Топ-10 фільмаў з музыкай Эніа Марыконэ

95 гадоў таму нарадзіўся італьянскі хлопчык, які, па адчуваннях, напісаў выбітныя саўндтрэкі да кожнага трэцяга добрага фільма. Нягледзячы на вашыя музычныя жанравыя перавагі, ён трапіць у сэрца кожнага гледача кіно. Мы падрыхтавалі спіс з найлепшых стужак, у якіх напісаная музыка вялікім кампазітарам. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Нумар 10. Ненавісная васьмёрка (The Hateful Eight). 2015

the_hateful_eight_3.webp

Гэты зімовы вэстэрн рэжысэра — альбо вы адразу пачнеце шукаць, дзе легальна паглядзець фільм, альбо прагартаеце на наступны радок нашага рэйтынгу. Усё тое, што мы любім (альбо наадварот) у працах Таранціна — прысутнічае ў гісторыі пра дзікі, але халодны захад.

Восем чалавек апынуліся ў сьнежнай пастцы ў адным пакоі праз віхуру звонку. Выйсьці нельга, але і знаходзіцца разам — мы гэта адчуваем адразу — вельмі небясьпечна. Адно няправільнае слова ці позірк могуць справакаваць рэзкія наступствы. Хтосьці з прысутных відавочна не той, за каго сябе выдае. Шыкоўныя дыялёгі і па-майстэрску падабраны саўндтрэк будуць грэць ваш вечар, пакуль на экране і магчыма за вакном халодна.

За гэты фільм маэстра нарэшце атрымаў свой Оскар як лепшы кампазытар.

Нумар 9. Бітва за Алжыр (La battaglia di Algeri). 1966

la_battaglia_di_algeri_1.jpg

Фільм стаў сьведчаньнем духу супраціву і складанасьці каляніяльнай барацьбы. Рэжысэр Пантэкорва распавядае пра паўстаньне ў Алжыры супраць Францыі ў 1950-х гадах. Стужка ў пэўным сэнсе зьяўляецца дакумэнтам часу, няхай толькі і з аднаго боку – афрыканскага.

Фільм зьняты ў дакумэнтальным стылі з пераважна непрафэсійным акторскім складам. Складана выявіць розьніцу паміж выдумкай і рэальнасьцю. Вуліцы Алжыра ажываюць ад гукаў стрэлаў, плачу параненых і шэпту рэвалюцыянэраў. На момант здымкаў вядома яшчэ захаваліся як нямыя так і жывыя сьведкі змаганьня з мэтраполіяй. Яны трапілі ў карціну.

Разам з тым, хаця мы і бачым некаторую прыхільнасьць да паўстанцаў з боку стваральніка, рэжысэр якасна і па-майстэрску паказвае французаў, іх патрыятызм, зьмяшаны з роспаччу. З усіх фільмаў нашай падборкі, верагодна, складана зрабіць выбар на карысьць гэтай гісторыі, але калі наважыцеся – не пашкадуеце.

Нумар 8. Малена (Malèna). 2000

malena.jpg

Дзеяньне фільма з незабыўнай Монікай Белучы ў галоўнай ролі адбываецца на фоне маляўнічага сіцылійскага гарадка падчас Другой сусьветнай вайны. Музыка Эніа Марыконэ пяшчотна ўвасабляе сутнасьць галоўнай гераіні, чыя прыгажосьць не дае спакойнага жыцьця хлопчыку, які знаходзіцца на парозе мужнасьці. Пакуль Малена трывае пільныя погляды мужчынаў і пагарду жанчынаў горада, мэлёдыі Марыконэ таксама нарастаюць і заціхаюць, нібы яны жывуць марскім жыцьцём з адлівамі і прылівамі.

Джузэпэ Тарнаторэ, рэжысэр стужкі, з любоўю паказвае сваю родную Сіцылію і яе дзівосных жыхароў.

