Карані халоднай вайны. Крок, які меў наступствы для ўсяго сусветнага парадку
Рашэнне краіны саветаў разарваць дыпламатычныя адносіны з польскім урадам у выгнанні ў 1943 годзе — крок, які меў наступствы для ўсяго сусветнага парадку. Адносіны паміж Савецкім Саюзам і польскім урадам былі складанымі, грунтаваліся на гістарычных і ідэалагічных рознагалоссях. У гэтым артыкуле мы паглыбімся ў гісторыю гэтых адносін, даследуем фактары, якія прывялі да гэтага рашэння, і як гэта паўплывала на свет.

Падпісаньне пагадненьня ў 1941 годзе паміж Польскім урадам у выгнаньні і ўрадам краіны саветаў у прысутнасьці Чэрчыля. Лёндан.
Калі мы зробім адступленьне ад прынятай гістарыяграфіяй храналёгіі і пашырым тэрміны пачатку халоднай вайны паміж усходняй чырвонай імперыяй і заходнімі капіталістычнымі краінамі з 1946 году да самаго заснаваньня краіны саветаў, у 1922 год, тады ўбачым, як нянавісьць і барадзьба існавалі ўжо за шмат гадоў да афіцыйнага пачатку халоднай вайны.
Да Другой Сусьветнай
У 1918 годзе была створаная новая польская дзяржава, першы раз пасьля ганебных разрываў Рэчы Паспалітай у 1772-1795 гадах.
СССР, створаны ў 1922 годзе, меў складаныя адносіны з Польшчай. З аднаго боку, Савецкі Саюз першапачаткова падтрымліваў польскі ўрад, які ўзначальваў Юзэф Пілсудзкі, сацыяліст-рэвалюцыянэр. Аднак кіраўнік польскай рэспублікі ваяваў супраць Расеі ў вайне 1919-1920 гадоў. Урад Пілсудзкага таксама варожа ставіўся да камунізму, і ў 1926 годзе ён усталяваў такую палітычную сістэму, якая падаўляла левыя палітычныя партыі.
Халодная вайна была часам моцнай палітычнай напружанасьці і ідэалягічнага канфлікту паміж заходнімі дзяржавамі і Савецкім Саюзам. Адным з ключавых палёў бітвы ў гэтым канфлікце была Польшча, у якую падчас Другой сусьветнай вайны ўварваліся нацысцкая Нямеччына і праз 17 дзён яе верны хаўрусьнік — Савецкі Саюз у верасьні 1939 году. Польскі ўрад быў вымушаны пакінуць тэрыторыю акупаванай двума ворагамі краіны.
Вайна
1 верасьня Варшаву пакінуў прэзідэнт рэспублікі Ігнацый Масьціцкі, а 17 верасьня тэрыторыю Польшчы пакінуў і ўрад пад кіраўніцтвам Фэліцыяна Складкоўскага. Усе яны перайшлі мяжу Румыніі.
Складаныя адносіны Польшчы і Румыніі ў гэты час прывялі да таго, што прэзідэнт Масьціцкі быў вымушаны прызначыць свайго пераемніка зь ліку тых, хто ўжо знаходзіўся на тэрыторыі вольных краінаў. Новы прэзідэнт Уладыслаў Рачкевіч у амбасадзе Польшчы ў Парыжы прыняў прысягу і прызначыў генэрала Ўладыслава Сікорскага на пасаду прэм’ер-міністра. Такім чынам быў створаны ўрад у выгнаньні, які быў прызнаны заходнімі саюзьнікамі.

Уладыслаў Сікорскі
Праз некалькі месяцаў нямецкія войскі пачалі маштабны наступ і за кароткі час акупавалі Нідэрлянды, Бэльгію, Данію і Нарвэгію. Ужо 22 чэрвеня 1940 году Фрацыя падпісала сваю капітуляцыю, а за некалькі дзён да гэтай падзеі польскі ўрад у выгнаньні перадыслякаваўся ў Лёндан дзякуючы запрашэньню прэм’ера Вялікай Брытаніі Ўінстана Чэрчыля. Урад Сікорскага займаўся ў тым ліку і фарміраваньнем і функцыянаваньнем Арміі Краёвай.
Пасьля нападу Нямеччыны на краіну саветаў у 1941 годзе Сталін шукаў дапамогу пад кожнай пустой бутэлькай. Тут і палякі сталі патрэбныя. Іх урад у выгнаньні зноў стаў законным, зь якім можна было мець справы. Неабходна адзначыць, што сам факт аднаўленьня дыпляматычных адносінаў у 1941 годзе выклікаў крызіс у польскім урадзе. Шэраг міністраў пакінула яго ў знак нязгоды. Была створаная знакамітая «Армія Андэрса».

