«Галодныя гульні» беларускіх чыноўнікаў: «аптымізацыя» дабралася і да бюджэтнікаў
Па тым, што дадумаліся скарачаць нават бюджэтнікаў, відаць, як у «сацыяльна арыентаванай» дзяржаве ўсё настолькі кепска, што грошай не хапае на самых залежных ад дзяржавы работнікаў.
У Беларусі ў эксперыментальным парадку вырашана правесці скарачэнне работнікаў некаторых бюджэтных арганізацый. Згодна з пастановай урада, «аптымізацыя» закране 26 устаноў у розных рэгіёнах краіны. У спісе аказаліся бібліятэкі, паліклінікі, бальніцы, дзіцячыя сады і школы. Пілотны праект прапануецца правесці да 15 лістапада 2024 года, паведамляе «Deutsche Welle».
Каго будуць скарачаць?
Як вынікае з дакумента, «аптымізацыя» персаналу закране бюджэтныя ўстановы, якія адносяцца да Міністэрстваў аховы здароўя, культуры, адукацыі, юстыцыі, спорту і турызму, а таксама працы і сацыяльнай абароны.
Аднак скарачаць работнікаў будуць не ў саміх міністэрствах, а ў структурах, якія ім падпарадкоўваюцца. Сэнс праекта — скарачэнне штатаў і павышэнне заробкаў бюджэтнікам, якіх пакінуць працаваць, але з дадатковай нагрузкай.
Акрамя таго, кіраўнікі «паддоследных» арганізацый атрымаюць дадатковыя паўнамоцтвы для эфектыўнага расходавання выдзеленых сродкаў. Яны змогуць «самастойна вызначаць аптымальную нагрузку работнікаў арганізацыі з ліку рабочых і служачых на працягу ўстаноўленай ім працягласці працоўнага дня».
Атрымліваецца, што начальнік можа сам змяняць штатны расклад: гэта значыць фактычна звальняць супрацоўнікаў, калі палічыць патрэбным. Галоўнае, як падкрэсліваецца ў пастанове Саўміна, гэтыя змены не павінны ўплываць на тэрміны або якасць працы.
Але хто будзе выконваць працу людзей, якія трапілі пад скарачэнне? Для гэтага дакументам уводзіцца тэрмін «аптымізаваныя штатныя адзінкі». Так назвалі супрацоўнікаў, на якіх кіраўнік ускладзе дадатковую нагрузку.
Паводле задумы чыноўнікаў, «аптымізаваныя» атрымаюць даплату. Яна будзе паступаць у тым ліку за кошт эканоміі сродкаў пасля перагляду штатнага раскладу. У дакуменце адзначаецца, што ўзяць на сябе дадатковую нагрузку супрацоўнікі могуць толькі добраахвотна.
Лепш мізэрны заробак, чым дапамога па беспрацоўі
У Брэсцкай вобласці ў якасці ўдзельніка эксперымента абрана адна бюджэтная арганізацыя — Дзяржаўнае абласное вучылішча алімпійскага рэзерву. На ўмовах ананімнасці адзін з былых работнікаў установы прызнаў, што раней штатны расклад там быў залішнім.
«Я не думаю, што гэта тычылася толькі нашага вучылішча: была паўсюдная практыка, калі хай за невялікія грошы, але выконвалася праца на пару гадзін у дзень, — расказвае суразмоўца «DW». — Галоўнае тады было, што чалавек афіцыйна працаўладкаваны і ў яго ідзе працоўны стаж. А яшчэ нават такі мізэрны заробак быў вышэйшы за дапамогу па беспрацоўі».
Стымулу рэгістравацца на біржы працы ў Беларусі, каб атрымліваць дапамогу па беспрацоўі, няма і цяпер. Максімальны яе памер на дадзены момант складае 74 рублі ў месяц (каля 22 еўра).
Ужо не адзін год ва ўрадзе кажуць пра неабходнасць прывязаць дапамогу па беспрацоўі ў Беларусі да бюджэту пражытачнага мінімуму, аднак ніякіх перамен няма. Затое ўлады могуць рапартаваць, што ўзровень беспрацоўя ў краіне ў сярэдзіне 2023 года склаў 3,4% — па метадалогіі «Міжнароднай арганізацыі працы». Пры гэтым афіцыйна беспрацоўнымі ў Беларусі на 1 кастрычніка 2023 года лічыліся 4,4 тысячы чалавек. Гэта ўсяго 0,1% ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы.
