«Гэта ўжо не пра кіно». Што сёлета адбываецца з фестывалем «Лістапад»?

У лепшыя часы кінафорум наведвалі дзясяткі тысяч гледачоў і мноства зорных гасцей з усяго свету. Сярод іх былі Фані Ардан, Клер Дэні, Кшыштаф Занусі, Андрэй Звягінцаў, Вахтанг Кікабідзэ, Эмір Кустурыца, Арнэла Муці, Сяргей Лазніца і іншыя. Але сёлета ўсё іначай.

5955ffa56d44c_logo.jpg.webp

Пра тое, што сёння адбываецца з кінафестывалем, які запланаваны ў Мінску на 17-24 лістапада, і які цягам чвэрці стагоддзя быў сапраўднай падзеяй для кінаманаў, «Свабода» пагаварыла з кінакрытыкам і былым чальцом журы «Лістапада» Ірэнай Кацяловіч.

Гіты Канаў, прэм’еры з Вэнэцыі і Бэрліна

Кінакрытык, прадстаўніца Беларускай незалежнай кінаакадэміі Ірэна Кацяловіч неаднаразова была ў журы «Лістапада», асьвятляла яго ў СМІ. І хоць беларускі кінафорум ня быў фэстывалем прэм’ер, гэта была сапраўдная падзея году для кінаманаў, сьцьвярджае яна.

«”Лістапад” ня быў фэстывалем, які біўся, скажам так, “за права першай ночы”. Але калі гаварыць пра беларускую публіку, то “Лістапад” быў сьвятам для яе. У Менску паказвалі гіты Канскага кінафэстывалю, гучныя прэм’еры з Вэнэцыі і Бэрліна, якія траплялі ў пазаконкурсную праграму. Умоўна — гэта знакамітыя стужкі дацкага кінарэжысэра Лярса фон Трыера, мы маглі разьлічваць на новую хвалю румынскага кіно — на Раду Жудэ, іншых.

Фэст цудоўна адлюстроўваў польскае кіно. У 2013 годзе ў некалькіх намінацыях перамагла стужка «Іда» рэжысэра Паўла Паўлікоўскага. Украінскі рэжысэр беларускага паходжаньня Сяргей Лазьніца быў заўсёднікам усіх фэстаў і прывозіў свае навінкі.

Да таго ж на “Лістападзе” дэманстравалася добрае дакумэнтальнае кіно з розных краінаў», — успамінае пра лепшыя часы беларускага кінафэстывалю Ірэна Кацяловіч.

Дзьве розныя гісторыі

Цяпер фэстываль моцна зьмяніўся. На думку Ірэны, «Лістапад» да 2020-га і «Лістапад» пасьля 2020 году — гэта дзьве абсалютна розныя гісторыі.

«Да 2020 году прыватная кампанія, каманда Цэнтру візуальных мастацтваў “АртКарпарэйшн” разьвівала гэты фэстываль як брэнд, як пляцоўку, дзе сапраўды можна паглядзець найцудоўнейшыя, найгалоўнейшыя стужкі, фэстывальныя гіты, навінкі, гучныя ўсясьветныя прэм’еры. Таксама “Лістапад” атрымаў акрэдытацыю FIAPF, ён быў прызнаны міжнароднай супольнасьцю. (У 2021 годзе FIAPF — Міжнародная фэдэрацыя асацыяцый кінапрадусараў — пазбавіла “Лістапад” акрэдытацыі).

Гэта была сапраўды прэстыжная пляцоўка, якая мела і свой стыль, і сваю канцэпцыю, адрозную ад іншых, і яна заваявала давер», — перакананая кінакрытык Ірэна Кацяловіч.

У 2020 годзе «Лістапад» раптоўна адмянілі — нібыта праз эпідэмію каранавірусу. Аднак іншыя імпрэзы ў той год у Беларусі праводзіліся: і «Славянскі базар», і «Александрыя сустракае сяброў». А ў 2021 годзе Менскі міжнародны кінафэстываль «Лістапад» аддалі ў рукі кінастудыі «Беларусьфільм», якая выконвае функцыі дырэкцыі. На думку Ірэны Кацяловіч, «Беларусьфільм» перасьледуе свае інтарэсы.

«Такога не павінна быць. Гэта абсалютны канфлікт інтарэсаў. Калі я чытаю, што дырэктар „Беларусьфільма“ (папярэдні гендырэктар Уладзімер Карачэўскі) летась падпісаў два пагадненьні падчас прэс-канфэрэнцыі „Лістапада“ і дамоўленасьці тычыліся таго, што на "Беларусьфільме" будзе створаны фільм у супрацы зь нейкай расейскай студыяй, а галоўную ролю будзе выконваць актор з Узбэкістану, гэта для мяне сыгнал таго, што тут усё ня так чыста», — перакананая кінакрытык.

