўплывала на данаты і ці меншай стала ўвага да палітвязняў.

photo_2021_11_25_13_03_21.jpg

Нядаўна сям’я Мікалая Аўтуховіча абвясціла тэрміновы збор на аплату працы адвакатаў — заяўленую суму атрымалася сабраць за два дні. Не застаўся без увагі землякоў і заклік дапамагчы сем’ям беларускіх палітвязняў сабраць дзяцей у школу: грошай аказалася нават больш, чым заявак, і ў выніку разавую дапамогу перадалі яшчэ больш як 20 сем’ям.

І гэта добрыя навіны. Гаворка, прынамсі, ідзе не толькі пра грошы, а пра падтрымку і ўвагу да беларусаў. Бо падавалася, што ад пачатку вайны ва Украіне фокус увагі змясціўся і рэпрэсіі ў Беларусі адышлі на другі, а то і трэці план — прычым як для міжнароднай супольнасці, так і для саміх беларусаў.

Ці насамрэч гэта так? Адказвае заснавальнік аднаго з найбуйнейшых дабрачынных фондаў дапамогі рэпрэсіраваным Андрэй Стрыжак.

— Сітуацыя насамрэч дастаткова складаная, — гаворыць Андрэй Стрыжак, — і абсалютна слушнае меркаванне, што фокус змясціўся 24 лютага з нашых унутраных праблем на праблемы нашых суседзяў, якія, у прынцыпе, з’яўляюцца праблемамі ўсяго рэгіёна. Ваенная агрэсія Расіі супраць Украіны ўплывае абсалютна на ўсё, што адбываецца навокал.

Трэба ўлічыць яшчэ адзін важны момант: мы былі, калі можна так сказаць, троху рамантычнымі на пачатку гэтай вайны і спадзяваліся на тое, што наша дапамога, суперажыванне, нейкія фактычныя крокі, такія, як удзел нашых добраахвотнікаў у баявых дзеяннях на баку Украіны, праца валанцёраў, дапамога, якую мы збіраем і адпраўляем ва Украіну, будзе паказваць, на якім баку стаяць і што канкрэтна думаюць вольныя беларусы. Бо зразумела, што тыя «ябацькі», якія знаходзяцца на баку Лукашэнкі і Пуціна — гэта «зет» у галаве і больш нічога.

На жаль, сталася так, што ўкраінскае грамадства не стала раздзяляць і вылучаць нармальных беларусаў, якія выступаюць за Украіну, за перамогу вольнага свету, і пракрамлёўскіх. Нас сталі мазаць адным мірам, якое не надта смачна пахне.

Гэта сітуацыя прывяла да таго, што вельмі моцна знізілася цікаўнасць, данаты і падтрымка Украіны з боку беларусаў: калі ўвесь час кажуць, што ты дрэнны, гэта вельмі дэматывуе і дэмаралізуе.

Фонд, падкрэслівае яго кіраўнік, працягвае працаваць у гэтым кірунку, але цікавасць да яго ўсё ж змяншаецца.

— Людзі — такі біялагічны від, які ўвесь час патрабуе нейкага новага і, як бы цынічна ні гучала, цікавага кантэнту, які чымсьці «зачэпіць». Самыя жудасныя, самыя вусцішныя карціны вайны мы бачым ужо на працягу паўгода — і людзі, на жаль, да гэтага прызвычаіліся. Гэта гучыць, мабыць, крыху жорстка і вельмі крытычна ў дачыненні да людзей у цэлым, але вельмі доўга працуючы з дабрачыннасцю, я ведаю, што пасля першай вялікай успышкі цікаўнасці яна паступова сходзіць на не.

Праблема ў тым, тлумачыць суразмоўца, што чым больш эфектыўны трыгер, які ўзрушвае чалавека і прыцягвае яго ўвагу, тым больш складана потым вярнуцца да іншых рэчаў, не такіх «чапляльных».

З 2020-га мінулі два гады, і нашы ўласныя трагедыі, на жаль, сталіся паўсядзённасцю: штодзень хтосьці трапляе за краты, кагосьці катуюць, несправядліва асуджаюць. А наверх яшчэ дадайце Бучу, Марыупаль, іншыя жахі вайны.

Людзі проста выгарэлі цалкам, іх эмацыйны стан зараз неўспрымальны ні да чаго.

— Таму вельмі важна звяртаць увагу на такія штукі, як «хуткія зборы». У нас была пілотная гісторыя, якую сёлета ўпершыню запусцілі — збор на летнія вакацыі для дзяцей палітвязняў, там сабралі вялікую суму і шмат каму змаглі дапамагчы.

