Дактрына Трумэна: падтрымка тых, каму пагражае Масква
12 сакавіка 1947 года амэрыканскі прэзыдэнт фактычна абвесьціў аб пачатку халоднай вайны. Прайшло ўжо 76 гадоў, а вораг усё той жа. Давайце разьбяромся, што гэта значыла тады і якія пэрспэктывы мае ў палітыцы сёньня.

Прэзідэнт ЗША Гары Трумэн
Напярэдадні
Прадвесьцем Дактрыны Трумэна можна лічыць знакамітую Фултанскую прамову Ўінстана Чэрчыля ў пачатку 1946 года, аб якой мы падрабязна пісалі ў гэтым матэрыяле.

Разам з тым тыя ж брытанцы, толькі на гэты раз левыя лейбарысты, што прыйшлі на зьмену кансэрватарам Чэрчыля, апынуліся не ў стане эфэктыўна падтрымліваць эканамічны балянс. У лютым 1947 года ўрад Этлі паведаміў Злучаным Штатам, што больш не можа аказваць эканамічную і ваенную дапамогу, якую аказваў Грэцыі і Турэччыне пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны.
Справа ў тым, што ў Грэцыі камуністы-паўстанцы са зброяй у руках змагаліся з каралеўскім дэмакратычным урадам сваёй краіны з канца вайны. Дапамогу чырвоным аказваў ідэйны таварыш з Югаславіі Ціта.
У Турэччыне адначасова з гэтым камуністы з Масквы патрабавалі кантролю над пралівам Дарданэлы. Гэтая тэрыторыя была стратэгічнай на водным шляху з Чорнага ў Міжземнае мора. Турэцкі ўрад не падпарадкоўваўся настойлівым просьбам, што прывяло да высокай вайсковай напружанасьці.

Ліст Трумэна амбасадару ЗША ў Маскве, дзе ён крытыкуе паводзіны камуністаў
ЗША разумелі, што калі чырвоная зараза пераможа ў Грэцыі, гэта непазьбежна стане падставай і да наступнай паразы туркаў у ідэалягічным змаганьні. І наадварот, калі Масква атрымае кантроль над пралівамі, гэта стане вялізнай перавагай у магчымай вялікай вайне Дэмакратыі і Масквы. Як назвалі верагодны негатыўны сцэнар у адміністрацыі Трумэна — «Эфэкт Даміно», які нёс бы пагрозу ўсё новым і новым дзяржавам.
Таму ЗША скарысталіся шанцам, каб заняць жорсткую пазыцыю. Было вырашана дапамагчы адразу і Турэччыне і Грэцыі. У гэтай напружанай міжнароднай атмасфэры прэзідэнт Трумэн вырашыў парваць з палітыкай свайго папярэдніка Франкліна Рузвэльта і перавызначыць зьнешнюю палітыку краіны.
Прамова
У драматычнай прамове на сумеснай сэсіі Кангрэса прэзідэнт Гары Трумэн зьвярнуўся да народных прадстаўнікоў, але разам з тым і да ўсяго вольнага сьвету:

