Цыганкоў: Беларус беларусу беларус

Беларускую салідарнасць і любоў імкнуцца разбурыць, аднак людзям трэба імкнуцца захаваць ў сабе дабрыню і спагаду да іншых ды памятаць пра галоўнае. Журналіст Віталь Цыганкоў у сваім тэлеграме разважае, у чым адметнасць беларусаў.

Малюнак www.facebook.com

Малюнак www.facebook.com

— У апошняга Дудзя тэма – расійская прапаганда. Не сказаў бы, што гэта самы ўдалы выпуск, але я пра іншае. Адна з гераінь, Маша Барзунова, адказваючы на традыцыйнае пытанне “у чым сіла?”, сказала:

“Калі я была ў Беларусі ў 2020 годзе, я пабачыла тое, чаго я ніколі не бачыла ў Расіі. Тое, як людзі любяць адзін аднога. І гэта дзіўная штука, вельмі банальная, магчыма. Але тое, як яны аберагалі адзін аднога, любілі адзін аднога, і зацягнулі мяне ў гэта — гэта вельмі ўражвае.

А ў нас, у Расіі, нават на фоне вайны і пасадак — усе гатовыя адзін аднога перагрызці..”

Вядома, знойдуцца аматары паспрачацца (якія толькі гэта і ўмеюць), але я б хацеў, каб мы пачулі і ацанілі гэты погляд збоку на беларусаў. Бо мы надта часта паглынаемся ў сваім самаедстве і скрозь лес крытыкі не бачым станоўчыя якасці большасці беларусаў.

І канешне, гэтую салідарнасць і любоў імкнуцца разбурыць. З аднаго боку, рэжым, які вынішчае любыя праявы добрага і высакароднага ў чалавеку, і ўздымае самыя нізкія і подлыя якасці. З іншага боку, змагары з “невероятнымі”, людзі, якія нібыта выступаюць за еднасць, але на самой справе працуюць на раз’яднанне, палітыкі, якія заяўляюць, што любяць беларусаў у цэлым, але, як выглядае, не любяць ніводнага канкрэтнага беларуса. Альбо тыя “прагрэсісты”, якія гатовыя абражаць і ненавідзець большую частку беларускага грамадства толькі за тое, што яны не падзяляюць іхніх поглядаў, напрыклад, на мігрантаў ці ЛГБТ.

Усе гэтыя людзі не жадаюць ці не ўмеюць бачыць галоўнага.

А гэтая дзяўчына з Масквы прыехала і адразу схапіла і зразумела самае галоўнае. “Беларус беларусу беларус”.

Тое, што мы не павінны страціць.