Зараз — збор на дзетак палітвязняў, якія ідуць у школу, і паспяховы збор для Мікалая Аўтуховіча, які абвяшчала ягоная сям’я.

Спадзяюся, што людзі праявяць салідарнасць і ў зборы для Дзяніса Івашына, гісторыя якога вельмі павязаная і з Беларуссю, і з Украінай, і з нашым правам ведаць, хто служыць у міліцыі і як гэта ўсё выглядае.

Як падтрымаць збор для журналiста Дзяніса Івашына — глядзiце тут.

Агулам, канстатуе кіраўнік фонду, той узровень падтрымкі беларускіх персанальных збораў і ініцыятыў, які быў да вайны, не аднавіўся. Але разам з тым Андрэй Стрыжак выказвае асцярожнае спадзяванне на тое, што людзі зноў будуць цікавіцца тым, што адбываецца ў Беларусі, беларускімі палітвязнямі і ўдзельнічаць у тэматычных зборах:

— У нас іншага выйсця няма — трэба дапамагаць людзям. І адзіная магчымасць дапамогі зараз — гэта наша ўласная дапамога, дапамога беларуса беларусу, тая салідарнасць, якая нас вельмі моцна ўскалыхнула ў 2020 годзе і дагэтуль працягваецца.

Але разам з тым працягваюцца і рэпрэсіі, і колькасць палітвязняў дзень за днём не змяншаецца. А  падтрымаць іх беларусам у Беларусі сёння як ніколі небяспечна.

— Тыя людзі, якія засталіся ў Беларусі, сёння пад «падвойнай акупацыяй» — і лукашэнкаўскай, і расійскай, — пагаджаецца суразмоўца. — Таму перш за ўсё трэба берагчы сябе. Бо калі ты трапіш за краты ці нешта з табой здарыцца, то ты нікому не дапаможаш, нават сабе. То-бок, першаснае, што трэба рабіць — дбаць пра бяспеку. Псіхалагічную, фізічную, камп’ютарную — улічваць усе аспекты гэтага пытання.

Другое — рабіць тое, што можаш, і не наракаць на сябе, што ты робіш мала. Таму што ў тым стане і ў тых умовах, якія склаліся ў Беларусі, што б ні рабілася — гэта ўжо шмат. Нават калі вы проста падбадзёрваеце адзін аднаго з суседам, пра якога дакладна ведаеце, што ён нашых поглядаў — гэта таксама нямала, каб было разуменне, што нічога не скончылася, што Лукашэнка з ягонымі памагатымі не перамаглі.

Яны толькі задавілі, прыдушылі прагу да свабоды, але — нічога не скончылася.

Людзі, якія арганізаваны ў групы і гатовы працаваць, але не маюць рэсурсу, могуць звяртацца ў наш фонд. У нас ёсць пэўная колькасць рэсурсаў, якімі можам апекавацца, і ёсць бяспечныя метады перадачы гэтых рэсурсаў, таму нават у цяперашніх умовах можна разам абмеркаваць, што рабіць.

У першую чаргу гэта кампаніі падтрымкі палітвязняў: з сем’ямі значна прасцей працаваць, фізічна знаходзячыся ў Беларусі, а не за мяжой. Фонд увесь час кантактуе з людзьмі, якія «засталіся на зямлі» і з прадстаўнікамі дваровых ініцыятыў (там, дзе яны ёсць), так што супрацоўніцтва магчымае нават у цяперашніх умовах.

Дарэчы, у 2020-м многія беларусы саромеліся звяртацца па дапамогу, бо лічылі, што іншым «больш патрэбна». Андрэй Стрыжак распавёў, ці змянілася стаўленне цяпер:

— Ёсць розныя выпадкі, многае залежыць ад самога чалавека, ад таго, як ён прызвычаіўся жыць. Часта звяртаюцца людзі: маўляў, мы данацілі ў фонд — значыць, маем права прыйсці да вас па дапамогу, вось, мы прыйшлі. А бывае, што людзі атрымалі дапамогу раней, выехалі з Беларусі, у эміграцыі сталі на ногі і самі пачалі данаціць і заклікаць іншых людзей звяртацца да нас — атрымліваецца гэткая «каса ўзаемадапамогі».

Сама па сабе сітуацыя троху мяняецца ў лепшы бок для дабрачыннасці, беларусы прызвычайваюцца да таго, што прасіць дапамогі — нармальна. І часам, напрыклад, сябры сям’і палітвязняў, ведаючы іх умовы, падказваюць: звярніцеся і раскажыце пра свае патрэбы, гэты рэсурс для таго і прызначаны, каб такая падтрымка аказвалася.