Нумар 7. Новы кінатэатар «Парадыза» (Nuovo Cinema Paradiso). 1988

nuovo_cinema_paradiso_1.avif

Джузэпэ Тарнаторэ стварыў кранальную гісторыю, у якой маленькі хлопчык у маленькім сіцылійскім гарадку Багерыя так любіць кіно, што напрошваецца ў дапамогу сталаму чалавеку, які круціць запаветныя стужкі ў кінатэатры. Прыгожая гісторыя аб шчырым сяброўстве, якое нараджаецца ў хлопчыка і мужчыны.

Пасьля вайны ў Багерыі не засталося ніякай іншай радасьці, акрамя як схадзіць у кінатэатар. Апроч прагляду, жыхары пасьпяваюць пражываць там і ўсё жыцьцё — дамаўляцца аб працы, ладзіць спатканьні, забойствы і ўсё астатняе.

Кадры стужкі прасякнутыя шчырымі пачуцьцямі рэжысэра да роднага горада. Тарнаторэ нарадзіўся ў Багерыі, і сам фільм можа быць апісаны як у значнай ступені аўтабіяграфічны.

Нумар 6. Простая фармальнасьць (Una pura formalità). 1993

una_pura_formalita.png

І яшчэ адна стужка Джузэпэ Тарнаторэ — гэта кінематаграфічная галаваломка, якая становіцца яшчэ больш захапляльнай дзякуючы захапляльнай музыцы Эніа Марыконэ. Адзін з рэдкіх выпадкаў, калі Раман Паланскі здымаецца не ў сваім фільме.

Гісторыя разгортваецца ў ізаляваным паліцэйскім пастарунку, дзе герой Жэрара Дэпардзье, знакаміты пісьменьнік, апынаецца ўцягнутым у дзіўны допыт, які вядзе інспэктар у выкананьні Рамана Паланскі. Пакой для допытаў становіцца месцам для бітвы розуму і волі. Ахвяра (альбо злачынца) вымушаны прадзірацца праз лябірынты створаных дыялёгаў, каб пераканаць паліцэйскага ў невінаватасьці, а быць можа, паспрабаваць пераканаць сябе самога, каб мець магчымасьць трымаць наступны інтэлектуальны ўдар.

Захапляльная гульня актораў і сцэнарыстаў.

Нумар 5. На некалькі даляраў даражэй (For a Few Dollars More). 1965

for_a_few_dollars_more_2.jpg

Другі фільм зь вялікай трылёгіі Сэрджыа Леонэ, якую ён зьняў у Італіі пра амэрыканскі Дзікі Захад. Акурат у гэтых фільмах зазьзяла плянэтарным масштабам зорка Клінта Іствуда.

Чалавек-без-імя, які вырашае ўласныя справы, які валодае рэвальверам лепш за ўсіх, які ходзіць у понча і глядзіць ня горш, чым страляе — гэта ўсё Іствуд.

Гэтыя фільмы Леонэ адносць да жанру «спагецьці-вэстэрн», які меў сотні абразцоў у кінагісторыі. Безумоўна, лепш за дадзеныя фільмы не зрабіў ніхто.

Бясконцыя перастрэлкі, сярод якіх Клінт Іствуд, які моўчкі жуе і выплёўвае дзясяткі цыгараў. Кожная сцэна кажа больш, чым дыялёг, які адбываецца ў ёй. Сапраўднае выяўленчае мастацтва.

Нумар 4. Аднойчы на Дзікім Захадзе (Once Upon a Time in the West). 1968

once_upon_a_time_in_the_west_1.jpg

Стандартныя паўтарагадзінныя фільмы — гэта ня ў гусьце Сэрджыа Леонэ, аднаклясьніка Эніа Марыконэ. Ён стварае маштабныя, эпічныя творы мастацтва, падрыхтуйцеся глядзець карціну цэлы вечар – амаль тры гадзіны хараства.

Генры Фонда разам з Чарльзам Бронсанам і прыгажуняй Клаўдыяй Кардынале будуць трымаць вас у напружаньні ўвесь час. Пра тое, якім чынам рэжысэру ўдалося запрасіць суперзорку Генры Фонда ў свой фільм – ведаюць амаль усе аматары жанру вэстэрн, дазволім сабе нагадаць легендарную фразу, якую пачуў актор. «Уяві сабе: камера павольна плыве па постаці бандыта, зьнізу ўверх, да яго пісталета, які ён выхоплівае і страляе ў дзіця. Затым камера ўздымаецца да твару бандыта… і гэта Генры Фонда».

