Раскамнагляд папярэдзіў беларускае выданне за цытаванне расійскага «ястраба вайны»

Як паведамляе «Салідарнасць», Раскамнагляд больш за паўгода таму заблакіраваў асноўны дамен выдання за інфармацыю, якая не адпавядае афіцыйным расійскім канонам. Пры гэтым тамтэйшыя чыноўнікі працягваюць чытаць беларускі сайт.

opera_snimok_2022_10_14_205044_gazetaby.com.png


У рэдакцыйную пошту ўпаў чарговы ліст ад Раскамнагляду з патрабаваннем неадкладна выдаліць «тэкст, які змяшчае заклікі да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Расійскай Федэрацыі: "...прапаную перадаць у склад Харкаўскай вобласці Украіны частку (не менш за тры памежныя раёны) Белгародскай вобласці..."», паведамляе рэдакцыя «Салідарнасці».

Аднак гэты артыкул, апублікаваны яшчэ 11 верасня, з'яўляўся аглядам расійскай прапаганды, наратывы якой «Салідарнасць» адсочвае сістэматычна. У прыватнасці, там цытаваўся тэлеграм-канал аднаго з былых кіраўнікоў так званай «ДНР» Ігара Гіркіна-Стралкова.

Сепаратыст, каментуючы ўцёкі расійскіх войскаў з Харкаўшчыны, саркастычна заявіў: «У рамках умацавання ВГА і плённага задзейнічання вольных кадраў органаў дзяржаўнай улады, ФСБ і паліцыі прапаную перадаць у склад Харкаўскай вобласці Украіны частку (не менш за тры памежныя раёны) Белгародскай вобласці. Усё роўна там цяпер партнёры страляюць практычна таксама свабодна, як па той бок мяжы, і прынцыповай розніцы для жыхароў ужо няма ніякай... Затое мы зможам на поўнай падставе казаць пасля гэтага, што ніякіх баявых дзеянняў на тэрыторыі РФ не адбываецца».

«Цікава, Стралкову таксама папярэджанне вынесуць?», — пішуць журналісты беларускага выдання.

«Уся гэтая сітуацыя чарговы раз дэманструе жахлівы маштаб падвойных стандартаў расійскага кіраўніцтва. З аднаго боку, яно дазваляе сабе ўварвацца ў іншую дзяржаву і захапіць яе частку. А з другога, прызнае недапушчальнымі нават выказванні аб гіпатэтычным парушэнні тэрытарыяльнай цэласнасці Расіі, спрабуючы юрыдычна выключыць саму магчымасць гэтага. Але ніякія «законы» яшчэ ніколі не выратавалі ніводную імперыю ад распаду», — каментуе папярэджанне Раскамнагляду рэдакцыя.