Сікорскі, Чэрчыль, Дэ Голь
Гэты ўрад імкнуўся стварыць свабодную і дэмакратычную Польшчу пасьля заканчэньня вайны.
Аднак краіна саветаў не разумела, што значыць свабодная і дэмакратычная краіна. Крамлёўскія камуністы вельмі падазрона ставіліся да ўрада ў выгнаньні і разглядалі яго як інструмэнт заходніх дзяржаваў (калектыўны Захад, як зараз кажуць).

У той час як заходнія саюзьнікі Другой Рэчы Паспалітай прызнавалі польскі ўрад у выгнаньні законным урадам Польшчы, Савецкі Саюз усталяваў у Польшчы камуністычны ўрад і адмовіўся прызнаваць урад у выгнаньні. Калі зусім проста — польскі ўрад у выгнаньні абвінавачваў Саветы ў імкненьні дамінаваць над Польшчай, а камуністы абвінавачвалі польскі ўрад у выгнаньні ў супрацоўніцтве з нацыстамі.
Што ж за супраца такая?
Справа была ў тым, што ўрад Уладыслава Сікорскага згадзіўся на незалежнае расьсьледваньне таго, што адбылося ў катынскім лесе ў 1940 годзе. 13 красавіка 1943 году немцы абвясьцілі аб выяўленьні масавых пахаваньняў польскіх афіцэраў у лясах каля Катыні пад Смаленскам. Яны абвінавацілі ў зьдзяйсьненьні злачынства сталінскі НКУС і заявілі, што ўсе ахвяры былі забітыя вясной 1940 году. Савецкія ўлады адмаўлялі гэта і ў адказ заяўлялі, што польскія ваеннапалонныя летам 1941 году нібыта трапілі ў рукі немцаў і былі забітыя імі.
У гэтай сытуацыі польскі ўрад генэрала Сікорскага, які са жніўня 1941 году ня мог атрымаць ад камуністаў ніякіх зьвестак пра лёс зьніклых афіцэраў, зьвярнуўся да Міжнароднага Чырвонага Крыжа з просьбай растлумачыць гэтае пытаньне. Выпадкова гэта адбылося ў той дзень, калі з такім жа заклікам выступілі і немцы. Савецкія ўлады адразу абвінавацілі палякаў у супрацоўніцтве з нацыстамі.

Ахвяры Катыні
То-бок чырвоныя камісары ў Маскве не маглі дапусьціць таго, што іх ваеннае злачынства будзе раскрытае, і вырашылі пайсьці на радыкальны ход — не прызнаваць тых, хто гэтае расьсьледваньне запусьціў. Іншымі словамі, «сам дурань».
Вельмі красамоўнай зьяўляецца выказваньне дзеяча польскага ўраду ў выгнаньні генэрала Тадэвуша Камароўскага ў кастрычніку 1943 году:
«Мы ня можам дапусьціць да паўстаньня ў той час, калі Нямеччына ўсё яшчэ трымае Ўсходні фронт і абараняе нас з таго боку. У дадзеным выпадку паслабленьне Нямеччыны якраз ня ў нашых інтарэсах. Акрамя таго, я бачу пагрозу ў асобе Расеі… Чым далей знаходзіцца расейскае войска, тым лепш для нас. З гэтага выцякае лягічны вынік, што мы ня можам выклікаць паўстаньне супраць Нямеччыны датуль, пакуль яна трымае расейскі фронт, а тым самым і расейцаў удалечыні ад нас. Акрамя таго, мы павінны быць падрыхтаваныя да таго, каб аказаць узброены супраціў расейскім войскам, якія ўступаюць на тэрыторыю Польшчы».

Генэрал Сікорскі і генэрал Андэрс
Мы бачым выразны
сігнал аб тым, што Польшча чакала вызваленьня ад немцаў з Захаду, з дапамогай перадусім Брытаніі і ЗША, а магчымасьць прысутнасьці зноў расейскага вайсковага
бота была роўная новай акупацыі, што, на жаль, і здарылася да часу Леха
Валенсы.
Пасьля
Гэта прывяло да глыбокага разрыву паміж Савецкім Саюзам і польскім урадам у выгнаньні, які працягваўся на працягу ўсёй халоднай вайны.

Спадчына гэтага разрыву адчуваецца і сёньня, бо Польшча застаецца глыбока антырасейскай краінай. Нягледзячы на тое, што пасьля заканчэньня халоднай вайны краіна дасягнула значнага прагрэсу ў стварэньні дэмакратычнага ўраду і свабоднай рынкавай эканомікі, усё яшчэ ёсьць шмат палякаў, якія адчуваюць глыбокае пачуцьцё недаверу і крыўды ў адносінах да Расеі. Глыбокімі сьлядамі туды ўпісаныя трагедыі ў Катыні ў 1940 годзе, а таксама авіякатастрофа польскага прэзідэнта Леха Качынскага ў 2010 годзе пад Смаленскам. Гэта пакінула глыбокія шнары на гісторыі і ідэнтычнасьці краіны.