Трумэн у Кангрэсе. Фота: Бібліятэка Кангрэсу
«У наступныя гады сьвет стаіць перад выбарам. Нацыі могуць прыняць лад жыцьця, заснаваны на волі большасьці, а ўрады — гарантыі індывідуальнай свабоды, або яны маглі прыняць лад жыцьця, заснаваны на волі меншасьці, гвалтоўна навязанай большасьці.
Грэцыя, знаходзіцца пад пагрозай тэрарыстычнай дзейнасьці некалькіх тысячаў узброеных людзей на чале з камуністамі.
Трумэн прасіў 400 мільёнаў даляраў дапамогі дзвюм краінам. Кангрэс ухваліў яго запыт праз два месяцы.
Амэрыканцы заклікалі Турэччыну супраціўляцца прэтэнзіям СССР на правы на ваенна-марскія базы ў Басфоры. Таксама была забясьпечаная перамога над камуністамі ў Грэцыі. І яшчэ адна буйная перамога — чырвоныя войскі сышлі нарэшце з тэрыторыі Ірана, адкуль мусілі сысьці шмат гадоў таму. Сталіну карцела пры дапамозе танкаў кантраляваць здабычу нафты ў Іране, што супярэчыла яго ж дамоўленасьцям з Чэрчылем і Рузвэльтам на канфэрэнцыях 1943 і 1945 гадоў.
Дактрына Трумэна была па сутнасьці абвяшчэньнем халоднай вайны. Яго зварот акрэсьліў параметры зьнешняй палітыкі ЗША: СССР быў цэнтрам усёй камуністычнай дзейнасьці і рухаў ва ўсім сьвеце; камунізм можа атакаваць праз уварваньне звонку або нутраную дывэрсію. А ЗША неабходна было аказваць ваенную і эканамічную дапамогу для абароны краінаў ад камуністычнай агрэсіі.
Зьяўленьне, верагодна, найбуйнейшай і найуплывовейшай выведкі — CIA (Цэнтральнае выведвальнае ўпраўленьне) адбылося дзеля каардынацыі супрацьдзеяньню савецкага шпіянажу ў 1947 годзе.
І менавіта гэтая дактрына вызначыла тое, як разьвіваліся адносіны краінаў да скону Імпэрыі Зла. Гэтыя зьмены ў зьнешняй палітыцы адзначылі сапраўдны паварот у гісторыі Штатаў, якія раней заставаліся ўбаку ад эўрапейскіх спрэчак. Палітыка ізаляцыянізму больш ніколі не разглядалася.

Тэкст прамовы Трумэна
Дактрына стала першай у серыі крокаў па стрымліваньні камунізму. Пасьля яе адбылося эканамічнае аднаўленьне Заходняй Эўропы праз плян дзяржсакратара ЗША Джорджа Маршала і ваеннае стрымліваньне шляхам стварэньня NATO ў 1949 годзе. Трэба адзначыць, што Паўночна-Атлянтычны Зьвяз узьнік у першую чаргу на запыт не амэрыканцаў, але эўрапейцаў, якія жадалі гарантый бясьпекі разам з эканамічнай дапамогай, якую атрымлівалі па пляне Маршала.
Пасьля сканчэньня сёньняшняй вайны відавочна зьявіцца новая архітэктура эўрапейскай бясьпекі, якая будзе ўключаць і Ўкраіну (дай Бог каб і Беларусь).
За апошнія два дзясяткі гадоў было шмат размоваў з адміністрацый Абамы, Трампа і Байдэна аб тым, што неабходна эпоха «скарачэньня і адступленьня» пасьля нібы сканчэньня халоднай вайны. Разам з даволі хаатычным выйсьцем войскаў з Аўганістану ў 2021 годзе здавалася, што гэтая эпоха ўсё ж надыходзіць.

СМІ паведамляюць пра прапановы Трумэна
З моманту пачатку вайны Расеі супраць Украіны Злучаныя Штаты прынялі значна больш агрэсіўную зьнешнюю палітыку. Што ўлічвае эканамічную дапамогу і зброю на мільярды даляраў дзеля барацьбы з Масквой. Вашынгтон таксама пачаў дапамагаць антыўрадавым пратэстоўцам у Іране, і прадстаўнікі адміністрацыі прэзідэнта Байдэна наўпрост заявілі, што Злучаныя Штаты памыліліся, калі не аказалі дапамогу ў папярэдні раз, калі іранцы масава выйшлі на вуліцы.
А ўлічваючы і супрацьстаяньне з Кітаем, можна з упэўненасьцю сказаць, што
Папярэдняя барацьба нарадзіла Дактрыну Трумэна, новае змаганьне бярэ адтуль самае галоўнае.