Як зрабіць так, каб беларусы не ўпусцілі наступны гістарычны шанец?

Святлана Ціханоўская заклікала ўжо цяпер думаць, як Беларусі вырвацца з кіпцюроў Расійскай імперыі, і сказала, што Германія будзе пры падаўжэнні ВНЖ прызнаваць нават пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў. Якія яшчэ былі вынікі дня — 7 лістапада, высвятляў тэлеграм-канал «Сюжэтатэрапія».

img_2820_logo_1.jpg

Мігрантаў на латвійскім напрамку стала крыху менш — не сотня, як звычайна, а 56 — і латвійскія памежнікі гэта звязваюць з пахаладаннем. Але заўважваюць, што нелегалы сталі больш агрэсіўнымі.

На польскім напрамку зноў больш за сотню (120) спробаў прарвацца ў ЕС. І таксама агрэсія — група мігрантаў абстраляла польскія патрулі з рагатак, пабілі вокны ў аўтамабілі памежнікаў.

Сёння беларускія камуністы шырока і весела святкавалі гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі. Мітынгі чамусьці не разганялі.

Беларусь — апошняя краіна свету, дзе гэты дзень застаўся (пакуль) дзяржаўным святам. Ну, і яшчэ «Прыднястроўе»… У Лукашэнкі зноў добрая кампанія.

Сам Лукашэнка ўвесь доўгі ўікэнд на людзі не выходзіў.

Глядзіце таксама

У Мінску пачалі ўсталёўваць помнік Аляксандру Неўскаму. Тут усе ламаюць галаву — якое дачыненне мае гэты князь да Беларусі? Усё проста! Днямі Пуцін ухваліў Неўскага, які «ездзіў у Арду атрымліваць ярлык». Помнік — проста намёк, што гісторыя паўтараецца.

У Ціханоўскай працягваюцца працоўныя будні. У сваім Офісе яна прыняла новага амбасадара Чэхіі ў Літве Алеш Апату. А пасля злятала ў Берлін, дзе прайшла першая сустрэча Альянсу груп «За дэмакратычную Беларусь». Такія групы ствараюцца ў парламентах розных краін — ад Грузіі да ЗША (на сёння — 22 краіны).

Ціханоўская выступіла з прамоваю, дзе заклікала працягваць ціск на «дзяржаву» Лукашэнкі і падтрымліваць беларусаў за мяжою. Нагадала пра «пашпарт Новай Беларусі». І пра палітвязняў, вядома ж. Вось важная цытата:

«Сёння ў нас ёсць магутная міжнародная кааліцыя саюзнікаў. Шкада, што ў 2020 годзе ў нас не было такой шырокай міжнароднай падтрымкі. Гісторыя магла б пайсці па іншым шляху. Беларусь магла б ужо зараз быць дэмакратычнай краінай. І тады Расія не змагла б пачаць вайну супраць Украіны. Але гісторыю не перапісаць. Сёння наша агульная задача — зрабіць так, каб беларусы не ўпусцілі наступны гістарычны шанец вырвацца з кіпцюроў Расійскай імперыі».

Дарэчы, Святлана Георгіеўна сказала, што Германія будзе пры падаўжэнні ВНЖ прызнаваць нават пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў. Гэта яна абмяркоўвала на сустрэчы з нямецкай міністаркай па справах Еўропы Ганнай Люрман.

А вось намесніка старшыні Беларускай федэрацыі футбола не пусцілі ў ЕС, ягоная віза ануляваная.

Глядзіце таксама

Тым часам культурнае жыццё Беларусі амаль цалкам з’ехала з Беларусі. Фільм беларускіх рэжысёраў Ганны Бадзяка і Аляксандра Міхалковіча «Радзіма» ўвайшоў у шорт-ліст прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі, у намінацыі «Найлепшы дакументальны фільм». Шорт складаюць усяго пять стужак, так што шанцы добрыя.

У польскім горадзе Быдгашч пройдзе выстава беларускай мастачкі Марыі Алены Банэт.

У Варшаве пакажуць спектакль «Еду ў Магадан: не вер, не бойся, не прасі» паводле турэмнага дзённіка беларускага анархіста Ігара Аліневіча. Прэм’ера адбылася 1 траўня 2022 года ў чэшскім Брно.

Дзённікі Аліневіч вёў у турме КДБ яшчэ дзясятак гадоў таму, але здолеў перадаць рукапіс на волю.

У снежні 2013 года кніга «Еду ў Магадан» стала першым лаўрэатам Прэміі імя Францішка Аляхновіча — за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні.

У снежні 2021 года Ігара Аліневіча разам з паплечнікамі асудзілі на 20 гадоў пазбаўлення волі.

Будзем працаваць над тым, каб прэмія Францішка Аляхновіча стала мемарыяльнай і ўручалася за творы, напісаныя ў мінулым.