Нізкі ўзровень беспрацоўя ў краіне доўгі час успрымаўся як важны элемент пабудовы сацыяльнай дзяржавы. Эксперымент з «аптымізацыяй» паказвае, што магчымасцей захоўваць былыя дасягненні, мяркуючы па ўсім, ужо не так шмат.
Нагода пазбавіцца «нелаяльных» работнікаў
Супрацоўніца Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па Мінскай вобласці, які таксама трапіў у пілотны праект па скарачэнні выдаткаў у бюджэтнай сферы, расказала, што сярод яе калег мала хто верыць у добраахвотнасць размеркавання дадатковай нагрузкі. «У нас і так былі незанятыя вакансіі дворніка, а яшчэ раней прыбіральшчыцы, калі даводзілася самім выконваць іх абавязкі, — кажа жанчына. — Цяпер скарачаць штаты дазволяць самому начальніку, і адмова ад падпрацоўкі можа мець дрэнныя наступствы для работніка».
Суразмоўніца адзначае, што ў бюджэтных арганізацыях Беларусі пасля пратэстаў у 2020 годзе ўжо праводзіліся «чысткі», якія, па сутнасці, працягваюцца да гэтага часу. «Хто дасць гарантыі, што на падставе «аптымізацыі» кіраўнік не скарыстаецца паўнамоцтвамі, каб пазбавіцца нелаяльнага супрацоўніка?» — задаецца пытаннем супрацоўніца Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання.
Пры гэтым знайсці новую працу з годнай аплатай (асабліва ў правінцыі) вельмі праблематычна. «У маленькім гарадку вакансій хапае толькі для тых, хто мае высокую кваліфікацыю або гатовы працаваць за капейкі», — кажа жанчына.
Парадокс сітуацыі: у цэлым па Беларусі праблема занятасці пагаршаецца. Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, з пачатку 2023 года рынак працы недалічыўся 57,4 тысячы работнікаў. Прычым арганізацыі пазбаўляюцца супрацоўнікаў на фоне дэклараванага беларускімі ўладамі эканамічнага росту.
Як праходзіла «аптымізацыя» ў мінулыя гады?
Варта заўважыць, што да «аптымізацыі» ў бюджэтнай сферы ў Беларусі падступаліся даўно. Праўда, раней пад гэтым словам мелася на ўвазе ў асноўным закрыццё і ўзбуйненне некаторых устаноў. Напрыклад, такая мера адбілася на рэзкім скарачэнні колькасці сельскіх дамоў культуры і бібліятэк.
У медыцынскай сферы на змену закрытым стацыянарным фельчарска-акушэрскім пунктам у вёсках прыходзяць «ФАПы на колах», а нядаўна пад «аптымізацыю» трапіла нават адна з папраўчых калоній, размешчаная ў Івацэвічах. Цяпер там плануецца размясціць лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП) для асоб, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм.
У 2022 годзе на адной з нарад Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што патрэбна «аптымізацыя» і ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, якія таксама фінансуюцца галоўным чынам з бюджэту. «Я глыбока перакананы, што нам трэба наколькі магчыма займацца аптымізацыяй, — адзначаў тады Аляксандр Лукашэнка. — Трэба пакідаць тых людзей, у якіх вы абсалютна ўпэўнены. Тады і заробак будзе».
Але ёсць і яшчэ больш красамоўны прыклад. Дзесяць гадоў таму было абвешчана пра аптымізацыю сістэмы дзяржаўных органаў Беларусі. Быў выдадзены спецыяльны ўказ, які прадугледжваў скарачэнне работнікаў у дзяржструктурах у сярэднім на 25% да 1 студзеня 2014 года.
Наколькі паспяхова была праведзена аптымізацыя, сведчыць той факт, што ў 2017 годзе Лукашэнка зноў заявіў пра неабходнасць «адсячы ўсё лішняе, што плодзіць бюракратыю і перашкаджае дынамічнаму развіццю краіны». З тых часоў пра скарачэнне работнікаў у дзяржаўных органах гаварыць перасталі, затое гэта стала надзённай тэмай для бюджэтнікаў.