Глядзіце таксама

Дзьве тысячы стужак за месяц

Ірэна Кацяловіч патлумачыла, што цяпер праграма «Лістапада» фармуецца толькі з заявак. Прыём іх быў адкрыты 12 верасьня 2023 году, паведамлялася на афіцыйным сайце ММКФ. За месяц арганізатары атрымалі 2087 заявак.

«Як усе атрыманыя заяўкі сартуюцца, як разглядаюцца, як фармуецца праграма — вялікае пытаньне. Бо менш чым за месяц 2 тысячы стужак фізычна немагчыма прагледзець. Усё робіцца наскокам.

Папярэдняя ж дырэкцыя працавала над праграмай "Лістападу" цягам усяго году. Арганізатары наведвалі міжнародныя кінафэстывалі, шукалі "пэрліны", гіты, адсочвалі тэндэнцыі сучаснага кіно. Дамаўляліся непасрэдна на пляцоўках Канскага, Вэнэцыянскага кінафэстываляў, "Бэрлінале", іншых кінафорумаў клясы А. Цягам году ішла напружаная праца, каб сфармаваць вартую ўвагі праграму», — расказвае пра сакрэты ранейшай фэстывальнай кухні Ірэна Кацяловіч.

Таму, на яе думку, узьнікае недавер да некалі аўтарытэтнай пляцоўкі. Найбольшая колькасьць заявак сёлета пададзена з Ірану, Індыі, Расеі, Бразыліі і Кітаю.

«Калі ты глядзіш на пераможцаў апошніх гадоў, на выбраныя ў праграму фільмы, разумееш, што гісторыя гэтая ўжо не пра кіно, а пра ідэалёгію. Таму што пераважна і ўдзельнікамі гэтых конкурсаў, і пераможцамі становяцца фільмы з Расеі і СНД. Таксама гэта Іран, Кітай, Вэнэсуэла; калі Эўропа — то Вугоршчына, вельмі рэдка можна трапіць стужка з Бэльгіі ці Францыі. Але арыентыр сёлетняга фэстывалю зразумелы», — кажа Ірэна Кацяловіч.

«Цяпер нацыянальнага конкурсу няма»

Сёлета заяўкі на «Лістапад» прымаліся ў пяці намінацыях: «Кіно маладых», конкурс анімацыйных фільмаў, конкурсы ігравога і неігравога кіно і «Лістападзік» — конкурс фільмаў для дзяцей. Кінафэстываль пройдзе пад лёзунгам «Ствараем будучыню».

Да 2020 году на фэстывалі «Лістапад» абавязкова быў і нацыянальны беларускі конкурс, на які падавалася шмат цікавых прац, былі аншлягі, якія дазвалялі і аўтарам, і кінэматаграфістам зь іншых краінаў камунікаваць паміж сабой, успамінае Ірэна Кацяловіч.

«Гэта была законная беларуская пляцоўка, беларускае прадстаўніцтва. Цяпер нацыянальнага конкурсу няма. Мы ведаем, што летась беларускія фільмы, якія меркавалася паказаць на фэстывалі, не былі паказаныя хіба зь нейкіх цэнзурных прычынаў. (На “Лістападзе” 2022 году не паказалі сацыяльнае кіно для падлеткаў беларускага рэжысэра Андрэя Кудзіненкі “Дзесяць жыцьцяў Мядзьведзя” і стужку рэжысэра Дзьмітрыя Дзядка “Гэта я, Менск”).

Сёлета абяцаюць паказаць на фэстывалі “Лістапад” новы праект “Беларусьфільма”, і гэта зноў жа паказвае на канфлікт інтарэсаў. Ну і паглядзім, ці пакажуць гэты фільм», — разважае Ірэна Кацяловіч.

Глядзіце таксама

«Ідэалягічная гісторыя з сумнеўным выбарам»

Да 2020 года арганізатары «АртКарпарэйшн» намагаліся стварыць індустрыяльную пляцоўку, на якой сустракаліся прафэсіяналы, прадстаўлялі свае праекты, знаходзілі партнэраў, вучыліся лепш арыентавацца ў міжнароднай кінапрасторы, кінарынку. Цяпер гэта індустрыяльная плятформа, на думку Ірэны Кацяловіч, трансфармавалася ў некалькі шэрых суправаджальных імпрэзаў.

«Прыкладам такіх імпрэзаў можа стаць акцыя ў падтрымку дзяцей з Данбасу. А мы ведаем, што Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы лічыць Лукашэнку датычным да генацыду ўкраінцаў. То бок вельмі апасродкавана, але ідэалягічны складнік фэстывалю датычны да бруднай гісторыі з вывазам украінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі.

Таму сёньня “Лістапад” стаў пляцоўкай, якая адлюстроўвае замежнапалітычны вэктар краіны. Гэта цалкам ідэалягічная гісторыя зь вельмі сумнеўным выбарам», — перакананая кінакрытык Ірэна Кацяловіч.

Захаваны правапіс арыгіналу