Справа тут, вядома, у тым, што Фонда ўспрымаўся як станоўчы супергерой Амэрыкі, які грае ролі тых, хто спраўляецца з дрэннымі хлопцамі. Відавочна, што і самому актору гэта прыелася.

А ў цэнтры сюжэту — гераіня Клаўдыі Кардынале, забойства якой замаўляе багаты чалавек, каб захапіць яе надзел зямлі для сваіх мэтаў. Аднак у яе знаходзяцца абаронцы.

Нумар 3. Недатыкальныя (The Untouchables). 1987

the_untouchables.jpg

Гэта гісторыя пра герояў і злодзеяў, пра непахісную сілу закона супраць карупцыйнай прыроды чалавека. Дзеяньне стужкі Браяна дэ Пальма адбываецца на фоне Чыкага эпохі Сухага закону. Фільм цалкам напоўнены подыхам і гвалтам свайго часу.

Акторскі склад не пакіне вас у роздуме, ці глядзець гэтае кіно. Кевін Костнэр у ролі дэтэктыва, Шон Конэры ў ролі старога паліцэйскага і вялікі Робэрта Дэ Ніра ў ролі Аль Капонэ – разам з музыкай Эніа Марыконэ – геніяльнасьць агульных намаганьняў гарантаваная.

Адна з самых легендарных перастрэлак у гісторыі кінематографу была зьнятая акурат Браянам дэ Пальма. Гангстэры, бурбон, чорная каса і паліцэйскія, якія мараць зрабіць сьвет крыху сьвятлей. Ці засталіся недатыкальныя вакол? Ці кожны мусіць азірацца і правяраць ежу на атруту?

Нумар 2. Дваццатае стагодзьдзе (Novecento). 1976

novecento_1.jpg

Вельмі амбіцыйны кінашэдэўр рэжысэра Бэрнарда Бэрталучы зьяўляецца творам, які апісвае надзвычай бурны сацыяльна-палітычны ляндшафт Італіі ХХ стагодзьдзя. З пільнай увагай да дэталяў Бэрталучы запрашае гледачоў у эпічнае падарожжа працягласьцю больш за пяць гадзінаў (майце на ўвазе перад пачаткам прагляду!).

Мы сустрэнем двух сяброў з вельмі рознага паходжаньня: землеўладальніка, якога грае Робэрт Дэ Ніра, і селяніна ў выкананьні Жэрара Дэпардзье. Дэ Ніра, у адной са сваіх самых тонкіх і моцных роляў, бліскуча адлюстроўвае ўнутраныя канфлікты героя.

Бэрнарда Берталучы паказвае гістарычныя падзеі ад Першай сусьветнай вайны да ўздыму фашызму і наступнай Другой сусьветнай вайны. У фільме яны пераплятаюцца з асабістымі гісторыямі пра каханьне, здраду і сяброўства.

Нумар 1. Аднойчы ў Амэрыцы (Once Upon a Time in America). 1983

once_upon_a_time_in_america_1.jpg

Сэрджыа Леонэ, раней больш вядомы як стваральнік легендарнай вэстэрн-трылёгіі з Клінтам Іствудам, у гэтай стужцы яшчэ раз падкрэсьлівае веліч свайго рэжысэрскага таленту. Фільм апісвае жыцьцё групы габрэйскіх гангстэраў у Нью-Ёрку, ад іх дзяцінства ў пачатку 1900-х да іх фінальных акордаў у 1960-х. Каля чатырох гадзінаў вас будзе захапляць гэтая драма.

Робэрт Дэ Ніра грае аднаго з гангстэраў з мянушкай «Локшына». Яго шлях ад вулічнага хлопчыка да стомленага старога чалавека паказаны з той неймавернай глыбінёй, якую можа даць толькі актор узроўню Дэ Ніра.

Ідэальная музыка Эніа Марыконэ дадае новыя эмоцыі ў кожны кадр.

Прыемнага прагляду!

Іншыя аўтарскія падборкі кіно шукайце тут.