Вярнуць беларусаў, якія з'ехалі за мяжу, практычна нерэальна
Адсутнасць кваліфікаваных кадраў стала адчувальнай для рэжыму, і прыхвасні Лукашэнкі задумаліся над тым, як вярнуць людзей у краіну.
Лукашэнка зацвердзіў новую канцэпцыю дзяржаўнай кадравай палітыкі. Улады прызнаюць, што карпарацыі вядуць барацьбу за перспектыўных спецыялістаў і маюць намер стварыць умовы для вяртання кадраў, якія з'ехалі за мяжу. «Deutsche Welle» спытала ў экспэртаў, ці варта чакаць паслаблення рэпрэсій і ці можа дзяржава канкураваць у заробках з прыватнымі кампаніямі.
Улады абяцаюць ратацыю чыноўнікаў і заробкі
У канцэпцыі пазначаны пагрозы для кадравай бяспекі: дэмаграфічная праблема, адток кадраў за мяжу, неадпаведнасць кваліфікацыі сучасным патрабаванням, дэфіцыт спецыялістаў па найбольш значных відах эканамічнай дзейнасці, зніжэнне прывабнасці дзяржслужбы для высокакваліфікаваных кадраў.
Улады прызнаюць, што «замежныя карпарацыі вядуць барацьбу за перспектыўных спецыялістаў і таленавітую моладзь» і маюць намер «стварыць умовы для вяртання кадраў, якія з'ехалі за мяжу».
Адным з крытэраў ацэнкі кадравай палітыкі паказаная праверка грамадзянскай пазіцыі супрацоўнікаў. А ў правілах карпаратыўнай этыкі павінны з'явіцца механізмы «павышэння патрыятызму работнікаў».
Улады прапануюць кантраляваць, куды пераходзяць на працу найбольш запатрабаваныя спецыялісты, абяцаюць знізіць дысбаланс па заробках і адзначаюць, што трэба пашыраць ратацыю чыноўнікаў, у тым ліку для барацьбы з карупцыяй.
Савецкія кадры няма кім замяніць
Палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман мяркуе, што рэжым будзе вымушаны пайсці на абнаўленне дзяржапарату. «Ідзе змена пакаленняў, савецкія кадры паступова сыходзяць. І тут для рэжыму Лукашэнкі вымалёўваецца вялікая дылема: патрэбныя новыя кадры, але аўтаматычна адсякаецца цэлы сегмент — тыя, хто атрымаў адукацыю або працаваў за мяжой. Іх успрымаюць як агентаў, якія маглі быць завербаваныя, ці проста ідэалагічна ненадзейныя», — заўважае эксперт.
Палітолаг і былы супрацоўнік адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Анатоль Котаў звяртае ўвагу, што пасля выбараў у 2020 годзе вышэйшы эшалон улады фактычна не мяняўся. Паводле ацэнак суразмоўцы, толькі ў адміністрацыі Лукашэнкі пара мяняць да 40% функцыянераў.
«Гэта людзі, якія ўжо на пенсіі або падыходзяць да такога ўзросту, — тлумачыць Котаў. — Аднак іх папросту няма кім замяніць. Па-першае, на змену павінны прыйсці максімальна лаяльныя людзі, гэта для рэжыму сёння на першым месцы. Па-другое, патрэбныя хаця б базавыя кампетэнцыі, а з гэтым вялікія праблемы, паколькі вышэйшая адукацыя ў Беларусі з кожным годам дэградуе, у тым ліку ў галіне дзяржкіравання».
Метад кіравання — пуга
Паводле слоў былога чыноўніка, у абноўленай канцэпцыі справядліва пазначаны праблемы з кадрамі ў дзяржаўных структурах, аднак не аналізуецца, чаму гэта адбылося, і галоўнае — пры дзеючым рэжыме няма выйсця, лічыць Котаў. «Змагаючыся за лаяльнасць, рэжым выключае магчымасць прыцягнення высокакласных спецыялістаў, якія гатовыя прапаноўваць змены, а не проста выконваць загады», — дадае ён.
Пакуль Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе, рэпрэсіі будуць працягвацца, кажа Аляксандр Фрыдман: «Для яго самы эфектыўны метад кіравання — пуга. Сёння пераследуюць ужо не толькі тых, хто выйшаў на пратэсты, але нават тых, хто думае інакш — напрыклад, паставіў подпіс за кандыдатаў Бабарыку або Цапкалу. Думка, што 2020 год можа паўтарыцца, не пакідае Лукашэнку, таму ён не можа супакоіцца і хаця б прыпыніць махавік рэпрэсій, я ўжо не кажу пра лібералізацыю».
Той, хто прыйдзе да ўлады пасля Лукашэнкі, нават калі гэта будзе прадстаўнік наменклатуры, пойдзе на саступкі, лічыць эксперт.
Айцішнік-пачатковец зарабляе больш, чым спецыяліст у міністэрстве
Што тычыцца канкурэнцыі з прыватнымі кампаніямі, то, паводле слоў Анатоля Котава, ні адна дзяржаўная структура не гатовая канкураваць з імі па заробках.
«Вядучы спецыяліст у міністэрстве зарабляе менш, чым айцішнік-пачатковец, — тлумачыць былы чыноўнік. — Раней заваблівалі магчымасцю атрымаць кватэру на льготных умовах, але цяпер моладзь разумее, што на жыллё можна і зарабіць. Што тычыцца кар'ернага росту, гэта даволі спрэчная перспектыва: можна гадоў 15 быць простым клеркам і максімум дарасці да начальніка аддзела».
Апытаныя эксперты скептычна глядзяць на заявы аб вяртанні кадраў з-за мяжы. Фрыдман звяртае ўвагу, што рыторыка ўлады памянялася: «У 2021 і 2022 годзе іх прыніжальна называлі "збеглымі", сцвярджаючы, што краіна нічога не страціла пасля іх ад'езду. У 2023 годзе наратыў змяніўся. Усё часцей мы чуем, што трэба вяртаць людзей. Улады разумеюць, што з'ехалі таленавітыя спецыялісты, сярод якіх шмат моладзі».
Пры гэтым практычна кожны тыдзень з'яўляюцца навіны пра затрыманні па вяртанні ў Беларусь. «Прычым затрымліваюць не вядомых актывістаў, а шараговых беларусаў, — звяртае ўвагу палітычны аналітык. — Таму любы, хто думае рацыянальна і чытае навіны, не купіцца на прапанову ўладаў».
Котаў лічыць, што вярнуць спецыялістаў, якія з'ехалі за мяжу, практычна нерэальна. Паводле яго слоў, такая хваля была пасля выбараў-2015, падчас так званай лібералізацыі, калі паспяховыя беларусы вярнуліся ў Беларусь, аднак пасля падзей 2020-га былі вымушаныя ў спешцы пакідаць краіну, каб выратаваць і сябе, і бізнес.